Вы тут

Аўстралійская фабрыкантка


«Так вось вайна «паклапацілася» пра нашы лёсы...» — уздыхае Іван Амяльянавіч Шах, жыхар вёскі Вялікія Смальянцы, што за кіламетр ад райцэнтра Чашнікі, перакладваючы стосік сямейных фотаздымкаў. Вельмі прыгожая жанчына са сваімі роднымі на фоне экзатычнай прыроды. Прыгажуня, як высветлілася, стрыечная сястра майго земляка Ганна, у дзявотцтве таксама Шах.


Ган­на ў Аў­стра­ліі.

...Ганна нарадзілася ў 1925-м на хутары недалёка ад вёскі, дзе зараз жыве брат Іван. У дзяцінстве яны часта гулялі разам. Падрасталі, марылі пра будучыню, а наперадзе была вайна і не адна.

Бацька Ганны не вярнуўся з фінскай. Родны брат Віктар, лётчык, загінуў, абараняючы ад фашыстаў Ленінград.
У 1944-м акупанты забралі ў Нямеччыну Ганну. На чужбіне ад землякоў, якія прыбылі пазней, дзяўчына даведалася пра смерць маці...

Пасля вызвалення вязняў амерыканцамі Ганна трапіла ў Францыю. Амаль 30 год родныя з Чашніччыны не мелі ад яе вестак.

...Той дзень напачатку 70-х, калі паштальён уручыў яму ліст з Аўстраліі, Іван Шах будзе помніць да апошніх дзён. Няцяжка ўявіць, што перажылі сваякі, калі даведаліся, ад каго пасланне. Пісала Ганна. Жанчына расказвала пра свой пасляваенны лёс. Спачатку жыла ў Францыі. Там беларуска-прыгажуня пакарыла сэрца мільянера, стала яго жонкай, але не задалося...

1975-ы — сям'я Ла­ва­за­ні­ян на ра­дзі­ме Ган­ны ў Вя­лі­кіх Смаль­ян­цах.

Ганна вырашыла шукаць долі за акіянам і адправілася ў Аўстралію. На невядомай паўднёвай зямлі яе найлепшыя надзеі спраўдзіліся. Падарункам лёсу лічыла сустрэчу з Жанам Лавазаніянам — хлопцам-армянінам, бацькі якога былі выхадцамі з Расіі. З ім беларуску напаткала сапраўднае сямейнае шчасце. У пары нарадзілася двое дзяцей, жылі заможна. «Розум Жана, — пісала Ганна, — і наша агульная працавітасць дапамаглі стаць фабрыкантамі». Лавазаніянам належала фабрыка лайкавых пальчатак.

Яны шмат вандравалі па свеце, але туга па радзіме не пакідала Ганну. Муж, як мог, імкнуўся суцешыць. Пры магчымасці абавязкова ішлі на канцэрты артыстаў з Саюза. Ганна марыла пра паездку на радзіму.

Здзейсніць запаветнае атрымалася толькі ў 1975-м. Лавазаніяны прыехалі ў Мінск і пасяліліся ў гасцініцы «Інтурыст». Законы ў адносінах да іншаземцаў у тыя часы былі вельмі строгія. Без адпаведных дакументаў выехаць на Чашніччыну аўстралійцы не маглі. Лавазаніяны іх не мелі. Запрасілі чашніцкіх родных у сталіцу, дзе і адбылася першая сустрэча. Так і паехала б Ганна, не ўбачыўшы мясцін свайго дзяцінства, каб не выпадковае здарэнне.

2016-ы — Ка­рын Кнап (зле­ва) з бе­ла­рус­кі­мі сва­я­ка­мі на Чаш­ніч­чы­не.

Маленькі сын Лавазаніянаў — Рыкі — гуляў у футбол у двары «Інтурыста» з хлапчукамі, якія пражывалі ў гасцініцы. У нейкі момант мячык ад удару юнага футбаліста ўзляцеў высока ўверх і, пакінуўшы межы спартыўнай пляцоўкі, даляцеў да акна пакоя, дзе размясціліся аўстралійцы. Звон разбітай шыбы нарабіў шмат шуму.

Шкліць акно ў прысутнасці замежных гасцей супрацоўнікам гасцініцы забаранілі. Але выйсце было знойдзена: Лавазаніянам прапанавалі паехаць на Чашніччыну. З гэтай нагоды сям'і выдзелілі «Волгу» чорнага колеру і суправаджэнне ў асобе афіцэра КДБ. Так больш чым праз 30 гадоў Ганна змагла пабываць на малой радзіме. Усяго некалькі дзён правяла яна ў беларускай вёсцы. Чым яны сталі для жанчыны — можна здагадацца.

Мінула ўжо дзясяцігоддзе, як не стала Ганны. Але сувязі з Беларуссю яе сям'я не страціла. Вельмі дапамагае інтэрнэт. Не так даўно ў Вялікіх Смальянцах сустракалі ўнучку Ганны — Карын Кнап. Дзяўчына працуе ў адной са швейцарскіх фірмаў. Службовыя справы прымусілі адправіцца на ўсход Расіі. Абмінуць Беларусь не змагла. Цёплая сустрэча вельмі ўразіла аўстралійку. Яна абяцала абавязкова прыехаць яшчэ...

Ірына ТОРБІНА,

г. Чашнікі


Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.