Рыбная галіна Беларусі выходзіць на новы ўзровень: на прылаўках крам з'яўляецца ўсё больш рыбы ўласнай вытворчасці. Гэта не толькі карп, таўсталобік, белы амур, сом, шчупак, карась, але і асятровыя. «Звязда» неаднойчы пісала аб цяжкім становішчы, што склалася ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Рыбакамбінат «Любань».
У 2012 годзе тут пачалося будаўніцтва цэха па выпуску рыбных кансерваў. Планавалася, што вытворчасць запусцяць у 2015-м. Але працэс прыпыніўся. Справа ў тым, што былое кіраўніцтва прадпрыемства закупіла старую лінію ў Калінінградзе, якая прызначалася для перапрацоўкі буйной акіянічнай рыбы, а ніякім чынам не «прадстаўнікоў» сямейства карпавых. Прычым розныя дэталі абсталявання не стыкаваліся паміж сабой. У выніку машына замест таго, каб адсякаць у рыбы галаву і хвост, пераразала яе папалам. Таму асобныя аперацыі даводзілася выконваць уручную. Справы паступова пачалі наладжвацца, калі рыбгас узначаліў вопытны кіраўнік Валерый Гормаш.
Карэспандэнт «Звязды» пабывала на прадпрыемстве і на свае вочы ўпэўнілася, што тут адбыліся значныя змены.
— Вясной нам удалося памяняць абсталяванне, якое не адпавядала тэхнічным патрабаванням, яго запусцілі і яно працуе ў нармальным рэжыме, у змену выпускаем 10 тыс. бляшанак рыбных кансерваў, — паказвае Валерый Іванавіч. — Пакуль дзейнічае адна лінія, у найбліжэйшы час запусцім другую. На прадпрыемстве працуюць 186 чалавек, сярэдняя зарплата 500 рублёў. З уводам у дзеянне другой чаргі з'явяцца яшчэ 16 новых рабочых месцаў. А гэта значыць удвайне павялічыцца вытворчасць працы. Цяпер абучаем персанал. У нас ёсць свой інтэрнат. Тых, хто мае патрэбу ў жыллі, можам забяспечыць пакоямі або месцамі.
Сёння на прадпрыемстве выпускаюць два віды кансерваў: таўсталобік і карп з дабаўленнем алею. Налета плануецца вырабляць восем найменняў кансерваў, а да канца года іх асартымент пашырыцца да 15 відаў: белы амур, карп, таўсталобік у жэле, уласным саку, у тамаце. Рэцэптуру распрацоўваюць спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук. Хутка з'явіцца і ўласны брэнд — «Карп па-любанску».
Прадукцыю ў асноўным набываюць спажывецкія таварыствы Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя фірмы, лясгас, сельгаспрадпрыемствы, арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадарскі. На камбінаце працуюць над магчымасцямі выхаду на расійскі рынак. У прыватнасці, тут пабывалі ўласнікі з Масквы, якія маюць аналагічны завод. Яны згодныя супрацоўнічаць з беларускімі калегамі. Прынамсі, купляць рыбу пад свае патрэбы і пастаўляць марскую рыбу і печань траскі любанцам. «Мы гатовы разгледзець гэтую прапанову», — кажа Валерый Гормаш.
Вядома, вырасціць рыбу — гэта толькі палова справы. Яе неабходна яшчэ прадаць па прымальных цэнах, каб выгадна было і пакупніку, і вытворцы. Акрамя Любанскага камбіната выпускаюць аналагічныя кансервы яшчэ два айчынныя прадпрыемствы. Але сабекошт любанскай прадукцыі і адпускная цана на яе ніжэйшыя, паколькі для вытворчасці выкарыстоўваюць сваю сыравіну.
Любанскі камбінат — адна з найбуйнейшых рыбных гаспадарак Беларусі: 49 сажалак, што займаюць 2 тыс. гектараў воднай паверхні. З кожным годам тут павялічваецца вылаў рыбы: летась атрымалі 1,1 тыс. тон, сёлета ўжо 1,5 тыс. У асноўным вырошчваецца карп, але ёсць і сом, белы амур, таўсталобік. У 2010 годзе тут адкрылі цэх, дзе вырабляецца філе свежай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, вэнджаная і вяленая рыба, наборы для юшкі, шашлык у пластыкавых вядзерцах, прэсервы.
У рыбгасе арганізавалі і зімнюю рыбалку на шчупака, за пяць кілаграмаў — 25 рублёў. За тое, што вылаўлена звыш нормы, — дадатковая плата. Пакупнікам прапануюць таксама юшку, якую гатуюць на тэрыторыі камбіната ў палявой кухні. Яе ахвотна набываюць жыхары Любані, госці. За выручку, што набягае за месяц, можна купіць два бензавозы паліва.
У прадпрыемства вялікія планы, у тым ліку знізіць сабекошт прадукцыі. Для гэтага робіцца шмат. У прыватнасці, акрамя камбікорму пераважна закупляюцца мясцовыя віды кармоў: брага і бульбяная мязга — адходы спіртавой і крухмальнай вытворчасці. У калгасах набываюць збожжа і яго адходы, арганіку. Сёлета своечасова правялі зарыбленне і спадзяюцца на добры «ўраджай».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота БЕЛТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.