Вы тут

Як ваенны хірург, рызыкуючы сваім жыццём, дастаў з пацыента гранату


Тую аперацыю, зробленую спякотным летам у ваенна-палявым шпіталі Кандагара, можна назваць хрэстаматыйнай. Толькі пра ўнікальнае хірургічнае ўмяшанне, якое магло скончыцца трагічна не толькі для пацыента, але і для ваеннага ўрача, не сказана ні ў адным падручніку па медыцыне...


Палкоўнік медыцынскай службы Іван БАРЫСЮК (другі справа) і выратаваны ім радавы Валянцін ЮРЧАНКА (крайні справа).

У Кандагары было не да вучобы

Пра ваенна-палявую хірургію да вайны ў Афганістане малады ўрач Іван Барысюк ведаў хіба што з кніг. Так, выязджаў з вайскоўцамі ў поле, дзе ў лепшым выпадку даводзілася выдаляць апендыцыт або аперыраваць грыжу. Тады начальнік хірургічнага аддзялення ваеннага шпіталя ў Ашулуку нават уявіць не мог, што неўзабаве будзе аказваць медыцынскую дапамогу ў экстрэмальных умовах. Насамрэч, ратаваць жыцці!

— Я тады была на вучобе ў Баку, як Іван напісаў, што адпраўляецца ў Ленінград на курсы ваенна-палявой хірургіі, — успамінае жонка вайскоўца. — Закралася сумненне. Пра Афганістан у той час мы мала ведалі, але чуткі, што там адбываецца, усё ж даходзілі. Вярнулася я дамоў, як ужо быў падпісаны загад — муж адпраўляецца на вайну.

У Кандагар Іван Барысюк прыехаў маёрам медыцынскай службы. Вопытнаму хірургу адразу даверылі ўзначаліць хірургічнае аддзяленне ваеннага шпіталя. З такімі пацыентамі дагэтуль яму не даводзілася сустракацца, таму вучыўся наноў — адразу за аперацыйным сталом. Дзякуючы яму цяжкапараненыя байцы хутка ішлі на папраўку і вярталіся ў строй.

— Іван Уладзіміравіч расказваў, што былі выпадкі, калі і па трое сутак не выходзіў з аперацыйнай, — гаворыць Валянціна Барысюк. — Санітары толькі падавалі яму каву ды цыгарэты. Пасля таго як былі пакладзены апошнія швы, а новых параненых яшчэ не паступіла, абяссілены, ён правальваўся ў сон.

Аднойчы ад мужа доўга не было лістоў, а цынкавыя труны ўжо прыходзілі... Жонка ўзяла сябе ў рукі і пайшла ў ваенкамат: на шчасце, сумненні не пацвердзіліся. Тады Валянціна Іванаўна напісала ліст начальніку ваеннага шпіталя Кандагара. Нарэшце, прыйшоў адказ і выклік — яе веды як тэрапеўта таксама на вайне былі б не лішнімі.

— Я ўжо збіралася ехаць, але ваенны камісар папярэдзіў: калі я не хачу пакінуць сына круглым сіратой (Валодзя ўжо ў другі клас хадзіў), то павінна адмовіцца ад свайго рашэння, — расказвае Валянціна Барысюк. — І сёння ўдзячна таму ваенкаму за горкую, але праўду.

Палкоўнік медыцынскай службы Іван БАРЫСЮК.

Другі шанц

За час свайго знаходжання ў Кандагары Іван Барысюк выратаваў не адзін дзясятак маладых жыццяў. Але выпадак, які адбыўся з радавым 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі Валянцінам Юрчанкам, яму запомніўся назаўжды.

Падчас адной перастрэлкі з душманамі ўкраінскі хлопец быў моцна паранены. З такім дыягназам — кантузія сэрца і лёгкага, адрыў дыяфрагмы — здавалася, жыццё другіх шанцаў не давала. Але Іван Барысюк усё ж рызыкнуў...

У хлопца не было ні дыхання, ні сэрцабіцця, у прамым сэнсе адвалілася дыяфрагма, якую немаведама чым трэба было прышываць, — падобнага ваенны хірург не бачыў нават у самым страшным сне. Доўгія гадзіны над параненым — і ён пачаў дыхаць, забілася сэрца. Здавалася, можна было ўздыхнуць, але нешта было не тое з рукой. Іван Уладзіміравіч выклікаў рэнтгенолага, вердыкт якога проста ашаламіў: у левым прадплеччы — граната! Не абнадзеіў і сапёр, які тут жа прыбыў у аперацыйную: узарваўся боепрыпас ці не, сказаць было складана.

— Канешне, прасцей за ўсё і разумна было б ампутаваць хлопцу руку, але Ваня не мог дапусціць, што салдат на ўсё жыццё застанецца інвалідам, — кажа Валянціна Іванаўна. — Ён выгнаў усіх з аперацыйнай і сам узяўся за скальпель. Гранату даставаў без спецыяльных інструментаў, ніхто не думаў тады і пра бронекамізэльку.

А выбух усё ж раздаўся... Толькі адбылося гэта не ў аперацыйнай, а ў спецыяльна прызначаным месцы.

Сакрэтная карэспандэнцыя

Пра тое, што магла тады застацца ўдавой, Валянціна Барысюк даведалася праз шмат гадоў пасля ўнікальнай аперацыі. Яе муж не любіў пра гэта расказваць: лічыў, што на яго месцы так паступіў бы любы кваліфікаваны хірург. Магчыма, так ніхто і не даведаўся б пра гэты выпадак, калі б не ліст, які аднойчы трапіў у паштовую скрыню Барысюкоў.

