Вы тут

У Беларусі з'явілася першае альтэрнатыўнае мадэльнае агенцтва


Пакрытыя яскравымі татушкамі рукі, тунэлі і пірсінг, каляровыя валасы і кідкі макіяж — ці такім вы ўяўляеце сучасны мадэлінг? Але чаму не кінуць выклік старым надакучлівым стандартам і не вывесці на подыум людзей з нефарматнай знешнасцю?

У Беларусі з'явілася першае альтэрнатыўнае мадэльнае агенцтва B.О.О.M. (Brеаkіng оf оld mеmоrіеs), гэта каманда сапраўды ламае стэрэатыпы і ўяўленні пра свет прыгажосці. Хлопцы і дзяўчаты з «хуліганскай» знешнасцю скараюць дызайнераў, «упісваюцца» ў рэкламу разнастайных рэчаў — ад спартыўнага інвентару да ўпрыгажэнняў і вясельных сукенак, заражаюць пазітывам на мерапрыемствах, удзельнічаюць у самых адметных і крэатыўных тусоўках.


— Калі ўсе мадэлі аднолькавыя — гэта нецікава, а людзі з нестандартнай знешнасцю заўсёды запамінаюцца. Татуіроўкі, пірсінг ці, напрыклад, зялёныя валасы могуць камусьці спадабацца, а некаму — наадварот, але ўсё роўна такая мадэль прыцягвае ўвагу, — заўважае кіраўнік мадэльнага агенцтва Ірына Бабарэка. — Так, калі я была на міжнародным форуме прадпрымальніцтва, адзін з замежных спікераў адзначыў мой колер валасоў і зрабіў камплімент. На Захадзе людзі з татуіроўкамі ўжо нікога не шакіруюць, там гэта звычайная з'ява. А да нас мода на тату толькі зараз прыходзіць.

Між іншым, агенцтва Ірына адкрывала ў свой дзень нараджэння, калі ёй спаўняўся 21 год, а да таго паспела змяніць некалькі месцаў працы. Прычым зарабляць грошы дзяўчына пачала з 14 гадоў.

— З такога ўзросту падлеткі ўжо могуць афіцыйна працаваць. Я была ў дзіцячым доме, і для сірот гэта магчымасць зарабіць на марожанае. Мы былі падсобнымі рабочымі і атрымлівалі капейкі, але любы занятак — гэта вопыт. Я доўга шукала сябе. Атрымала будаўнічую спецыяльнасць. Але, калі працавала будаўніком, мулярам ці менеджэрам у друкарні, не бачыла для сябе перспектыў, — дзеліцца дзяўчына. — Тады надумала звольніцца і — будзь што будзе. На той час я мела вопыт здымак, прадстаўляла расійскае мадэльнае агенцтва, у вольны час займалася арганізацыяй здымак для яго. І мне падалося, што гэта крутая ідэя — стварыць у Беларусі новы праект для татуіраваных мадэляў. Насамрэч пачаць сваю справу — не так складана, як падаецца, і не так многа фінансаў патрабуецца. На рэкламу наогул не трацілася, пастаянна кантактавала з журналістамі, спачатку пісала сама. Паступова пачала стварацца каманда. Амаль год я практычна бясплатна працавала на сваіх мадэляў, дапамагала ім развівацца, арганізоўвала здымкі, унёсак рабілі і самі хлопцы і дзяўчаты. Хтосьці дапамагаў ствараць дызайн афіш мерапрыемстваў, нехта ўмеў наносіць макіяж, здымаць...

Звычайна, калі людзі прыходзяць у агенцтва, яны плацяць за здымкі, майстар-класы, навучанне. Каб пачаць працаваць мадэллю ў B.О.О.M., плаціць не трэба. Ды і навучанне там выключна практычнае — замест сумных майстар-класаў агенцтва арганізоўвае фотаздымкі, на якіх людзі спрабуюць сябе ў розных вобразах, разнявольваюцца, перастаюць баяцца камер.

І ўсе стараюцца. Тыя ж, хто да справы ставіцца несур'ёзна, вылятаюць з каманды. У нас ёсць сістэма балаў, якія мадэлі атрымліваюць за здымкі, удзел у мерапрыемствах і нават за рэпосты агенцтва. Хто набраў больш за астатніх, заахвочваецца падарункамі ад партнёраў — дызайнераў і крам. Дарэчы, першым падарункам, калі сістэма толькі ўводзілася, была бясплатная татуіроўка, за яе вялася цэлая «вайна». Пад канец месяца я заўсёды заўважаю максімальную актыўнасць — усе думаюць, як зарабіць балы і трапіць у спіс прызёраў. У той жа час той, хто правініўся, — караецца. Балы зніжаюцца нават за грубыя словы, — дзеліцца Ірына.

Трэба сказаць, што B.О.О.M. дае магчымасць рэалізавацца людзям, для якіх закрыты класічны мадэлінг. Так, у не вельмі высокіх мадэляў шанцаў трапіць на подыум няма, але ў альтэрнатыўным агенцтве хлопцы і дзяўчаты могуць быць задзейнічаны ў фотаздымках.

Апошнім часам усё большую цікаўнасць выклікаюць незвычайныя тыпажы, а альтэрнатыўны мадэлінг якраз аб'ядноўвае людзей з самабытнай, запамінальнай знешнасцю. Больш за тое, з такімі асобамі любяць працаваць стылісты і візажысты, бо з імі можна ўвасабляць самыя неверагодныя ідэі, экстравагантна іх апранаць, эксперыментаваць з макіяжам.

