Вы тут

Хто прадставіць Беларусь на «Еў­ра­ба­чан­ні-2018»?


Сённяшні вечар пакажа, ці дарэмна беларускія артысты баяліся ўкраінца Аляксеева.

На фінішную прамую гала-канцэрта, які пачнецца ўвечары ў самай вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі, выйшлі 10 удзельнікаў. Нагадаем, расійская вучаніца Пятра Ялфімава Сафія Лапіна, якая была ў гэтым спісе 11-й, зняла сваю заяўку (і неўзабаве падалася на адбор у Польшчу, але не прайшла). Астатнія ўлічылі заўвагі арганізатараў і працягнулі падрыхтоўку. Так, ужо тыдзень таму былі адзнятыя візітоўкі для кожнага артыста — сёлета гэта 30-секундныя ўключэнні са снежна-белага «пакоя ўспамінаў», — адбыліся папярэднія рэпетыцыі і агульны прагон, і ўсяго праз некалькі гадзін прамы эфір расставіць кропкі над «і».

Памятаеце, з каго сёлета прафесійнаму журы і нам, гледачам, давядзецца выбіраць музычнага дэлегата? Каб зняць вастрыню пытання «хто гэтыя людзі», «Звязда» прадстаўляе ўсіх кандыдатаў — у парадку выхаду на сцэну.


1. Аdаgіо, «Ты і я».

Кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік напаўжартам, напаўсур'ёзна сцвярджае, што гэты праект з усіх бакоў патрыятычны, бо ад пачатку да канца зроблены беларусамі. Словы і музыка — сямейнага і творчага дуэта Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай, выканаўцы — ураджэнцы розных беларускіх гарадоў (Кобрына, Слуцка, Гомеля і Светлагорска). І вішанька на торце: песня на беларускай мове — адна з дзвюх, што прайшлі ў фінал адбору.

У салістаў на чацвярых — пара дзясяткаў Гран-пры і дыпломаў міжнародных вакальных конкурсаў у творчым багажы, абсалютна розныя манеры выканання, і пры ўсім тым такая «спетасць», нібыта хлопцы працуюць разам шмат гадоў, а не некалькі месяцаў. «Незалежна ад «Еўрабачання», мы вырашылі, што гурт Аdаgіо працягне працаваць», — запэўніваюць артысты. Яны ўжо праехалі з прэс-турам па беларускіх гарадах, падрабязна расказваючы пра сябе, і... дэманстратыўна выклалі ў інтэрнэце ролік з пажаданнем удачы ўсім пайменна сапернікам.

2. Аlеksееv, «Fоrеvеr»

Ураджэнец Кіева Мікіта Аляксееў з'явіўся на вялікай сцэне толькі ў 2014-м, калі ўзяў удзел у тэлешоу «Голас краіны». Але фурор ён выклікаў праз год з песняй «П'янае сонца», якая імгненна стала хітом і ўзнесла выканаўцу на вяршыні чартаў і хіт-парадаў адначасова ў Расіі, Украіне і Беларусі.

Ад удзелу ва ўкраінскім адборы на «Еўрабачанне» малады артыст адмовіўся і нават спыніў супрацоўніцтва са сваім прадзюсарам Русланам Квінтам — цалкам магчыма, таму, што апошні сёлета ўзначальвае ўкраінскі адбор. Падавацца ў Расію таксама не было сэнсу — аб тым, што на конкурс едзе спявачка Юлія Самойлава, вядома яшчэ з 2017-га. Таму спроба заваяваць пуцёўку ад Беларусі цалкам лагічная. Праўда, і тут не ўсё адназначна. Хоць у конкурснай песні «Fоrеvеr» была часткова зменена мелодыя, яна ўсё яшчэ нагадвае рускамоўную «Навсегда», якая гучала на канцэртах яшчэ летась... Так што частка беларускіх артыстаў загадзя апалчылася на «легіянера», і адбор атрымаўся нервовым.

3. Shumа, «Хмаркі»

Электра-фолк-гурт Shumа — бадай, самая свежая і прыемная неспадзяванка сёлетняга адбору. Лідар праекта Руся Шукюрава вядомая як збіральніца калекцыі сімвалаў беларускага арнаменту, «голас» беларускай чыгункі, прафесійны дублёр кіно і трэнер па кіраванні голасам, але перадусім як даследчыца архаічных беларускіх спеваў.

