Вы тут

На XXІІІ зімовых Алімпійскіх гульнях узнялі Дзяржаўны сцяг Беларусі


Мерапрыемства ў алімпійскай вёсцы правёў яе мэр Сеун Мін Ру. У цырымоніі таксама прынялі ўдзел шэф беларускай місіі на Алімпійскіх гульнях намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Барауля, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў паўднёвай Карэі Андрэй Папкоў, а таксама спартсмены і трэнеры беларускай дэлегацыі.


Адзначым, што цырымонія ўзняцця дзяржаўных сцягоў — адно з найстарэйшых і найважнейшых сімвалічных мерапрыемстваў на Гульнях, яна папярэднічае афіцыйнаму адкрыццю кожнай Алімпіяды і сімвалізуе гатоўнасць алімпійцаў краіны да ўдзелу ў ёй.

«Гэтая цырымонія пазначае, што Алімпіяда ўжо зусім блізка, мы тут разам усе ў зборы, у добрым настроі, гэта ўсё ўрачыста. Бачачы, як падымаецца наш сцяг, мы адчуваем падтрымку ўсёй краіны», — падзялілася сваімі ўражаннямі Дар'я Домрачава.

«Калі сцяг падымаецца, заўсёды для мяне гэта ўрачысты момант, ёсць патрыятычныя пачуцці, «мурашкі» заўсёды па целе бягуць», — адзначыў Сяргей Далідовіч.

Нагадаем, што заўтра ў 14.00 па беларускім часе адбудзецца цырымонія адкрыцця Алімпіяды-2018 у Паўднёвай Карэі. Парад краін-удзельніц традыцыйна адкрыюць грэкі, а астатнія зборныя пройдуць па алімпійскім стадыёне ў алфавітным парадку (на карэйскай мове). Апошнімі перад гледачамі з'явяцца паўночнакарэйскія і паўднёвакарэйскія спартсмены.

Дарэчы, напярэдадні Міжнародны Алімпійскі камітэт пазбавіў права паказваць шоу адкрыцця агенцтва Reuters за тое, што яны выклалі ў інтэрнэт фота з рэпетыцыі запальвання алімпійскага агню.

Сцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў панясе Ала Цупер. Фрыстайлістка, алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014, была абраная сцяганосцам на агульным сходзе беларускіх алімпійцаў у Пхёнчхане.

«10 лютага пачнуцца спаборніцтвы па біятлоне, лыжных гонках, шорт-трэку і канькабежным спорце. Мы зыходзілі з таго, каб не парушыць графік падрыхтоўкі спартсменаў да найважнейшых стартаў чатырохгоддзя, — падкрэсліў шэф місіі Аляксандр Барауля. — Да таго ж сцяганосцам павінен быць дасведчаны, знакаміты і вядомы атлет. У Алы Цупер усё гэта ёсць. Ды і, як вядома, спартсменка збіраецца пазмагацца за медаль на Гульнях у Пхёнчхане. Таму вырашана было даверыць гэтую місію ёй. На наш погляд, з усіх бакоў годны выбар».

Адзначым, што за апошняе дзесяцігоддзе сцяг беларускай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях неслі: хакеіст Алег Антоненка (Ванкувер-2010), тэнісіст Максім Мірны (Лондан-2012), фрыстайліст Аляксей Грышын (Сочы-2014), прадстаўнік кулявой стральбы Сяргей Мартынаў (Рыа-2016).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?