Вы тут

«Мала твор намаляваць, — трэба і людзям паказаць...»


Можа, анекдот, а мо і насамрэч было: сужэнцы ўдваіх вярталіся з гулянкі. «Ты праўду казала, — нарэшце згадзіўся муж, — добра, як на Новы год ды мала п'еш. Можна ўсіх праведаць, павіншаваць, на цвярозую галаву добрае кіно паглядзець... Давай і стары Новы год так адзначым?» Жонка ў адказ: «Ды пабойся бога... Глянь у мабільнік на чысло... Там люты ўжо».


І сапраўды, як ні дзіўна, люты. Але ж папярэдні конкурсны здымак (кіньце вочкам на верхні) друкаваўся ў снежні («Звязда» за 12.12.2017), свет чакаў навагоддзя, рыхтаваўся да свят... Не дзіва, што якраз гэтая падрыхтоўка і ўбачылася на здымку:

Падарункі шле Пахом:

Тут зіма — суседу ў дом.

Жонцы

(дужа будзе рада!) —

Шапка з норкі

на Каляды,

Дзецям — лыжы, палкі,

 санкі,

Цешчы —

сушкі-абаранкі...

Хто з Пахомам

як трымаўся,

Так Пахом

і «адкупляўся».

Што цалкам лагічна, як лічыць спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, хоць і згадвае горкае мужчынскае прызнанне: «Некалі ў дзіцячым садку намалюеш каляку-маляку, падорыш маме на 8 Сакавіка — яна і рада! З жонкай гэты нумар чамусьці не праходзіць».

З таго ж канверта і сумнаватае прызнанне: «Пышна цяпер святкуюцца і Каляды, і Новы год. Людзі робяць падарункі, вешаюць на ялінкі прыгожыя цацкі, купляюць нечуваныя прысмакі. А некалі ж, калі я хадзіла ў школу, — успамінае шаноўная аўтарка, — усё было па-іншаму. Напрыклад, пакуначкі для падарункаў мы рабілі самі: са школьных сшыткаў вырывалі двайныя лісты, тры бакі іх — склейвалі, унізе ды пасярэдзіне малявалі ёлку, цацкі, птушак — хто што ўмеў... Потым Дзед Мароз на школьным ранішніку гэтыя «торбачкі» раздаваў — ужо са жменяй прысмакаў.

Самі дзеці ўпрыгожвалі і ялінкі. Малодшыя з паперы выразалі сняжынкі, іголкай нанізвалі іх на нітку. Паслядоўнасць была такая: сняжынка, кавалачак саломкі, зноў сняжынка... Такім чынам атрымліваліся доўгія гірлянды, якія старшакласнікі вешалі на ёлку.

І ўсе касцюмы, — прыгадвае спадарыня Валянціна, — таксама былі самаробныя: бацькі ды настаўнікі дапамагалі хіба ў нечым складаным...

Усе чакалі свята.

Цяпер трохі не тыя ўжо адчуванні. І не тое чаканне. Але ж ёлку я па-ранейшаму стаўлю і Новы год сустракаю: заўжды — з надзеяй на лепшае».

Ці вам казаць, што часам гэтыя надзеі праўдзяцца, часам — не. Адкуль (і ўсё з таго ж канверта) чарговы варыянт подпісу да здымка:

Пятрусь

для каханай дзяўчыны

Гадамі карпеў

над карцінай.

Дамоў ёй прынёс і...

Кіно:

Дзяўчына за іншым

даўно.

А таму — як трэба разумець — адправіла кавалера (прычым разам з карцінай) туды, адкуль прыйшоў.

І правільна зрабіла. Бо замужам.

Магла быць яшчэ адна ўважлівая прычына, якую ўбачыў на здымку спадар Савосцік з Бабруйска:

Закаханы ў дзяўчыну,

Маляваў мастак карціну.

Толькі дзеўка

не прымае,

Бо сцяны такой не мае.

Адкуль — намёк мастаку: для каханай спачатку патрэбен дом.

Проста гэта сказаць, а вось пабудаваць... За якія, спытаеце, грошы...

Лёгкі хлеб ці мо цяжкі —

Мастакі ёсць мастакі:

Часта іхнія фінансы

Напяваюць ім рамансы —

На любыя галасы...

Так было ва ўсе часы.

...Выйсце? Ёсць!

Аўкцыён:

— Каму зімка?

За мільён?

Пытаецца пра гэта спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.

Другая прычына, па якой спадары-гаспадары не будуюць дамы (нават для вельмі каханых!), — звычайнае гультайства. Паводле аднаго стараватага анекдота, жонка чарговы раз пытае ў мужа: «Ну калі ты ўжо дзверы ў прыбіральні паставіш?» Ён у адказ: «А што там красці?»

