Вы тут

Як у сталіцы праходзіў кастынг «Міс Беларусь»


"Падлога не слізкая? Толькі б не ўпасці", — хвалююцца дзяўчаты ў чаканні дэфіле. У гэтыя выхадныя ў Нацыянальнай школе прыгажосці не спыняецца цокат абцасаў — тут праходзіць кастынг на конкурс "Міс Беларусь — 2018". Як удзельніцы адбору раслі на вачах (у прамым сэнсе), каму прапанаваў работу алімпійскі чэмпіён і ці ёсць шанцы на карону ў "пышак" — у рэпартажы "Звязды".


Сталіца стала апошнім горадам адбору прыгажунь. Дагэтуль прайшлі кастынгі ў абласных цэнтрах, куды з’ехалася каля 400 дзяўчат. Больш за ўсё ўдзельніц было ў Брэсце і Гродна, дзе адборы праводзіліся пазней.

Узрост ад 18 да 24 гадоў, без татуіровак і пірсінгу на целе, не замужам (і не ў разводзе!), без дзяцей — вось крытэрыі, якім неабходна адпавядаць, каб трапіць на конкурс. Перш чым прапусціць дзяўчат дэфіліраваць перад адборачнай камісіяй, ім мераюць рост — ён павінен быць не ніжэйшым за 174 сантыметры.

— Пакуль з-за гэтага нікога не развярнулі. Даем шанц усім, — прызнаецца мужчына, які сустракае патэнцыйных "міс" у ростамера.

Некаторыя спрабуюць хітраваць і здавацца вышэйшымі. Адна з удзельніц незаўважна ўстала на пальчыкі. Але ўсё роўна не дацягнула да мінімальнай планкі. "Ну дабаўце мне сантыметр", — упрошвала, падключыўшы ўсю сваю чароўнасць.

Многія дзяўчаты адзеліся для кастынгу ў чорнае — выглядаць больш зграбнай лішнім не будзе. І, бадай, кожная прыхапіла з сабой туфлі на высокіх абцасах: без іх на конкурсе прыгажосці, як на экзамене без залікоўкі. Хвалююцца, фарбуюцца, рэпеціруюць, што сказаць.

20-гадовая Ангеліна — адна з першых, хто пачуў на сталічным кастынгу "так". "Ногі яшчэ крыху дрыжаць", — усміхаецца дзяўчына. У шаснаццаць яна скончыла мадэльную школу, а цяпер працуе цырульнікам. Пайсці на конкурс падгаварылі калегі. "Загадзя не рыхтавалася, проста расказала пра сябе", — дзеліцца мінчанка.

А вось іншая ўдзельніца Карына спецыяльна для конкурсу пахудзела. "За месяц скінула шэсць кілаграмаў і на гэтым не збіраюся спыняцца", — заяўляе. Разам з тым дзяўчыне падабаецца гатаваць. "Чамусьці цяпер гэта не цэніцца, — дзівіцца яна. — Любімая страва? Мачанка з блінамі. Але гэта да таго, як пачала худзець".

Быць толькі прыгажуняй тут мала. Удзельніц чакаюць пытанні ад адборачнай камісіі. Бландзінку Наталлю, якая вучыцца на арт-менеджара, вырашылі праверыць на веданне будучай прафесіі.

— Хто з маладых беларускіх артыстаў варты таго, каб яго прасоўваць прафесійна? — спытаў дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў Другога нацыянальнага тэлеканала Іван Падрэз.

— Іх шмат. Напрыклад, Аляксей Грос, — хутка зарыентавалася дзяўчына і заслужыла месца ў наступным этапе.

Настаўніцу рускай мовы і літаратуры Юлію папрасілі паразважаць над праблемай: як цяперашняе пакаленне, якое не прывыкла да вялікіх тэкстаў, заахвоціць чытаць раманы? "Можна паказваць трэйлеры да фільмаў, знятых па гэтых творах, каб заінтрыгаваць", — прапанавала арыгінальны падыход малады педагог.

Увогуле на кастынг прыйшлі прадстаўніцы розных прафесій. Інжынер-тэхнолаг, выхавацель у дзіцячым садку, урач-акушэр, эканаміст, індывідуальны прадпрымальнік…

— Я працую рабочым на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў, — прадстаўляе сябе Кацярына. — Яшчэ раблю манікюр сяброўкам і сябрам.

Бачачы, што камісія вагаецца, прапануе паказаць свае карціны. Не дапамагло: падвяло дэфіле.

— Засмуцілася? — цікавімся ў дзяўчыны на выхадзе.