Аказалася, воін-інтэрнацыяналіст адсочваў лёсы найбольш запамінальных сваіх пацыентаў. Не мог ён не пацікавіцца і тым, як склалася жыццё ў Валянціна Юрчанкі. Той, дарэчы, быў да канца сваіх дзён удзячны выратавальніку. У гэтым лісце ён чарговы раз пісаў самыя шчырыя словы ў адрас Івана Уладзіміравіча. Апошняму прыйшлося растлумачыць жонцы, адкуль карэспандэнцыя і, галоўнае, — з якой нагоды.
У тым канверце, па ўспамінах жонкі, ляжаў яшчэ і фотаздымак, на якім Валянцін Юрчанка трымаў на руках сваю нявесту. Неўзабаве жонка падарыла воіну-афганцу дзвюх дачок.

Між іншым, ва ўкраінскім горадзе Белая Царква, дзе жыў Валянцін Юрчанка, пра подзвіг Івана Барысюка ведалі многія: хлопец расказаў сваім землякам пра чалавека, які вярнуў яго з таго свету. Неўзабаве ў мясцовым музеі з'явілася адпаведная інфармацыя. Іван Уладзіміравіч неяк ездзіў у Белую Царкву, дзе, акрамя Валянціна, сустрэў яшчэ чалавек пяць, каго аперыраваў у Кандагары.

Калі б не адважнасць ваеннага хірурга, Валянцін ЮРЧАНКА застаўся б інвалідам.

Перажываў за кожнага пацыента

Пасля вяртання з Афганістана Іван Барысюк на розных пасадах працягваў быць верным клятве Гіпакрата. Служыў у Барысаве, Бабруйску, дзе быў намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. Як прызнаецца жонка, хірургу-практыку адміністрацыйная работа не прыносіла задавальнення. Затым была служба ў Венгрыі, і амаль усюды з ім была яго сям'я. Не дзіва, што адзіны сын таксама абраў прафесію ўрача.

Іван Барысюк мог застацца ў Мінску (некаторы час працаваў у цяперашнім 432-м Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл), але вярнуўся ў Барысаў, дзе доўга ўзначальваў 592-і ваенны шпіталь.

— Вайна ў Афганістане яго настолькі загартавала, што аперыраваў усё: з пятак да галавы, — расказвае Валянціна Барысюк. — Ён неяк мне прызнаўся, што калі б не атрыманы на вайне вопыт, наўрад ці калі адважыўся б на трэпанацыю чэрапа. Увогуле, перажываў за кожнага хворага, цікавіўся іх самаадчуваннем нават па выхадных. Ведаў кожнага свайго супрацоўніка, хто чым жыве. Яны, у сваю чаргу, былі ўдзячныя яму не толькі за ўвагу, але і бясцэнны вопыт, якім Іван Уладзіміравіч не шкадаваў дзяліцца.

Невыпадкова напярэдадні 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў гонар воіна-інтэрнацыяналіста, палкоўніка медыцынскай службы на тэрыторыі шпіталя ў Барысаве з'явіўся памятны камень. А не стала народнага ўлюбёнца ў кастрычніку 2010 года...

— На 40 дзён да нас прыязджаў той самы Валянцін Юрчанка, якога муж ні ў якім выпадку не мог пакінуць інвалідам, — кажа Валянціна Барысюк. — Нядаўна ён і сам пайшоў з жыцця: канчаткова пазбавіў здароўя Чарнобыль, куды разам са сваім сябрам-афганцам добраахвотна паехаў ліквідаваць наступствы аварыі.

Забыты подзвіг

За добрасумленнае выкананне інтэрнацыянальнага доўгу Іван Барысюк быў узнагароджаны савецкім ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені. Але гэтую ўзнагароду давалі многім, хто служыў у Афганістане.

Толькі ён ніколі не прэтэндаваў на большае, хоць добра разумеў, што тады, у чэрвені 1982-га, упершыню ў гісторыі савецкай, а можа, і сусветнай, медыцыны без спецыяльных інструментаў і сродкаў абароны ў адзіночку выняў з чалавека неразарваны боепрыпас.

— Аднойчы пра падобны выпадак, які адбыўся чатырма гадамі пазней у Ташкенце, я прачытала ў «Комсомольской правде», якую дагэтуль захоўваю, — успамінае жонка ваеннага ўрача. — Але тады граната не ўзарвалася (хутчэй за ўсё, была небаяздольнай), а падчас аперацыі хірургічная брыгада працавала са спецыяльнымі інструментамі і ў сродках аховы на выпадак выбуху, ды і было гэта не ў ваенна-палявых умовах. Хірурга ўзнагародзілі ордэнам. Я дагэтуль ніколі нікуды не пісала, але мне стала так крыўдна, што я звярнулася да рэдакцыйнага калектыву, расказаўшы гісторыю свайго мужа. Адказу так і не атрымала...

Сёння гэтую гістарычную несправядлівасць спрабуюць выправіць актывісты барысаўскай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў. Але пакуль безвынікова. Магчыма, калісьці праўда пераможа і герой атрымае заслужаную ім узнагароду.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Подзвіг за аперацыйным сталом

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.