Вы тут

Як рыхтуюцца да мясцовых выбараў у рэгіёнах?


Помню, у гады майго дзяцiнства выбары дэпутатаў усiх узроўняў былi сапраўдным святам. Жанчыны даставалi з шафаў новыя строi, павязвалi на галаву квяцiстыя хусткi. Калi выбарчы ўчастак знаходзiўся ў суседняй вёсцы, то збiралiся сем'ямi, наймалi вазнiцу i ехалi галасаваць — з песнямi, жартамi. Вядома, часам бралi з сабой i нас, малых. На выбарчых участках гучала музыка, працаваў выязны гандаль. Найбольшую ж увагу прыцягваў буфет з печывам ды цукеркамi, куды пасля выканання свайго грамадзянскага абавязку заходзiлi ўсе дарослыя — зразумела ж, з намi, дзецьмi. Назад усе вярталiся задаволеныя... Многiя з тых традыцый захавалiся i сёння. У прыватнасцi, на Мiншчыне зрабiлi ўсё магчымае, каб стварыць для людзей у дзень выбараў атмасферу свята. У кожным раёне i горадзе цэнтральнага рэгiёна падрыхтавана цiкавая i насычаная праграма.


— У Жодзiне не адмаўляюцца ад добрай традыцыi, — расказвае Сяргей Конан, першы намеснiк старшынi Жодзiнскага гарвыканкама. — Гандлёвыя прадпрыемствы i аб'екты грамадскага харчавання будуць прапаноўваць сваю прадукцыю на выбарчых участках. Ды справа ж не ў гэтым! Мы iмкнёмся, каб людзi не толькi прагаласавалi, але і адпачылi, паслухалi музыку. А дзецi паласавалiся марожаным, печывам, сокам. Усё ж да тэмы выбараў трэба прыцягваць i малых грамадзян. Выбары — палiтычны працэс, але для дзяцей гэта — гульня. I праз гульню трэба прывучаць iх да думкi, што неабходна займаць пэўную пазiцыю ў грамадстве, што выбары даюць такую магчымасць.

На кожным выбарчым участку Смалявiцкага раёна таксама будзе створана святочная атмасфера, зразумела, не абыдзецца без выступленняў найлепшых калектываў. У прыватнасцi, парадуюць людзей народны духавы аркестр раённага Дома культуры, народны ансамбль песнi «Смаляначка», народны фальклорны ансамбль «Жывiца», народны ансамбль песнi «Плiса», народны ансамбль настаўнiкаў Смалявiцкай дзiцячай школы мастацтваў «Ад шчырага сэрца» i iншыя. Для дзяцей i дарослых пройдуць спартыўныя мерапрыемствы. «А каб святочную атмасферу змог адчуць кожны, будзе арганiзаваны падвоз грамадзян на выбары — для гэтага выдзелены транспарт», — паведамiў старшыня Смалявiцкага раённага Савета дэпутатаў Павел Графутка. У гэты ж дзень на Цэнтральнай плошчы пройдзе свята Масленiцы. Жыхары горада i раёна змогуць паласавацца блiнамi, прыгатаванымi па розных рэцэптах, а таксама паўдзельнiчаць у гульнях, конкурсах, спаборнiцтвах.

У Стаўбцоўскiм раёне, паводле слоў Аркадзя Казякоўскага, старшынi раённага Савета дэпутатаў, прадугледжаны канцэртная праграма i выязны гандаль там, дзе няма стацыянарных крам. У сельскай мясцовасцi будзе наладжаны падвоз выбаршчыкаў на ўчасткi. Маладыя людзi, якiя ўпершыню прымуць удзел у галасаваннi, атрымаюць бясплатныя абанементы на наведванне фiзкультурна-аздараўленчага комплексу.


А ў Руднi — «Ласунак»

Каб выбаршчыкi не проста прыйшлi прагаласаваць на ўчасткi, але i адчулi атмасферу свята, у рэгiёнах стараюцца рэалiзаваць цiкавыя, крэатыўныя iдэi. Напрыклад, у Гарадоцкiм раёне ў днi галасавання арганiзуюць мерапрыемствы масленiчнага тыдня.

Скажам, у сераду, 14 лютага, адсвяткуюць масленiчны «Ласунак». Па традыцыi з гэтага дня, акрамя блiноў, гаспадынi гатуюць iншыя смачныя стравы. А яшчэ ў сераду зяцям разам са сваiмi жонкамi трэба хадзiць у госцi да цешчы на блiны...

