Вы тут

«Завезлі Дзеда за сяло, і ўсім стала весяло...»


Такое незвычайнае спалучэнне супрацьлеглых па значэнні слоў («Дзеда» ж, па сутнасці, вязуць хаваць) можна пачуць толькі на пачатку масленічнага тыдня і ў адзіным раёне Віцебскай вобласці — Гарадоцкім. А менавіта ў вёсцы Даўгаполле, дзе па старажытнай завядзёнцы спраўляюць вясёлае абрадавае ігрышча для дарослых — «Пахаванне Дзеда». На Поўначы Беларусі бытавала менавіта гэткая форма развітання з зімою. Калі ў іншых рэгіёнах славянскіх земляў праводзіўся абрад спальвання саламянага пудзіла, тут, на Гарадоччыне, саламянага «Дзеда» закопвалі ў снег. Пры гэтым і галашэнне па «нябожчыку», і праводзіны яго за вёску, і «памінкі» прымаюць анекдатычны характар, лічыцца, што чым больш весялосці, пацехі, гумару «на хаўтурах», тым лепшая будзе сустрэча вясны.


Як заўсёды, асноўны ўдзел у народных масленічных гуляннях прымаюць жанчыны.

Гэтым разам у Даўгаполлі «хаўтуры» праводзілі ў хаце Валянціны Шандзялёвай. Валіны суседкі дапамаглі гаспадыні зрабіць саламянага дзеда, якога на час ігрышча ў вёсцы называюць Цімафеем Васілевічам. Чаму так называюць? А ўсё таму, што некалі тут жыў адзін
вясёлы і бесклапотны дзед, які не даваў праходу вясковым прыгажуням, заляцаўся да іх. Таму вобраз «Дзеда», якому было амаль сто гадоў, застаўся ў народнай памяці і дагэтуль.

У першы дзень масленічнага тыдня ў Валінай хаце, па абедзе, збіраюцца вяскоўцы на развітанне з «Дзедам», паглядзець і паслухаць, як галосіць і прычытае «ўдава». Тая стараецца рабіць гэта як мага больш красамоўна і дасціпна — каб «хаўтуры» атрымаліся запамінальныя і вясёлыя. Жанчыны таксама далучаюцца да вясёлага тэатральнага дзейства, жартаўліва і «салёна» ўспамінаюць Дзедавы выбрыкі. І ў той жа час не забываюць пахваліць Цімафея Васілевіча за яго «працавітасць» і «працаздольнасць», «геройскія» ўчынкі, прабачаюць яму. Жанчыны пераапранаюцца то ў «доктара», які засведчыць «смерць» Дзеда, то ў «святара», які спраўляе паніхіду. А потым вясёлым натоўпам праводзяць «Васілевіча» за сяло. Вяртаючыся дадому, «удава» спявае: «Завезлі Дзеда за сяло, і ўсім стала весяло...»

У хаце ўжо накрыты «памінальны» стол, гарманісты дастаюць свае гармонікі, і пачынаюцца вясёлыя «памінкі».

Кажуць, сучаснаму чалавеку не дадзена да канца зразумець, які сэнс укладвалі нашы продкі ў гэтае ігрышча. Гульня папярэднічала важнай падзеі земляробчага календара селяніна — Вялікаму посту, таму трэба было добра павесяліцца. І ў той жа час абрад даваў разуменне, што ўсё ў гэтым свеце часова і што паміранне павінна ўспрымацца як неабходны працяг існавання і сімвал адраджэння зямлі.

Гарадоцкі народны масленічны абрад унесены ў спіс аб'ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Арганізатары мерапрыемства — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці раёна.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Гарадоцкі раён, вёска Даўгаполле.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?