Там і сапраўды... А вось у майстэрні... Злодзей, які захрас у фортцы на першым паверсе, у міліцыі не змог растлумачыць, дзе яго збілі — на вуліцы ці ў кватэры. А колькі яшчэ «не збітых», не злоўленых?! Не вам казаць:

Калі раптам пільнасць

мастака пакіне,

То прыладзяць ногі

не адной карціне!

Дарэчы, яны, тыя ногі (можна яшчэ раз глянуць на здымак) здзівілі не толькі спадарыню Іну. Карціна, якая ходзіць, уразіла і спадара Віктара Сабалеўскага з Узды, які паглядзеў на яе вачыма даішніка:

Паставы — разявіў рот,

Вонкі лезуць вочы:

Сярод дня, на пераход...

Дрэвы цугам крочаць.

Нават піва ён не піў

І не знаў знямогі,

Але ж бачыць —

не прысніў:

Гурбы маюць ногі!

Хто іх «прырабіў»? Не вам казаць, ёсць такія спецыялісты, нават «мастакі». Пра іх якраз і піша спадар Мікалай Старых з Гомеля: «У рэпертуары гурта «Крамбамбуля» была жартоўная песня «Госці» і там такія радкі (прыводжу на слых):

А з музею госці ўпотай

Знеслі пару кулямётаў.

Кажуць:

«Гэта нам карысна

У змаганні

з глабалізмам».

Конкурсны здымак, — працягвае спадар Мікалай, — натхніў мяне на працяг гэтай песні:

Ну а што было далей?

Госці зноў пайшлі

ў музей,

Пабылі там тры хвіліны,

Спрытна выкралі

карціну.

Калі ўдасца з ёй

схавацца,

Будуць з кліматам

змагацца.

Перамогуць ці не — справа дзясятая, але ж паспрабуюць, таму што трэба нешта рабіць, бо (паводле спадара Віктара Сабалеўскага):

«На лыжню б...» —

наш Янка марыць,

А зямля — без снегу,

І мароз не ўладарыць —

Можна ў тэпцях бегаць...

Пра зіму такім пейзажам

Небу нагадаем:

Можа снегу трохі ляжа?

Толькі б не ў маі!

Пра яго ж, той памятны, леташні, і радкі спадара Міколы Кісяля з Мінска:

Тут не дзіва і не цуд:

Валакуць зіму на суд,

Бо за дурняў нас трымае:

То не йдзе, а то — у маі.

На жаль, не ў памяці, што канкрэтна абяцалі тады сіноптыкі?..

А зрэшты, якая розніца, бо яны ж ніколі не памыляюцца: яны проста блытаюць дату і месца. Адкуль, як прызнае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:

Зноў сіноптыкі

ў праколе,

Таму й твары пахавалі:

Ні сняжыначкі на полі

(Яны гурбы абяцалі)...

Ну й цярплівы мой

народ,

Бо вось так —

не першы год.

Фота Анатоля Клешчука.

Зменам у клімаце, у порах года прысвяцілі свае прыгожыя радкі (варыянты подпісаў да здымка) і іншыя аўтары. Спадарыня Валянціна Гудачкова:

Зіма забавілася дзесьці:

Прыйсці да нас —

не блізкі свет.

Але ж адправіла

прынесці

Тым, хто чакае,

свой партрэт.

Спадарыня Наталля Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна:

Не парушаючы

правілы руху

Ціха, па зебры,

крочыць зіма.

Хай забірае з сабой

завіруху,

Снег ды мароз...

Хай прыходзіць вясна!

І сапраўды, хай, бо мае рацыю спадарыня Ніна Галкоўская з Гродна:

Час маланкай

пралятае —

Не паспееш і міргнуць:

Толькі зімачку віталі,

А глядзі —

хаваць нясуць.

Яе, зімку?

У спадарыні Гудачковай наконт гэтага ёсць сумненні:

У раме — позняя зіма?

Ці то ранняя вясна?

Для мяне важней

не гэта:

Больш за ўсё чакаю лета!

І ці варта пісаць чаму? Хіба што прывесці радкі спадарыні Алісевіч:

Бізнес рэзка сеў на мель:

Не чакай нас,

Куршавель!

Суцяшальны прыз

для жонкі —

Віды зімняе старонкі.

Хай любуецца — яна. Што да нас, то, паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Мы

ў край наш улюбёны,

На ўвесь свет

такі — адзіны,

Што любы куток ягоны

Так і просіцца ў карціны!

Вось мастакі і шчыруюць, прычым не толькі ў майстэрнях. Як лічыць спадарыня Вараб'ёва з Асіповічаў:

Мала твор намаляваць, —

Трэба ж людзям

паказаць,

Аплаціць арэнду залы,

Ці паставіць —

ля вакзала...

