Вы тут

Што высвятляе аўтатаваразнаўчая экспертыза?


Якія «падводныя камяні» ёсць у ацэнцы ўрону пасля дарожна-транспартнага здарэння? Чым можа скончыцца аварыя са, здавалася б, мінімальнымі наступствамі? Што чакае чалавека, які вырашыў не скардзіцца на няправільную паркоўку ў ДАІ, а «правучыць» кіроўцу самастойна? Жыццёвых абставін, якія прыводзяць у ангар аўтатаваразнаўчай экспертызы, вельмі шмат. І здарыцца яны могуць не абавязкова з кіроўцам, але і нават з пешаходам.

Кропкі над «і» карэспандэнт «Звязды» расставіў з дапамогай вядучага дзяржаўнага судовага эксперта аддзела аўтатаваразнаўчых экспертыз цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Руслана Ліпніцкага.


Эканомія не на карысць

— Для чаго патрэбна аўтатаваразнаўчая экспертыза?

— Асноўныя пытанні, на якія мусіць даць адказ эксперт, — гэта высветліць аб'ектыўны кошт транспартнага сродку, вызначыць памер шкоды пры яго пашкоджанні і суму, на якую пацягне аднаўленчы рамонт.

— ДТЗ, як вядома, адбываюцца розныя. Але знаходзяцца і страхавыя махляры, якія спрабуюць атрымаць грошы за ДТЗ, якога не адбылося....

— Быў у нас такі выпадак з Mеrсеdеs-Bеnz ML. Аўто было нібыта пашкоджана. Страхавая кампанія выплаціла грошы па памеры заяўленага ўрону, аднак пасля яе спецыялісты вырашылі ўсё ж звярнуцца ў следчыя органы. І, як пасля высветлілася, ні ў якім ДТЗ машына не ўдзельнічала. Таксама мы сутыкаліся з тым, што на спраўны аўтамабіль навешвалі пашкоджаныя часткі з іншай машыны.

Але страхавое махлярства можа выглядаць і па-іншаму. Некаторыя грузаперавозчыкі, накіроўваючы аўто ў Расію, хочуць сэканоміць. Кіраўніцтва кажа кіроўцу, маўляў, едзь купі і страхоўку менавіта там, бо гэта абыдзецца танней. Кіроўца, доўга не думаючы, набывае поліс у якім-небудзь кіёску. Так праходзіць месяц, другі — і кіроўца трапляе ў ДТЗ. Пачынаецца разбор і аказваецца, што... гэты поліс наогул нідзе не фігуруе. Натуральна, ніякіх грошай па страхоўцы кампанія таксама не атрымае. Таму ці варта аўчынка вырабу?

Як рамонт аказаўся «залатым»

— У Беларусі ўжо восьмы год дзейнічае магчымасць складання еўрапратакола. Скажам, калі пашкоджанні пры дробным ДТЗ не перавышаюць 400 еўра, то віноўнік здарэння і пацярпелы могуць абысціся без выкліку ДАІ. Але ці ўсё так добра?

— Сапраўды, не заўжды відаць усе пашкоджанні пасля ДТЗ, якія можна лёгка зарэгістраваць. Скажам, утварыўся ў нас на дарозе класічны «паравозік» — машына, якая ехала ззаду, тыцнулася ў бампер аўтамабіля наперадзе. Кіроўцы думаюць, што пашкоджаны толькі бампер, крыху падрапаны перад аўто — і ўсё. А вось у сэрвісным цэнтры высвятляецца, што пашкоджанняў насамрэч значна больш. І ўжо не факт, што яны ўпішуцца ў ліміт па еўрапратаколе.

Паказальная гісторыя здарылася некалькі гадоў таму, праўда, яна не датычыцца еўрапратакола. Муж і жонка — пенсіянеры — ехалі на даволі бюджэтным аўтамабілі, кіроўца замарудзіўся на скрыжаванні і тыцнуўся ў заднюю частку Bеntlеу. Хуткасць была невысокая, пашкоджанні аказаліся на першы погляд невялікія — падрапаны бампер, задняе крыло... Яны падумалі, што ўкладуцца ў страхавы ліміт, які складае 10 тысяч еўра. Хвалявацца не сталі. І на агляд аўтамабіля таксама не прыехалі. А дарма...

Мінула недзе каля года. Раптоўна раздаўся званок у дзверы. Паштальён прынёс заказны ліст. Аказалася, што гэта вестка са страхавой кампаніі. Яна прасіла даплаціць за рамонт таго самага Bеntlеу... прыкладна 13 тысяч еўра. У выпадку адмовы яна абяцала падаць рэгрэсны іск. Пенсіянерам стала кепска. Яны не разумелі дзве рэчы. Па-першае, дзе ўзяць такую процьму грошай? Па-другое, чаму, здавалася б, за дробны рамонт трэба плаціць так шмат?