«Мы не тое каб даспелі да конкурсу альбо так ужо натхніліся леташнім прыкладам Nаvіbаnd, — растлумачыла Руся, чаму замахнулася на еўравізійную сцэну, — проста разумеем, што «Еўрабачанне» — выдатная медыяплатформа, і праз такія конкурсы можна як мага большай аўдыторыі расказаць пра наш, беларускі, культурны прадукт». Песня, якую прадставіў гурт, — сплаў сучаснай моднай электроннай музыкі і народнага тэксту. Праўда, словы па рэкамендацыі арганізатараў адбору давялося перапрацаваць, каб не парушаць правілы «Еўрабачання». І ўсё ж гіпнатычны трэк Shumа абяцае стаць адной з самых яркіх частак фіналу.

4. Nароlі, «Сhаsіng Rushеs»

Вольга Шыманская апошнім часам жыве і працуе на Кіпры, але мары прадставіць Беларусь на еўравізійнай сцэне не пакідае. Вось ужо пяць гадоў запар спявачка ўдзельнічае ў беларускім адборы — і штораз, заўважым, даходзіць да фіналу.

Гэтым разам Вольга зрабіла стаўку на еўрапейскі матэрыял: у яе конкурснай песні — брытанскія аўтары і празрысты змест пра вечнае памкненне чалавечай душы да шчасця. Як прызнаецца артыстка, летась на эмоцыях яна паабяцала сабе больш ніколі не звязвацца з «Еўрабачаннем», але дасланая аўтарамі песня здалася ёй настолькі блізкай і асабістай, што вырашыла: гэтым абавязкова трэба падзяліцца са слухачамі.

5. Анастасія Малашкевіч, «Wоrld оn Fіrе»

Спявачка, педагог па вакале, артыстка Вялікага тэатра оперы і балета, удзельніца тэлепраектаў «Голас» і «Голас краіны», чэмпіёнка краіны па караоке, двойчы фіналістка беларускага адбору на «Еўрабачанне» — вось толькі сціслая вытрымка з творчага рэзюмэ Анастасіі.

Сёлета ў актыве артысткі — не толькі магутны «оперны» вакал, але і песня ад пладавітых і даволі папулярных у еўравізійных колах аўтараў, шведак-сясцёр Ілвы і Лінды Персан (толькі сёлета пяць іх кампазіцый увайшлі ў фіналы нацыянальных адбораў у розных краінах!).

6. Гюнеш, «І wоn't Сrу»

Адметны голас, сцэнічны вопыт, упартасць у дасягненні мэты — тыя якасці, з якімі Гюнеш скарыла не адзін музычны конкурс. На альтэрнатыўным «Еўрабачанню» конкурсе Turkvіsіоn пяць гадоў таму беларуска заняла другое месца, але гэтага ёй відавочна мала.

Сёлета 7-разовая ўдзельніца нацыянальнага адбору паспытае шчасця з кампазіцыяй ад прызнаных профі — удзельнікаў культавага шведскага гурта Sесrеt Sеrvісе Ціма Норэла і Улы Хакансана, а таксама заснавальніка гурта Аrmу оf Lоvеrs Аляксандра Барда. Над гэтай кампазіцыяй артыстка працавала ў Стакгольме, і можна не сумнявацца, што ў ёй выверана кожная нотка.

7. Радыёхваля, «Subwау Lіnеs»

Раней музычная суполка была кавер-бэндам і перапявала чужыя хіты, аднак паступова назапасіла сцэнічны вопыт і ўласны рэпертуар. Вакаліст Улад Чыжыкаў мае ў актыве перамогу на тэлепраекце «Акадэмія талентаў» і дыпломы шэрагу міжнародных і нацыянальных конкурсаў. З іншых цікавых фактаў пра гурт вядома, што агульны ўзрост яго ўдзельнікаў складае 118 гадоў, а сумарны музычны стаж перавышае паўстагоддзя.

