Вы тут

Стартавыя спаборніцкія дні ў Пхёнчхане не прынеслі беларусам медалёў


Першай чэмпіёнкай ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі стала шведская лыжніца Шарлота Кала, яна заваявала залаты медаль у лыжным скіятлоне. Для 30-гадовай спартсменкі гэта ўжо трэцяе «золата» Алімпіяды — да гэтага яна стала чэмпіёнкай на двух папярэдніх Гульнях у Ванкуверы-2010 і Сочы-2014.


З лыжных гонак пачалі выступленне і беларусы, Юлія Ціханава (стала 42-й) і Паліна Сераносава (46-я на фінішы) у скіятлоне на медалі не прэтэндавалі, аказаўшыся бліжэй да канца фінішнага пратакола. Прыкладна такія ж пазіцыі ў гэтым відзе праграмы і ў нашых мужчын: Міхаіл Сямёнаў заняў 44-е месца, Юрый Астапенка — 50-е, Сяргей Далідовіч сышоў з дыстанцыі на самым пачатку гонкі, не дабраўшыся да адзнакі 4,63 кіламетра. «Сышоў з дыстанцыі з-за праблем з бронхамі і ўсім, што з гэтым звязана. Зараз адчуваю сябе нармальна. Шкада толькі, што падвёў усіх, хто за мяне хварэе, — пракаментаваў здарэнне Далідовіч. — Падвялі старыя балячкі. Калі тэмпература ніжэй за мінус 15, то стараюся не выступаць, на стадыёне ў нядзелю было 12 градусаў марозу, на далёкай кропцы — мінус 17». Сёння лыжнік ужо аднавіўся і гатовы выступіць у гонцы на 15 км, якая павінна адбыцца ў пятніцу.

Куды больш вялікія надзеі беларускія балельшчыкі ўскладалі на біятланістаў. Аднак у спрынтарскай гонцы прыма беларускага біятлона Дар'я Домрачава дапусціла крыўдны промах, які дазволіў стаць ёй толькі 9-й і стартаваць у гонцы пераследу ўчора з адставаннем у 46 секундаў. Ураганны вецер, які палохае практычна ўсіх спартсменаў у Пхёнчхане, перашкаджаў і біятланістам у панядзелак. З-за яго Домрачава дапусціла шэсць промахаў, чатыры з якіх — на апошнім агнявым рубяжы, паказала найгоршы вынік хуткастрэльнасці сярод усіх удзельніц гонкі і заняла толькі 37-е месца. «Хацела змагацца. На жаль, атрымалася так, як атрымалася, — разважае над сваім выступленнем Дар'я. — Чацвёртая стральба? Усё ясна і зразумела. Моцны вецер быў дастаткова непрадказальны, парывы то сціхалі, то зноў аднаўляліся з вялікай сілай. Падчас апошняй стральбы як раз быў моцны парыў. Але я ўжо і так разумела, што лідары адправіліся на дыстанцыю. Таму вырашыла рызыкнуць: не бачыла сэнсу чакаць. На жаль, рызыка сябе не апраўдала. Застаецца толькі развесці рукамі. Жыццё на гэтым не заканчваецца».

Астатнія беларускія спартсмены ў мужчынскай і жаночай гонках пераследу таксама не ўвайшлі ў ТОП-10.

Прадстаўнік шорт-трэка Максім Сяргееў на дыстанцыі 1500 метраў заняў 28-е месца і завяршыў сваё выступленне на Алімпіядзе-2018. Канькабежка Марына Зуева стала 11-й на дыстанцыі 3000 м, а вось на дыстанцыі 1500 м наша спартсменка была дыскваліфікаваная, суддзі ўгледзелі ў забегу парушэнні з боку Марыны. «Спартсменка вельмі хвалявалася, — адзначыў яе настаўнік Сяргей Мінін. — Стартаваць у першы дзень Алімпіяды з псіхалагічнага пункту гледжання няпроста любому атлету. Канчатковыя вынікі ў многіх вядучых спартсменаў свету аказаліся вельмі шчыльнымі. Месцы з шостага па адзінаццатае падзяляе крыху больш за паўтары секунды». Мінін пры гэтым падкрэсліў, што вынік 4 хвіліны 05,96 секунды на дыстанцыі ў 3000 м для Марыны з'яўляецца персанальным рэкордам і найлепшым паказчыкам на раўнінных катках на сённяшні дзень.

Адзначым, што з-за моцнага ветру ў Пхёнчхане былі адмененыя старты гарналыжнікаў, у тым ліку перанесены гонкі, у якіх павінны былі ўдзельнічаць нашы спартсмены Марыя Шканава і Юрый Данілачкін.

Моцны вецер можа перашкодзіць, мабыць, і нашым асноўным алімпійскім надзеям — фрыстайлістам. Галоўны трэнер беларускай зборнай Мікалай Казека адзначае, што ўсе спартсмены здаровыя і настройваюцца на галоўныя спаборніцтвы самым сур'ёзным чынам. На трэніроўках настаўнікі ў літаральным сэнсе слова ловяць моманты, калі нашы спартсмены могуць падысці да трампліна, каб адпрацаваць свае скачкі. «Спадзяёмся, што ўмовы надвор'я ў «Фенікс-Парку» дазволяць камандзе плённа трэніравацца і выйсці на старт у прыўзнятым настроі», — кажа Казека. Нагадаем, спаборніцтвы ў лыжных акрабатаў пройдуць 15—18 лютага.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Вецер і мароз мяняюць планы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.