Куды, паводле спадара Івана Сіманёнка з Пастаў, гэты шэдэўр і «крочыць»:

Мегаполісны пейзаж

Хлопцы ажывілі,

Саматужны вернісаж

Да Каляд адкрылі.

Малявалі тры гады,

Неслі — пешым ходам

Даказалі: сапраўды

Мастакі — з народам!

І былі, і ёсць, бо, на думку спадара Сабалеўскага:

Чуюць хлопцы:

«Супер!», «Брава!»...

І няхай іх дождж лупцуе

Перасоўная выстава

Пяты дзень ужо працуе!

А магла ж (як лічыць спадарыня Чыгрынава з Мінска) і... не адкрыцца, бо:

Не ўлазілі карціны

Ні ў трамваі,

ні ў машыны...

Тут як тут Валодзя

і Вася,

Што заўсёды на падхваце:

Іх тандэм не дужа танны,

Ды не знойдзеце ж

заганы:

Не паломяць, не паб'юць,

Калі толькі... не зап'юць!

Ці — паводле спадара Сабалеўскага — не пойдуць у чарговы загул:

Па любошчах сакавіцкіх

Мужыкі засумавалі:

Сталі мроіцца ды сніцца

Маладзічкі,

дзеўкі-кралі...

Не спалохаць іх

лупцоўкай,

Калатнеча — не чакае:

Ёсць ад жонак

маскіроўка

Крэатыўная такая!

Ну сапраўды: добра ж схаваліся... Могуць, як той казаў, і з лаўкі зваліцца і нічога не пабіць... Каб, паводле спадарыні Любові Чыгрынавай, забяспечыць дабрабыт сям'і:

— Кватэрка малая,

Такая ж зарплата, —

Жонка пілуе:

Жывём небагата.

А муж яе — аспід:

— Карціну куплю,

Як стане шэдэўрам,

Тады й зараблю.

Што трэба, каб стала? Ну, вядома ж, каб намаляваў і прадаў яе па-сапраўднаму таленавіты мастак, каб ён (свят-свят-свят!) памёр, каб пасля гэтага прайшлі гады, а то і дзесяцігоддзі...

Але ж не ў традыцыях рубрыкі завяршаць чарговы агляд на сумнай ноце — тым больш — калі ў пошце конкурсу ёсць іншыя: спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны піша:

«Хто каго?» —

для нас не гулі

З рыфмаваннем

пэўных слоў, —

Для дзяцей і для бабулек

Гэта трэнінг для мазгоў,

Асалода ад чытання,

Часам смех —

ажно да слёз!

І здзіўленне, і яднанне,

І...

навек бывай, склероз!

Вы таксама хацелі б з ім развітацца (альбо не сустракацца)? Тады ўважліва глядзіце на ніжні здымак, прыдумвайце подпіс — дасціпны, кароткі (не больш за восем радкоў) — і дасылайце ў рэдакцыю. А ўжо тут цалкам магчымы... абмен: вы нам — найлепшы подпіс, мы вам — прыз у выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду».

Вось тут і цяпер варта нагадаць, што сярод яго пераможцаў (конкурсу хутка 18!) былі многія з сённяшніх аўтараў: у прыватнасці, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Любоў Чыгрынава і сужэнцы Астроўскія з Мінска, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Віктар Сабалеўскі з Узды...

Цікавыя радкі, на думку і вялікага чытацкага, і малога рэдакцыйнага журы, прапанавалі яны і да мінулага здымка, дзе, нагадаем, былі «хлопцы ў лодцы», якія замест вёслаў «грэблі» рыдлёўкамі (гл. нумар «Звязды» за 12.12.2017). Ся́брам (каб не казаць членам) абодвух журы было ў выніку над чым падумаць! А ўрэшце прызнаць найлепшымі радкі:

Не шкадуе Бог багатых,

Ім таксама шле бяду:

Грэблі грошыкі лапатай,

А цяпер грабуць ваду.

Так што віншуем пераможцу — спадарыню Веру Жук з Гродна! Ёй жа і ўсім аўтарам — шчыра дзякуем... І жадаем: «Хай мацнее год ад года звяз газеты і народа!» — людзей, якія не толькі выпісваюць «Звязду», але і пішуць — у тым ліку вершаваныя радкі да здымкаў. Чарговы — як заўжды дадаецца, на роздум.

Валянціна Доўнар

Ад яе ж заўсёдныя і шчырыя прабачэнні тым, чые радкі на гэты раз не прайшлі досыць строгага адбору, а ўжо ў наступны...

Як той казаў, хто не гуляе, той не выйграе. Ці не так?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».