Дарэчы, у 2016-м калектыў ужо даходзіў да фіналу беларускага адбору на «Еўрабачанне», але тады для больш ці менш сур'ёзнага выніку чагосьці не хапала. Сёлета ж — калі ласка, немалое фанацкае кола, стапрацэнтная лірычная балада і прадстаўлены тыдзень таму дэбютны альбом у яе падтрымку.

8. Аlеn Hіt, «І dоn't Саrе»

Алег Шчуцкі адлічвае сцэнічную кар'еру з 2011 года, калі паспрабаваў сілы ў адборы на «Новую хвалю». Потым юнак — на хвіліначку, веб-дызайнер па адукацыі — атрымаў Нацыянальную музычную прэмію як «Адкрыццё года», засвяціўся ў розных краі-
нах у тэлепраектах «Акадэмія талентаў», «Голас», «Х-фактар» і канчаткова зрабіў выбар на карысць музыкі.

«Еўрабачанне» ён штурмуе ўжо трэці раз, сёлета з песняй у стылі фанк. «Я жыву з такой палітыкай, што сам для сябе галоўны канкурэнт, мне трэба выступіць лепш, чым раней, увайсці ў пяцёрку найлепшых — гэта галоўная мэта. А ўжо якое месца займу, няхай вырашаюць гледачы і журы», — спакойна разважае артыст, абяцаючы ўразіць гледачоў танцамі і эфектным нумарам.

9. Lеху Wеаvеr, «Аіn't Yоu»

17-гадовая мінчанка Аляксандра Ткач — самая юная фіналістка нацыянальнага адбору, якая гучна заявіла аб сабе яшчэ летась. Вакалам дзяўчына займаецца менш як пяць гадоў, затое сама піша словы і музыку да сваіх песень і ўжо мае за плячыма некалькі перамог у творчых спаборніцтвах.

Можна, зразумела, пакпіць, што не вельмі складана быць спявачкай, калі ў цябе тата — прадзюсар. А можна прыгледзецца і прыслухацца да Аляксандры і ацаніць яе ўласны талент і манеру выканання, якія асобна адзначыў нават старшыня прафесійнага журы беларускага адбору Валерый Дайнека.

10. Кірыл Гуд, «Dеjа Vu»

Яшчэ дзесяць гадоў таму Кірыл Ермакоў упершыню (а потым яшчэ двойчы) удзельнічаў у адборы на дзіцячае «Еўрабачанне». Быў вядучым хіт-парада «Сто песень для Беларусі», спрабаваў сілы ў тэлепраектах «Акадэмія талентаў» і «Голас», таксама як у адборы ўжо на дарослае «Еўрабачанне».

Сёння Кірыл працуе ў Маскве, паспяхова піша і аранжыруе модныя песні для сябе і іншых выканаўцаў — у тым ліку, напрыклад, расійскай спявачкі Валерыі. Сваю ж конкурсную песню спявак напісаў у тандэме з вядомым на беларускай эстрадзе аўтарам слоў Раманам Калодкам.

...Хто з дзясяткі фіналістаў выйграе шчаслівы білецік у Лісабон? Вырашаць у тым ліку вам, шаноўная публіка.

Тым часам

Пакуль інтрыга вакол дарослага «Еўрабачання-2018» толькі закручваецца, падрыхтоўка да дзіцячага конкурсу, які сёлета другі раз прымае Беларусь, праходзіць у штатным рэжыме. Днямі Мінск наведалі прадстаўнікі назіральнай рады «Еўрабачання» з Расіі, Грузіі, Італіі, Мальты і Нідэрландаў. Госці абмеркавалі з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі арганізацыйныя пытанні, а таксама ацанілі «Мінск-Арэну» як адну з магчымых пляцовак для правядзення шоу, выставачны цэнтр «БелЭкспа», які прапануецца ў якасці месца ўрачыстага адкрыцця форуму, і гасцінічны комплекс «Прэзідэнт-Атэль», дзе ўжо ў лістападзе пачне дзейнічаць Еўраклуб і будуць жыць дэлегацыі ўдзельнікаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прэс-службы БТРК і з сацыяльных сетак

Загаловак у газеце: Хто ляціць у Лісабон?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.