Год малой радзімы, якім аб'явіў 2018-ы на мінулым тыдні кіраўнік краіны, напэўна, стане самым шчырым з усіх, што былі да яго. У выніку, думаю, атрымаецца шмат цікавых, вельмі добрых спраў, бо тое, што робіцца з душой, заўсёды атрымліваецца так, як задумана. Да месца, дзе нарадзіўся, дзе стаяў (а калі пашанцавала, стаіць і сёння) бацькоўскі дом, усё жыццё адчуваеш цеплыню і любоў, дзе б ты ні жыў, у якія б вялікія людзі ні выбіўся. А яшчэ, асабліва калі малая радзіма — невялікая вёска, якая ціха памірае сваёй смерцю, цвеліць душу непазбыўнае пачуццё віны, што ты яе, выправіўшыся аднойчы шукаць лепшай долі, ужо тады, калі яшчэ звінела вуліца галасамі, сядзелі бабулі на лаўках і вяртаўся надвячоркам з поля вялікі вясковы статак, пакінуў з гэтай смерцю сам-насам.
Цяпер якраз добры час, каб аб'явіць такі год. Людзі, для якіх малая радзіма не пусты гук, якія адчуваюць тыя самыя любоў, цеплыню і віну, якія маюць магчымасці, сілы і сродкі для свайго роднага кута штосьці зрабіць, сёння ў самым росквіце. (Пра такіх людзей вельмі пераканаўча напісала ва ўчарашнім нумары мая калега Святлана Яскевіч.) Гэта пакаленне, якое ў 70-х , 80-х, пачатку 90-х масава з'язджала з вёсак, пакідаючы сваю малую радзіму фактычна без будучыні, без працягу. І цяпер яны... Зрэшты, чаму «яны»? І цяпер мы, каб самім сабе і іншым давесці, што мы сваёй радзіме не здрадзілі, спрабуем зрабіць для яе хоць штосьці карыснае (пасадзіць ля хаты малады сад, напрыклад). Так што мерапрыемствы аб'яўленага года пройдуць, думаю, паспяхова. Хтосьці на малой радзіме падправіць разбураны плот каля бацькоўскай сядзібы, а хтосьці плот паставіць па ўсёй вёсцы за ўласныя сродкі.
Ад гэтага ўпэўненага прадчування хораша на душы, але скрабе па ёй адно таксама ўпэўненае веданне. Калі б мы аб'явілі Год малой радзімы ў 2038-м, напрыклад, спадзявацца на людскі ўздым і натхнёнасць ужо б не даводзілася. Бо вырасла цэлае пакаленне правінцыялаў, якія да месца, дзе нарадзіліся, ставяцца калі не з пагардай, дык дакладна абыякава: у сямнаццаць гадоў абтрэслі родны пыл з ног — і дзякуй богу. І няма чаго асабліва ўспамінаць і шкадаваць. Пачуццё віны — пра што вы кажаце? Перад чым і перад кім хто вінаваты? Спытайцеся ў сённяшніх 25-гадовых, што прыехалі з перыферыі і прыжыліся ў вялікім горадзе, як часта яны бываюць у родных мясцінах, у бацькоў, якія яшчэ маладыя, жывыя і здаровыя. Адказ у большасці будзе — «Нячаста, хіба што на святы. Што там рабіць? Самота, правінцыя...»
Што атрымалася менавіта так, а не інакш, не вінаваты, бадай, ніхто. Час цяпер такі, па ўсім свеце дзеці адрываюць ад сябе карані, якія перашкаджаюць крочыць да пастаўленай мэты. Але, магчыма, Год малой радзімы — добрая нагода паразважаць аб тым, што можна зрабіць, каб у недалёкай будучыні не мець грамадства абыякавых і бяспамятлівых.
Любіць, а тым больш паважаць, можна толькі тое, што добра ведаеш. Да малой радзімы гэта адносіцца нават больш, чым да іншых паняццяў. Бо малая радзіма — гэта не толькі «чырвоная груша над дзедаўскім домам». Гэта яшчэ і веданне гісторыі менавіта гэтага кавалка зямлі, яго паданняў, паходжання яго назваў, смешных і павучальных выпадкаў з удзелам тваіх землякоў, лёсаў гэтых людзей. З такога ведання нараджаецца гонар — яшчэ адзін надзвычай важны складнік любові да роднай зямлі. Але ж гэта веданне менавіта пра сваю радзіму (калі гэта не вялікі горад з багатым мінулым) не знойдзеш ні ў падручніку гісторыі, ні нават ва ўсюдыіснай «Вікіпедыі».
Тры гады назад у рэдакцыі «Звязды» мы праводзілі круглы стол, падчас якога гаварылі аб значнасці развіцця практычнага краязнаўства непасрэдна на месцах, аб тым, што яно можа стаць стрыжнем патрыятызму ў нашай маладой дзяржаве. Удзельнікі дыскусіі казалі пра тое, як важна далучаць да гэтай работы вучняў, ладзіць невялікія, лакальнага маштабу даследчыя экспедыцыі, размаўляць са старымі людзьмі, якія былі сведкамі значных для гэтай мясцовасці падзей. Выказвалася вялікая занепакоенасць лёсам музеяў вясковых школ. «Бо ні ў адной іншай краіне на прасторах былога Саюза няма такой колькасці музеяў, дзе захоўваюцца ўнікальныя дакументальныя матэрыялы. У іх працуюць проста апантаныя сваёй справай людзі. Многія з гэтых музеяў знаходзяцца на базе школ, у тым ліку вясковых. Цяпер школы ўзбуйняюцца, аб'ядноўваюцца з іншымі, і гэтыя музеі знаходзяцца пад пагрозай знікнення разам з матэрыяламі. І гэта праблема патрабуе вырашэння, інакш мы можам беззваротна страціць вялізны пласт нашай гісторыі», — эмацыянальна гаварыў тады адзін з самых, бадай, нераўнадушных да тэмы краязнаўства людзей доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя.
Добрая падказка для тых, хто мае магчымасці і сродкі зрабіць штосьці значнае для сваёй малой радзімы, але не ведае, што менавіта. Пазбіраць раскіданыя камяні, якія могуць стаць добрым падмуркам для наступных пакаленняў. Басейны, тэнісныя корты, новыя храмы — усё гэта, канешне, вельмі добра, проста выдатна. Але калі мы не паклапоцімся пра дасведчанасць адносна гісторыі родных мясцін, пра павагу да яе тых, хто, прыцягнуты ўсімі дабротамі цывілізацыі, застанецца жыць у правінцыі, пра адраджэнне гэтых самых мясцін можна будзе гаварыць вельмі нават умоўна.
Бо галоўны — духоўны — складнік адраджэння ніхто не адмяняў.
Алена ЛЯЎКОВIЧ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.