У гэты дзень падчас датэрмiновага галасавання, у прыватнасцi, у вёсцы Рудня адбудзецца ласуначнае свята. Там арганiзуюць выязны гандаль як вядомы вытворца мясной прадукцыi «Ганна», так i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi. Жыхары населенага пункта пачастуюць землякоў масленiчнымi блiнамi па сваiм рэцэпце з рознай начынкай. Перад iмi выступяць самадзейныя артысты.

— I ў кожным сельвыканкаме вызначылi канкрэтныя днi, час i праграму правядзення масленiчных мерапрыемстваў. Работнiкi гандлю абяцаюць багаты выбар прадукцыi, а работнiкi культуры створаць добры настрой... Усяго ў раёне больш за 17,5 тысячы выбаршчыкаў, 28 участкаў для галасавання, — паведамiла намеснiк старшынi Гарадоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Марына Здольнiкава.

Як вядома, у нядзелю, 18 лютага, — галоўны дзень галасавання. I гэта дата супадае з праводзiнамi Масленiцы. У гэты дзень нашы продкi традыцыйна накрывалi стол i ладзiлi вясёлыя святы. Адпаведная культурная праграма ў раёне ўжо распрацавана.


Не буфетам адзiным

Школу № 30 у Брэсце адкрылi ў 1989 годзе, i з той пары падчас выбарных кампанiй яна служыць участкам для галасавання.
Апошнiм часам ва ўстанове адукацыi размяшчаюцца адразу два выбарчыя ўчасткi. Вось i цяпер участковыя камiсii пад нумарам 110 i 111 33-й выбарчай акругi прыступiлi да работы. Галоўным чынам удакладняюцца спiсы выбаршчыкаў, складаюцца планы i графiкi дзяжурстваў.

Старшыня адной з камiсiй, дырэктар школы Аляксандр ЛЕВАНЧУК гаворыць, што ў падрыхтоўчай рабоце дробязяў няма. Больш чым за тры дзясяткi гадоў удзелу ў выбарных кампанiях Аляксандр Пятровiч назапасiў багаты вопыт. Ён лiчыць, што дзень галасавання павiнен быць асаблiвы, адметны не толькi работай буфета. Хоць апошняе таксама прадугледжваецца. Як заўсёды, наведвальнiкам будзе прапанаваны багаты выбар кандытарскiх i кулiнарных вырабаў, фрукты, напоi.

Але ж галоўнай асаблiвасцю гэтых участкаў абяцае стаць канцэрт удзельнiкаў школьнай самадзейнасцi. Рэч у тым, што названая навучальная ўстанова доўгi час была вядомая ў горадзе як школа з эстэтычным ухiлам. Гэта значыць, большасць яе вучняў спявалi, танцавалi, займалiся iншымi вiдамi мастацтваў. I хоць афiцыйна названы статус скасавалi яшчэ ў 2008 годзе, традыцыi i напрацоўкi засталiся. Вось i цяпер вакальныя ансамблi пад кiраўнiцтвам Наталлi Карнялюк, Алены Рыжэнкi, Наталлi Панько, танцавальны калектыў Алены Кажалы, а таксама юныя салiсты i музыканты рыхтуюцца выступiць 18 лютага.

— Вядома, прыйдуць бацькi, старэйшыя браты i сёстры артыстаў-школьнiкаў, сябры i суседзi. Усё гэта нашы выбаршчыкi, — гаворыць Аляксандр Леванчук. — Канцэрт запланаваны з 11 да 12 гадзiн, самы актыўны час, паводле шматгадовых назiранняў. Многiя жыхары ўжо ведаюць пра традыцыйныя канцэрты i стараюцца запланаваць свой вiзiт менавiта на гэты час.

На добрую яўку тут спадзяюцца яшчэ i таму, што многiя з цяперашнiх выбаршчыкаў у свой час скончылi 30-ю школу, якая, дарэчы, носiць iмя свайго выпускнiка Дзмiтрыя Гвiшыянi. (Дзмiтрый, курсант ваеннага вучылiшча, загiнуў, ратуючы людзей у палаючым цягнiку.) Сюды любяць заходзiць школьныя таварышы Дзмiтрыя. Дзень выбараў — яшчэ адна нагода.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Аляксандр ПУКШАНСКI

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Святланы КІСЛАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.