Вы тут

Парады паляўнічаму: як адрозніць дзікіх жывёл па рагах


Мець у якасці адмысловага паляўнічага трафея рогі дзікіх жывёл мараць многія паляўнічыя. Ды і не толькі ў іх яны карыстаюцца попытам. Напрыклад, майстры цэняць рогі ў якасці матэрыялу для выразання розных вырабаў. Сёння спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь увядуць чытачоў у гэтую тэму.


У дзікай прыродзе Беларусі жыве некалькі прадстаўнікоў сямейства аленевых — лось, высакародны алень, еўрапейская казуля і ў нязначнай колькасці еўрапейская лань.

Аленевыя маюць галінастыя касцяныя рогі, якія ўтвараюцца на вырастах лобных костак і штогод змяняюцца. Звычайна яны ёсць толькі ў самцоў, хоць у паўночных аленяў імі ўзброены і самкі, а вадзяныя алені (насяляюць усходні Кітай і Карэйскі паўвостраў) пазбаўлены іх.

У адрозненне ад пустарогіх (каровы, бізоны, дзікія казлы і бараны) рогі аленяў валодаюць ячэістай структурай. Падчас росту яны пакрытыя пяшчотнай і адчувальнай скурай з вялікай колькасцю крывяносных сасудаў, якія сілкуюць рагавую костку і садзейнічаюць яе ўмацаванню. Асноўнае прызначэнне рагоў — выкарыстанне ў шлюбных паядынках у перыяд спароўвання, а таксама як сродак абароны ад драпежнікаў. Паўночныя алені выкарыстоўваюць рогі для расчысткі снегу, каб дабрацца да асноўнага іх корму — ягелю.

Рогі ў самцоў-сяголеткаў лася пачынаюць расці ў верасні-кастрычніку. У студзені-лютым яны маюць выгляд шышак, а ў сакавіку дасягаюць некалькіх сантыметраў. Цалкам сфарміраваныя рогі ў выглядзе прутка даўжынёй каля 5—30 сантыметраў або з двума невялікімі адросткамі цвярдзеюць у канцы ліпеня — пачатку жніўня. Скідаюць іх жывёлы параўнальна позна — у сакавіку і красавіку наступнага года. Новыя, часцей двух- або трохканцовыя, растуць хутка, ачышчаюцца ад скуры ў другой палове верасня і скідаюцца ў перыяд са снежня да сакавіка.

Дарослыя самцы лася губляюць рогі звычайна з сярэдзіны лістапада да студзеня, прыкладна палова жывёл губляе іх ужо да сярэдзіны снежня. Рост новых шматканцовых пачынаецца ў лютым-сакавіку, ачышчэнне ад аксаміту завяршаецца ў жніўні — пачатку верасня.

Памер рагоў і колькасць адросткаў на іх павялічваецца з узростам да пэўнай мяжы і ў значнай меры суадносіцца з масай жывёл. Найбольш развітыя рогі ў самцоў ва ўзросце 6—10 гадоў. Аднак па памерах і колькасці адросткаў нельга адназначна меркаваць пра ўзрост жывёл, паколькі ступень развіцця рагоў залежыць таксама і ад фізіялагічнага стану звяроў.

У цялят-самцоў высакароднага аленя зачаткі рагоў прыкметныя з верасня, але іх інтэнсіўны рост пачынаецца з сакавіка-красавіка, да верасня-кастрычніка рогі-«шпількі» або з адным адгалінаваннем адрастаюць да 30—60 сантыментаў і касцянеюць. Другія рогі з надвочным і сярэднім адросткамі развіваюцца на трэцім годзе жыцця.

З узростам рогі высакароднага аленя падаўжаюцца і становяцца больш масіўныя. Поўнага развіцця яны дасягаюць да 5-6, максімальнага — да 10—12 гадоў жыцця жывёл. Пазней выяўляюцца прыкметы дэградацыі: у першую чаргу знікае другі надвочны адростак, затым і астатнія, аж да таго, што застаецца толькі першы надвочны, губляецца сіметрычнасць рагоў, памяншаюцца іх памер і маса.

Скіданне рагоў у дарослага высакароднага аленя адбываецца з канца лютага — пачатку сакавіка да сярэдзіны мая. Здаровыя і ўкормленыя асобіны губляюць іх раней, а моцна знясіленыя і аслабленыя цяжкай зімоўкай, хворыя і маладыя пазней: у канцы красавіка — маі. Неўзабаве пасля гэтага пачынаюць расці панты, рост новых рагоў заканчваецца ў канцы чэрвеня — першай палове ліпеня. У другой палове ліпеня — у жніўні жывёлы чысцяць іх трэннем аб дрэвы. Працэс фарміравання рагоў займае 90—115 дзён, акасцяненне — каля 30—40 дзён, ачыстка скуры — больш за тыдзень.

Першыя пакрытыя скурай рожкі еўрапейскай казулі пачынаюць расці ў цялят-самцоў са жніўня, у верасні — лістападзе яны могуць дасягаць 0,5-5 сантыметраў, да мая-чэрвеня вырастаюць да 6—24 сантыметраў і касцянеюць.

Першыя рогі, як правіла, не маюць адросткаў ці ж зрэдку разгаліноўваюцца на самым канцы. Але ў нешматлікіх добра развітых сяголеткаў яны ўжо да снежня вырастаюць да 6—12 сантыметраў, касцянеюць і скідаюцца ў самым канцы снежня або ў студзені. У такіх асобін з лютага развіваюцца другія, звычайна двух- або трохадросткавыя, рогі. Гадавалыя самцы еўрапейскай казулі чысцяць іх ад скуры ў маі, на адзін-тры месяцы пазней за дарослых. Скідаюць рогі часцей у снежні. У канцы студзеня — лютым пачынаецца рост новых, параўнальна тонкіх двух- або трохканцовых, якія ачышчаюцца ад аксаміту ў канцы мая — чэрвені, на два-чатыры тыдні пазней, чым у дарослых. З трэцяга года жыцця скідванне рагоў адбываецца з канца кастрычніка да сярэдзіны снежня.

Цыкл развіцця рагоў у лані рэгулюецца палавымі гармонамі. Першыя маленькія рожкі-«запалкі» з'яўляюцца паміж 5 і 12 месяцамі жыцця і спачатку нагадваюць доўгія вырасты на лбе. Даўжыня такіх вострых рожкаў часам дасягае 20 сантыметраў. У трох-чатырохгадовых самцоў адрастаюць характэрныя для гэтага віду рогі-«рыдлёўкі». На галоўным ствале кожнага рога маецца не менш за тры адросткі, накіраваныя ў бок «рыдлёўкі». Вертыкальна пастаўленая «рыдлёўка» абрамлена па заднім краі так званым грэбнем пеўня і заканчваецца «шпорай». Штогод у красавіку — чэрвені дарослы самец скідае старыя рогі, замест якіх у жніўні-верасні адрастаюць новыя.

У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання і іншых актах заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету не ўстаноўлена забаронаў або абмежаванняў на ажыццяўленне грамадзянамі збіральніцтва скінутых рагоў дзікіх капытных жывёл (аленевых), якія жывуць ва ўмовах натуральнай свабоды. Яны не адносяцца да прадукцыі палявання і паляўнічых трафеяў, паколькі не з'яўляюцца часткамі загінулых або здабытых дзікіх жывёл.

Аднак варта памятаць: не дапускаецца самавольнае знаходжанне грамадзян на тэрыторыі запаведнікаў — Бярэзінскага біясфернага і Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага — і запаведных зон асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, а таксама на тэрыторыях, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню і на якіх устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Калі і ў каго рагоў многа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?