Вы тут

Казімір Ягайлавіч (30.11.1427 — 07.06.1492)


Калі коратка ахарактарызаваць дзейнасць Казіміра Ягайлавіча, малодшага сына Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, дык можна сказаць, што гэта дзівосны прыклад, як можна дасягнуць шмат чаго, не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Можна было б фантазіраваць, што зрабіў бы на яго месцы — вялікім княжанні — больш дзейны і валявы ўладар, які мэтанакіравана праводзіў бы сваю дзяржаўную палітыку. Мажліва, Вялікае Княства Літоўскае зрэшты зрабілася б каралеўствам і па праве заняло б свае месца ў еўрапейскім палітычным жыцці. Так не сталася, а сталася так, што за 52 гады праўлення дзяржавай нашых продкаў Казімір гэтак і не ўзвысіў яе, не ўмацаваў і не дасягнуў былой велічы. Былі тут і аб'ектыўныя прычыны (кіраванне дзвюма дзяржавамі, перавага польскіх спраў, актыўнасць Маскоўскай дзяржавы і г. д.), і суб'ектыўныя (нерашучасць, пазбяганне канфліктных сітуацый, марудлівасць у вырашэнні складаных пытанняў). Казіміра Ягайлавіча не назавеш выдатным палітычным і дзяржаўным дзеячам. Як дзяржаўны дзеяч, ён відавочна саступаў свайму бацьку. І ягоныя падданыя як у Літве (ВКЛ), гэтак і ў Польшчы наракалі на Казіміра. Хоць вынікі яго праўлення для Літвы і Польшчы былі розныя. Пры Казіміры Польскае каралеўства, перамогшы Тэўтонскі ордэн, зрабілася моцнай еўрапейскай дзяржавай. І прызнаннем гэтага было тое, што каралеўскія пасады ў Чэхіі і Венгрыі заняў Казіміраў сын Уладзіслаў.

І зусім іншыя вынікі праўлення Казіміра ў Літве. Вялікім князем літоўскім і рускім ён стаў у 1440 годзе ў 13-гадовым узросце. Феадалы ВКЛ выбралі яго сваім уладаром, хоць старэйшы брат, польскі кароль Уладзіслаў, выправіў яго на Літву як свайго намесніка.

Юны ўладар, яшчэ падлетак, пераклаў дзяржаўны цяжар на плечы сваіх вяльможаў — радных паноў (паноў рады) на чале з фактычным правіцелем віленскім ваяводам Янам Гаштольдам. А сам вялікі князь прападаў на ловах.

Вопытны Ян Гаштольд утрымаў ад мяцяжу Жамойць, вярнуў пад велікакняжацкую ўладу Смаленск, адбіў спробы сына Жыгімонта Кейстутавіча Міхайлы вярнуць бацькоўскае Троцкае княства. Аднак неўзабаве Казіміру давялося пасталець і ўзяць на сябе цяжар дзяржаўнага праўлення. Пасля гібелі ў бітве пад Варнай з туркамі ў 1444 годзе Уладзіслава палякі прапанавалі Казіміру каралеўскую карону. Як бы ні ўпарціўся юны Казімір, як бы ні хацеў застацца ў мілай яму Літве, а ўсё ж даў сваю згоду і 25 чэрвеня 1447 года каранаваўся ў Кракаве на польскага караля. Такім чынам ён стаў правіцелем Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, злучыўшы іх асабістай уніяй. Калі ўлічыць, што ў юнага манарха не было вопыту праўлення, дык можна ўявіць, як няпроста і цяжка давялося яму. Трэба было дбаць пра польскія інтарэсы і адначасова не шкодзіць літвінскім, а яны часта не толькі супярэчылі адзін аднаму, а былі варожымі. Вось тут Казімір павінен быў праявіць калі не цвёрдасць, дык палітычную стрыманасць і тактоўнасць, каб палагодзіць абодва бакі. І адтуль, і адгэтуль насядалі на яго, патрабавалі свайго, прымушалі, абвінавачвалі... Літвіны лічылі, што ён спрыяе палякам, і хацелі ўзвесці на свой трон іншага вялікага князя. А палякі меркавалі, што ён спрыяе літвінам, і патрабавалі, каб «палякаў зароўна, як літвінаў, мілаваў», справядліва ставіўся да просьбаў і займаўся абаронай каралеўства. І нават, не маючы довадаў, пужалі Божай карай. Асабліва палякі насядалі на Казіміра з патрабаваннем далучыць да Польшчы Валынь і Падолле і злучыць Вялікае Княства Літоўскае з Каралеўствам. А гэта прывяло б да немінучай вайны паміж Польшчай і Літвой. Казімір адмаўляўся выканаць польскія патрабаванні, спасылаючыся на клятву літвінам абараняць іх дзяржаву. Зрэшты, ратаванне ад настойлівых дамаганняў Казімір знаходзіў у Літве, куды часта прыязджаў.