— Ды не. Я прыехала проста паспрабаваць, ні на што асабліва не разлічвала.

— На наступны конкурс прыйдзеш?

— Не ведаю. Магчыма, праз два гады ў мяне ўжо будуць муж і дзеці.

18-гадовая Марыя марыць звязаць сваё жыццё з творчасцю. Хоча паступаць у акадэмію мастацтваў. Іван Падрэз прапануе ёй уявіць, што яна на экзамене, і прачытаць што-небудзь на памяць. Дзяўчына не разгубілася: адкінула назад даўгія валасы і пранікнёна расказала верш.

— Які ў вас рост?

— 170… Але я расту! Раблю спецыяльныя практыкаванні, дастаткова сплю.

— Добра. У якасці выключэння запрашаем вас у наступны тур. Рыхтуйцеся да дэфіле ў купальніках, — дазволіла камісія.

Каб запомніцца, прыгажуні стараліся здзіўляць. Баксіравалі, жангліравалі, пелі народныя песні. А інжынер-мікрабіёлаг хлебазавода Наталля вырашыла "падкупіць" — вынесла кошык з прадукцыяй свайго прадпрыемства. "Які хлеб лепш купляць?" — пацікавілася камісія. "Толькі нашага завода!" — бойка адказала дзяўчына. Мы пасля спыталі ў зграбнай Наталлі: ці лёгка захоўваць фігуру, працуючы побач з выпечкай? "Вельмі цяжка. Там такія водары! — уздыхае. — Я люблю слоеныя пірожныя. Даводзіцца хадзіць у трэнажорную залу па тры-чатыры разы на тыдзень, каб быць у форме".

На кастынгу прысутнічалі прадстаўнікі мадэльных агенцтваў, таму некаторыя дзяўчаты атрымалі запрашэнне не толькі ў наступны этап, але яшчэ і на работу. А адной з удзельніц, бухгалтару па адукацыі, працоўнае месца прапанаваў алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, які сядзеў у камісіі, — ён якраз шукаў адпаведнага спецыяліста. Пытаемся ў яго, ці вырастаюць шанцы ўдала прайсці кастынг, калі дзяўчына — спартсменка. "Не. На конкурсе прыгажосці трэба пастаянна ўсміхацца, быць артыстычным, а спартсмены звычайна саромеюцца. Ёсць шмат прыгожых і добрых дзяўчат, але для фармату шоу яны не падыходзяць", — падзяліўся думкай Аляксандр Багдановіч.

Галоўнае пытанне: каго шукаюць?

— Самую прыгожую, разумную, светлую, годную, — адказвае галоўны рэжысёр Другога нацыянальнага тэлеканала Анжаліна Мікульская. — Тую, бачачы якую, думалі б: "Якая ж Беларусь цудоўная краіна!" Звяртаем увагу на дагледжанасць, выхаванасць, уменне падаць сябе. Будучая "міс" не павінна быць пустышкай.

— Дзяўчаты на сёлетніх кастынгах адрозніваюцца ад тых, што былі 10 гадоў таму?

— Так, яны больш свабодныя, многім цікавяцца — не толькі мадэлінгам. У адным з гарадоў была ўдзельніца, якая прадстаўляла дынастыю электрыкаў. Хоць не ўсе карыстаюцца магчымасцямі, якія ў іх ёсць у маладосці. Вельмі сумна чуць, што хобі — гэта гуляць на камп’ютары. Англійскую мову часта не ведаюць, а яна патрэбная.

— У "пышак" ёсць шанц трапіць на конкурс прыгажосці?

— На адным з адбораў мы ўзялі паўнаватую дзяўчыну. Дамовіліся, што яна возьмецца за трэніроўкі і прывядзе сябе ў форму. Гэта будзе цікавы эксперымент. Але мы не прывязваемся жорстка да параметраў 90-60-90: важна гармонія.

Па словах Анжаліны Мікульскай, пастаяннага лідара сярод рэгіёнаў па "пастаўцы" прыгажунь няма. Кожны раз гэта розныя вобласці.

З дзяўчат, што паспяхова пройдуць кастынгі, потым адбяруць каля ста найлепшых і запросяць у Мінск. З іх у конкурсе прымуць удзел толькі 30. Пераможца, акрамя кароны і права прадстаўляць нашу краіну на міжнародных конкурсах прыгажосці, атрымае буйны грашовы прыз і аўтамабіль Geely Atlas. Фінал "Міс Беларусь" пройдзе 4 мая ў сталічным Дварцы спорту.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.