Вы тут

У Жодзіна з'явілася алея ліхтароў


З кожным годам горад Жодзіна прыгажэе, тут з'яўляюцца новыя аб'екты, малыя архітэктурныя формы, якіх да нядаўняга часу не хапала. Яны надаюць гораду свой, непаўторны каларыт, робяць яго пазнавальным і адметным сярод іншых населеных пунктаў. У прыватнасці, летась на праспекце Міру з'явілася алея ліхтароў.


Вось так выглядае адзін з ліхтароў.

— Распрацоўкай эскізаў і ўстаноўкай займаліся прадпрыемствы, а пляцоўку парадкавалі за кошт гарадскога бюджэту, — расказаў першы намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей КОНАН. — Кожны з ліхтароў адлюстроўвае дзейнасць канкрэтнага прадпрыемства, арганізацыі, з'яўляецца эксклюзіўным і ўнікальным па сваім дызайне.

Напачатку ліхтароў было 24, а цяпер іх ужо 31.

Сапраўды, алея ўражвае. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, тут хапае цікаўных, у тым ліку і дзяцей. У наведнікаў разбягаюцца вочы, бо вызначыць, які ліхтар лепшы, вельмі цяжка. Напрыклад, скульптурны ансамбль камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «ЖодзінаЖылЦеплаСэрвіс» атаясамліваецца з цяплом і ўтульнасцю ў доме. Кампазіцыя зроблена ў выглядзе хатняга кутка: крэсла-качалка, за акном віднеюцца зоркі на небе, свецяць ліхтары. Пры праектаванні крэсла атрымалася вельмі ўмяшчальным, таму стваральнікі вырашылі зрабіць яго яшчэ і скарбонкай, пад якой знаходзіцца люк з кодавым замком. Лічыцца, калі ў спецыяльную шчыліну кінуць манетку, то жаданне спраўдзіцца. Пасля таго як скарбонка запоўніцца, яе адчыняюць, а грошы перадаюць на дабрачынныя мэты.

Жодзінскі хлебазавод устанавіў ліхтар у форме печкі з батонам унутры. Побач — фігура пекара з паднятым угору вялікім пальцам. Гэты жэст азначае: хлеб атрымаўся што трэба.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Світанак» працуюць у асноўным жанчыны. Ліхтар уяўляе сабой швейную машынку, за якую можа прысесці кожны ахвотны, каб сшыць сабе рэч.

Ліхтар БелАЗа назвалі «Волат». Гэта каваная стылізаваная скульптура: трывалы каркас з металічных пруткоў, да якіх прымацаваны пласціны з нержавеючай сталі. У кампазіцыі выкарыстаны таксама элементы дэталяў машын. Над галавой волата — валун з каляровымі шкельцамі і святлодыёднай падсветкай. Фігура асілка сімвалізуе магутнасць, а святло — стваральную мірную працу, пастаяннае ўдасканаленне.

А сёлета ў горадзе плануюць зрабіць яшчэ і алею крэатыўных лавак на праспекце Леніна. Працягнецца добраўпарадкаванне гарадскога парку — тут будзе невялікае возера, а пасярэдзіне — востраў з фантанам. Прадпрымальнікі ўладкуюць спартыўную пляцоўку, дзе цэнтральнае месца зойме карабель.

— Вядома, такія канструкцыі ўсталяваны ў розных кутках Беларусі. Але наша будзе спецыфічнай, унікальнай, непадобнай на іншыя, — упэўнены Сяргей Конан. — Акрамя таго, у мінулым годзе ўзнікла ідэя ўстанавіць на ўездзе ў горад скульптуру Божай Маці, выява якой размешчана на гербе Жодзіна. Сёлета БелАЗ адзначае 70-гадовы юбілей. Мяркуецца стварыць алею прадпрыемства «Кантыненты» з пазначэннем краін, куды пастаўляюцца і дзе працуюць айчынныя кар'ерныя самазвалы. Фарміраванне такога ўнікальнага асяроддзя, напоўненага жыццём, будзе весціся з удзелам арганізацый розных формаў уласнасці, прадпрымальнікаў, гараджан, а таксама з прыцягненнем сродкаў гарадскога бюджэту.

За мінулы год на вуліцах з'явілася столькі новых аб'ектаў, колькі не створана за ўсю гісторыю горада. У гэтым вялікая заслуга старшыні гарвыканкама Юрыя Шарага, які можа пераканаць усіх кіраўнікоў прыняць удзел у добрай справе.

— Жодзіна па прыгажосці перасягнуў многія гарады, хоць пабудаваны пасля вайны. Менавіта дзякуючы малым архітэктурным формам ён набыў сваю адметнасць, — выказвае меркаванне навуковы супрацоўнік Жодзінскага краязнаўчага музея Сяргей Візнер. — 2018 год вельмі важны для нас — ён чатыры разы юбілейны. У 1643-м паселішча было заснавана, у 1688-м атрымала назву Жодзіна, 70 гадоў таму быў заснаваны «БелАЗ». І, нарэшце, у 1963-м пасёлак гарадскога тыпу атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання нароўні з Салігорскам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: За алеяй ліхтароў — алея крэатыўных лавак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».