Пагрозы палякаў пазбавіць яго каралеўскай кароны засмучалі і прымушалі ісці на ўступкі. Польскім панам і шляхце ён не мог супрацьпаставіць ні моц каралеўскай улады, ні інтрыгі, ні сваю асаблівую волю. Летапісцы называлі Казіміра няшчасным, якому лёс прынёс нямала засмучэнняў і непрыемнасцяў. Усё ж гэта занадта суровы прысуд. Што-што, а на лёс Казіміру грэх было скардзіцца. Ён цудам пазбягаў смерці ў Валожынскіх лясах, калі ўцёк ад змоўшчыкаў, і на полі сечы, калі пасля паражэння ад крыжакоў у Хойніцкай бітве выратаваўся ад пагоні. Выратаваўся ён ад гібелі і ў 1480 г., калі была выкрыта змова супраць яго. Лёс адарыў яго шчаслівым шлюбам з Альжбетай Габсбург, з якой ён меў 13 дзяцей. Спрыяў ён Казіміру і ў дзяржаўных справах. Не валодаючы вайсковым талентам, а толькі сваёй упартасцю Казімір давёў да перамогі 13-гадовую (!) вайну з Тэўтонскім ордэнам і вярнуў Польшчы Гданьскае Памор'е, Хэлмінскую і Міхалоўскую землі, далучыў заходнюю Прусію разам з Мальбаркам да Каралеўства, а Ордэн зрабіў польскім васалам. Польскім васалам у 1485 г. зрабілася і Малдаўскае гаспадарства. Пасля зацяжных спрэчак з літвінамі да Польшчы адышло Падолле. На чэшскі і венгерскі трон сеў Казіміраў сын Уладзіслаў. Хто яшчэ з польскіх каралёў дамогся такіх значных вынікаў? Ніхто.

А вось для ВКЛ праўленне Казіміра — гэта час страчаных гістарычных шанцаў. Занядбанне літоўскіх спраў прывяло да вялай знешняй палітыкі ВКЛ.

Літва толькі рэагавала на знешнюю небяспеку і не праяўляла ні палітычнай ініцыятывы, ні ваеннай сілы для стварэння выгоднага для сябе міжнароднага становішча. Гэтым і скарыстаўся малады і дзейны маскоўскі правіцель Іван ІІІ, які ўзвысіў Маскву над Уладзімірскай Руссю і пачаў прэтэндаваць і на былыя землі Кіеўскай Русі. Ягоныя саюзнікі, крымскія татары, спусташалі набегамі паўднёвыя землі ВКЛ, а ў 1480 г. захапілі і спалілі Кіеў.

Такая безыніцыятыўнасць гаспадара выклікала незадавальненне. Частка літвінскіх магнатаў хацела зняць яго з велікакняжацкага трона, а ў 1480 г. нават склалі супраць яго змову з мэтай забойства і ўзвядзення на вялікае княжанне слуцкага князя Міхаіла Алелькавіча. Змова была выкрыта, і змоўшчыкі пакараны, што адбіла ахвоту ў апазіцыі надалей выступаць супраць гаспадара. У сталыя гады Казімір умеў праявіць цвёрдасць. Як бы там ні было, а сваю клятву літвінам Казімір стрымаў — захаваў ВКЛ у цэласнасці, ды яшчэ даў звод законаў «Судзебнік Казіміра» 1468 г. Калі не вялікі ваяр, які праславіўся перамогамі, не мудры ўладар, які памножыў моц краіны, дык Казімір быў добрым працаўніком на дзяржаўнай ніве, і плён ягонай працы застаўся ў гісторыі.

Вітаўт ЧАРОПКА

Каментары

Вельмі спадзяюся, што шаноўны Вітаўт Чаропка не абміне ўвагай такую асобу, як - Іосіф Руцкі! Ордэн Базылян заснаваны І. Руцкім - гата бадай адзіная міжнародная арганізацыя заснаваная беларусам і ў Беларусі !

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.