Вы тут

СМІ павінны кансалідаваць грамадства


Міністэрства інфармацыі плануе засяродзіць асаблівую ўвагу на інтэрнэт-прасторы і сацыяльных сетках.

Учора на калегіі Міністэрства інфармацыі былі падведзеныя вынікі работы ў 2017 годзе і агучаны прыярытэты дзейнасці на 2018-ы. Адной з актуальных тэм было далейшае развіццё інтэрнэт-прасторы ў нашай краіне.


І гэта невыпадкова. Па словах міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, грамадзян непакоіць зместавае напаўненне інтэрнэт-рэсурсаў, усёдазволенасць у ацэнках і выказваннях у сеціўнай прасторы. Пра гэта сведчыць аналіз зваротаў ад людзей розных палітычных поглядаў і сацыяльнага статусу.

У той жа час міністр заўважыў, што гэта не азначае далейшую забарону на навіны з сеціва. Кантроль будзе датычыцца заканадаўчай ацэнкі змястоўнай часткі публікацый.

— Калі інстытуты — як дзяржаўныя, так і грамадскія — не парушаюць закон, калі яны дзейнічаюць для кансалідацыі грамадства ў дасягненні здаровых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных задач, то прэтэнзій да іх быць не павінна, — зазначыў Аляксандр Карлюкевіч.

Міністр таксама паведаміў, што працягваецца работа па распрацоўцы праекта закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», распачатая летась. Праект прадугледжвае глабальную карэкціроўку закона «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама кропкавыя дапаўненні і змяненні ў іншыя дакументы. Быў выкарыстаны і міжнародны вопыт у гэтай сферы.

— Мы вымушаны выпрацаваць навыкі бяспечнага ўзаемадзеяння з віртуальнай прасторай. Прэзідэнт ужо звярнуўся да творчай эліты з заклікам узяць пад кантроль працэсы, якія адбываюцца ў інтэрнэце, не перашкаджаць, — гэта немагчыма, — а прыстасавацца і навучыцца выкарыстоўваць мноства інфармацыйных крыніц, — сказаў міністр. — Будзем шукаць традыцыі, вопыт, якія павінны прыйсці з друкаваных СМІ ў сацыяльныя сеткі, новыя медыя. Кожная рэдакцыя, у тым ліку і раённай газеты, павінна стаць мультымедыйным цэнтрам, дзе будуць выкарыстоўвацца рознабаковыя тэхналогіі ў адносінах з чытачом.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў звярнуў увагу на актыўнасць журналістаў у інтэрнэт-прасторы:

— Трэба падаваць інфармацыю цікава, не прыпадабняючыся адно да аднаго. Кожны рэсурс павінен прапаноўваць наведвальніку нешта асаблівае, арыентавацца на пэўны сегмент грамадства. Мясцовая прэса мусіць не падстройвацца пад інтарэсы рэгіянальных чыноўнікаў, а паказваць асаблівасці мясцовага жыцця, пісаць пра людзей і тыя праблемы, якія іх хвалююць. Акрамя таго, трэба павялічваць аб'ём кантэнту ўласнай вытворчасці — гэта датычыцца ў першую чаргу беларускага тэлебачання. Такім чынам будзе ўмацоўвацца суверэнітэт краіны, ісці папулярызацыя нацыянальных каштоўнасцяў.

«Мінінфарму неабходна ўсебакова прааналізаваць пытанні выдавецкай дзейнасці», — паставіў задачу намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко. У сістэме міністэрства шэсць выдавецтваў, у многіх ведамстваў ёсць свае рэдакцыйна-выдавецкія цэнтры — іх ужо больш за 130. «Таму трэба дэталёва вывучыць, як загружаныя выдавецтвы, якія кнігі выдаюцца, наколькі яны запатрабаваныя, іх сабекошт, рэнтабельнасць», — даручыў Васіль Жарко.

Віцэ-прэм'ер прапанаваў адкрыць новыя магазіны і кіёскі з друкаванай прадукцыяй, праводзіць папулярызацыю чытання сярод дзяцей. Таксама ён параіў СМІ больш увагі ўдзяляць прапагандзе здаровага ладу жыцця, сямейных каштоўнасцяў, ствараць адукацыйны кантэнт для моладзі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».