Сам па сабе механізм страхавой выплаты просты. Гаспадар застрахаванага транспартнага сродку пасля ДТЗ законна звяртаецца ў страхавую кампанію аб забеспячэнні выплат, якія вернуць нанесеную яму шкоду. Страхавая кампанія, якая ўзяла раней на сябе абавязацельствы, павінна аплаціць патрэбную суму. Калі ДТЗ адбылося па віне застрахаванай асобы, страхавая кампанія выплачвае шкоду пацярпеламу — тут усё лагічна. Але вось тут і пачынаецца самае цікавае. Здараецца так, што сума, якую кампанія выплачвае, пакрываючы доўг, значна перавышае тую, на якую складзены дагавор з застрахаваным грамадзянінам. Для таго каб вярнуць розніцу, выплачаную звыш страхавой сумы, кампанія і падае рэгрэсны іск менавіта на віноўніка ДТЗ.

Пасля высветлілася, што той Bеntlеу рамантавалі ў Польшчы. Памянялі там бампер, накладкі, парктронікі, пафарбавалі бакавіну... Але, напрыклад, каб правесці работы над заднім крылом, трэба было выразаць шкло. Прычым назад яго паставіць нельга, патрэбна выключна
новае. Вось так і набегла велізарная сума...

Чым большы знос, тым меншая выплата

— Якія памылкі дапускаюць людзі пры афармленні шкоды за наступствы аварый?

— Часта віноўнікі і пацярпелыя ў ДТЗ проста не з'яўляюцца на экспертны агляд. Хаця, здавалася б, гэта павінна быць у іх жа інтарэсах, каб процілеглы бок «не павесіў», як кажуць, «усіх сабак». Даказаць пасля рамонту, адкуль узяліся пашкоджанні — да вас ці пасля вас, — будзе амаль немагчыма. А так ёсць магчымасць вырашыць усе пытанні, як кажуць, на месцы. Навошта ад яе адмаўляцца?

— Ці ўплывае знос запчастак на ацэнку шкоды ад ДТЗ?

— У любым выпадку вы зможаце спагнаць з вінаватага не поўны кошт аднаўленчага рамонту, а толькі суму за вылікам зносу запасных частак. Скажам, у ДТЗ вам разбілі бампер і шкло. І калі паставіць новыя запасныя часткі, то кошт рамонту будзе складаць умоўныя
4000 рублёў. Але калі дэталі ўжо эксплуатаваліся шмат гадоў, то кампенсацыя будзе ўжо меншай. І не пазбаўляйцеся ад пашкоджаных запасных частак пасля рамонту. Хто ведае, можа, віноўнік ДТЗ будзе незадаволены выстаўленым рахункам і паспрабуе падаць у суд, каб высветліць сапраўдны памер нанесенай шкоды. А так рэчавы доказ дазволіць вам адстаяць ваш пункт гледжання.

Многія аўтамабілі ў Беларусі ездзяць з пратэрмінаваным тэхнічным аглядам. Трапляліся такія і на разбор да нас. І калі, напрыклад, у аварыі цярпела моцна саржавелае крыло, з якім тэхагляд ніяк не мог быць пройдзены, то яго маглі ацаніць у такую мізэрную суму, што пацярпеламу ў ДТЗ фактычна даводзілася аплачваць значную частку выдаткаў на ліквідацыю шкоды са сваёй кішэні.

Ды і сама кампенсацыйная сума разлічваецца па-рознаму. Напрыклад, возьмем Роrsсhе Сауеnnе і Vоlkswаgеn Tоuаrеg — машыны падобныя, але кошты на запчасткі будуць розныя. Таму не заўжды можна спадзявацца на тое, што страхавога ліміту хопіць для кампенсацыі шкоды.

«Мастацтва» з крымінальным наступствам

— У зводках навін з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюцца матэрыялы пра тое, што кіроўцу вырашылі «адпомсціць» за няправільную паркоўку і нешта зрабіць з яго аўтамабілем. Што чакае ў такім выпадку «народных мсціўцаў»?

— Скажам, калі незадаволены паркоўкай чалавек вырашыў «разабрацца» з кіроўцам і правёў ключыкам драпіну па корпусе ажно да металу, то прыбраць яе будзе значна цяжэй. Быў у нас выпадак, калі адзін чалавек нападпітку падрапаў гвоздзікам тры машыны. І «намаляваў» ён у выніку на крымінальную адказнасць, якая пачынаецца ад 40 базавых велічынь.

Ці вось згадваецца яшчэ адзін выпадак — жанчыне-кіроўцу на новым дарагім BMW намазалі на шкло сілікатны клей. І ён упітаўся так, што давялося шкло мяняць. Зноў жа, справа скончылася крымінальным пераследам. Здавалася б, што тут можа пацягнуць на 40 базавых? Хапіла б і адміністрацыйнай адказнасці... Справа ў тым, што шкло ў сучасных аўтамабілях зусім не тое, якое было два-тры дзесяцігоддзі таму. Там ёсць і дадатковыя элементы — напрыклад, вельмі тонкія ніці падагрэву. Іх няўзброеным вокам не відаць, але пры замене шкла сума атрымаецца даволі кругленькая. Так і выйшла ў той гісторыі з BMW.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: «Грашовы бок» ДТЗ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».