— Калі звычайнаму чалавеку зрабіць зялёныя вочы і, напрыклад, жоўтыя вусны, гэта можа выглядаць і непрыгожа, і недарэчна. Калі ж у мадэлі каляровыя валасы і цела пакрыта татуіроўкамі, можна спалучаць разнастайныя колеры і гэта будзе выглядаць гарманічна, — заўважае Ірына. — Але мы не раім рабіць татуіроўкі толькі для таго, каб трапіць да нас у агенцтва. Не факт, што чалавеку спадабаецца праца мадэлі, а са знешнасцю, якая яму, магчыма, і не падабаецца, ён застанецца і будзе вымушаны змірыцца.

— Змена знешнасці можа ўплываць на жыццё чалавека. Што набывае той, хто робіць такі крок?

— Я — працу, хобі, сям'ю, сяброў, змагла сабраць добрую каманду — цудоўны калектыў з людзей, якім давяраю і якімі ганаруся. Маіх мадэляў друкуюць у глянцавых часопісах, запрашаюць на здымкі, імі цікавяцца. У нас з'явіліся фанаты, хлопцаў і дзяўчат пазнаюць на вуліцы, падтрымліваюць. Нават погляды на жыццё змяніліся, я з цікавасцю гляджу на свет, мне падабаецца разглядаць мінакоў. Так, заўважаю, што апошнім часам стала больш рознакаляровых людзей, з жоўтымі, зялёнымі валасамі; сустракала і дзяўчат, у якіх нават па колерах афарбоўка падобная на маю: палова галавы ў бірузовым, палова ў ружовым колеры. Усё менш становіцца непаразуменняў, хаця негатыву і зараз яшчэ хапае...

У Беларусі пакуль яшчэ не ўсе гатовы адэкватна ўспрымаць эксперыменты са знешнасцю. Часам нефарматная моладзь можа пачуць у свой бок непрыемныя словы. Існуюць і стэрэатыпы, што людзі з татуіроўкамі на руках ці тунэлямі ў вушах — амаль асацыяльныя элементы. Ірына ўспомніла, як да яе ў транспарце прывязаўся нецвярозы чалавек: «Адкажы за свае наколкі», але колькі дзяўчына ні спрабавала растлумачыць, што гэта «мастацкая татуіроўка» і яна не мае ніякага дачынення да турэмнай сімволікі, адвязацца ад хама было цяжка. Насамрэч прымяраць на сябе яскравыя вобразы могуць і вельмі сціплыя, спакойныя людзі. Мадэлі альтэрнатыўнага агенцтва атрымліваюць вышэйшую адукацыю ці ўжо працуюць юрыстамі, эканамістамі, занятыя на розных важных, «сур'ёзных» пасадах. І часта на асноўным працоўным месцы ім даводзіцца забывацца на свае густы — хаваць татуіроўкі пад доўгімі рукавамі, не рабіць «узрыўны» макіяж. Затое на здымках моладзь кайфуе, адрываецца па поўнай. Дарэчы, іх каляровы лад жыцця прадстаўлены ў інтэрнэце.

— У нас з'явілася ідэя ствараць відэаблогі (яны выкладваюцца ў нашай групе «УКантакце» і на YоuTubе) і суправаджаць іх міні-інтэрв'ю. Мы нічога не хаваем. Людзі могуць назіраць за працай мадэляў, бачыць, як праходзяць здымкі, больш даведацца пра агенцтва, нашых хлопцаў і дзяўчат. Часам на фатаграфіі мадэлі могуць выглядаць агрэсіўнымі, а ў жыцці яны адкрытыя, мілыя, пазітыўныя, — далучаецца да размовы галоўны памочнік Ірыны Юрый Ванкевіч. — Вы заўважыце, якія розныя ідэі можна раскручваць з нашай камандай, любы тавар можна абыграць у фотапраекце ці відэарэкламе. Прычым з альтэрнатыўнымі мадэлямі зрабіць гэта можна прыгожа і яскрава. Праз вобраз, фота можна падаваць інфармацыю (напрыклад, мы малявалі на тварах сцягі і здымаліся з нацыянальнымі стравамі розных краін). А чаму б не закрануць сацыяльную тэматыку? Так, мы рабілі сумесныя здымкі бацькоў і дзяцей — праект пра ўзаемаадносіны ў сям'і.

— У першую чаргу хацелася сказаць, каб бацькі паважалі інтарэсы дзяцей, — дадае Ірына. — Лепш няхай дзіця эксперыментуе з колерам валасоў, чым ужывае наркотыкі ці яшчэ што. Калі падлетак загарэўся ідэяй па змене знешнасці, ён усё роўна зробіць татуіроўку, магчыма, недзе падпольна, дрэнную, крывую. Важна, каб у сям'і было паразуменне, нічога не ўтойвалася.

Дарэчы, у планах агенцтва — стварыць такую прастору, куды змогуць звяртацца людзі рознага ўзросту, у тым ліку дзеці і састарэлыя, і пры жаданні кожны зможа паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі.

Некаторыя ідэі Ірына пакуль трымае ў сакрэце, але падзялілася, што ў найбліжэйшы час (да таго, як выйдзе ў дэкрэт) хоча адкрыць фотастудыю, зноў жа не падобную ні на якія іншыя, і што там сапраўды будзе крута.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Нефарматны подыум

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».