Вы тут

Апытанне. Ці лёгка сказаць «даруй»?


Традыцыя рабіць гэта ў апошні дзень перад пачаткам Вялікага посту, каб уступіць у яго чыстым і пакаянным, існуе не выпадкова. Прычым прабачэння просяць не толькі ў тых, каго добра ведаюць ды трымаюць «зуб», а нават і ў незнаёмых.

Здаецца, нічога няма прасцей, чым сказаць «Даруй мне». Але вельмі шмат выпадкаў, калі чалавеку нешта перашкаджае — гордасць, ілжывая ўпэўненасць у тым, што толькі яго меркаванне правільнае... Дык ці лёгка сказаць «даруй»? Ці лёгка дараваць самому?


Галіна Бяляева, завуч магілёўскай сярэдняй школы № 34:

— Дараваць — значыць перапакутаваць. Лёгка прасіць прабачэння тады, калі табе гэта не важна. Але як дараваць блізкаму чалавеку, напрыклад, падман? З часам, магчыма, душэўны боль пройдзе, але расколіна ў адносінах застанецца. Паглядзіце, колькі вакол сямейных пар, якія пасля хатніх канфліктаў захавалі адносіны, але не перастаюць абвінавачваць адно аднаго ў былых крыўдах. Ёсць вельмі добрая прытча пра вазу, якая, пакуль цэлая, прыгожая, а калі разаб'ецца, ператвараецца ў груду аскепкаў. І нават, калі іх склеіць, той прыгажосці ўжо не атрымаецца. Як можна нешта дараваць, калі вусны шэпчуць «прабач», а душа супраціўляецца?

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы:

— Калі зыходзіць з хрысціянства, трэба вучыцца дараваць. Але я ніколі не змог бы чыста па-чалавечы дараваць таму, хто здраджвае Радзіме і робіць бізнес на дзецях. Усё астатняе можна зразумець. Чалавек можа ўпасці, здзейсніць злачынства, што заўгодна. Усе мы падаем, у запале можам зрабіць нешта дрэннае. Бабуля і дзядуля вучылі мяне, што трэба паспець сказаць «даруй» — прычым яшчэ калі чалавек жывы. Чым раней мы гэта ўсвядомім, тым лепш. Асабліва гэта праблема ва ўзаемаадносінах дзяцей і бацькоў, самых блізкіх людзей. Калі ты малады, бескампрамісны, табе здаецца, што бацькі састарэлі, усё робяць не так, а калі падрастаеш, адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў. Самым блізкім людзям трэба заўсёды казаць «даруй». Бо так мала людзей, якія любяць нас проста так. У мяне выбухны тэмперамент, я ведаю свае хібы, недасканаласці, але, прынамсі, калі я адчуваю, што пакрыўдзіў чалавека, я дзесяць разоў паспрабую вырашыць гэтую праблему. Самае страшнае пакрыўдзіць проста так, ні за што.

Андрэй Купцоў, протаіерэй кафедральнага Праабражэнскага сабора Магілёва:

— Калі ў Госпада спыталіся, як правільна маліцца, ён пакінуў малітву «Ойча наш», яе яшчэ называюць кароткае Евангелле. І ў ёй ёсць словы «і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым». Калі мы не будзем дараваць грэх камусьці, дык і Бог не будзе нам. Вядома, прабачаць абстрактнаму чалавеку лёгка, а вось на тых, хто побач знаходзіцца, часцей за ўсё спаганяюць зло. Таму важна прасіць прабачэння ў іх і ва ўсіх. Навошта прасіць? Для таго, каб Бог нам дараваў і не было ніякай крыўды. Каб мы не звязвалі сябе па руках і нагах. Нездарма кажуць, што на пакрыўджаных ваду возяць. Вораг роду чалавечага д'ябал хоча, каб мы працавалі на яго. Калі мы пакрыўджаныя, з гневам не можам справіцца, значыць не можам тварыць дабро, любіць. Мы страчваем шмат энергіі, якую нам дае Бог. Гэта тая сіла, якая дапамагае нам пераадолець усе важныя жыццёвыя сітуацыі. У Госпада спыталіся: «Колькі разоў можна дараваць свайму брату? Сем хопіць?», Ён адказваў: «Не, сем разоў па семдзесят — да бясконцасці трэба дараваць свайму бліжняму брату». Святыя айцы заклікалі: прымірыся, пакуль не зайшло сонца, каб заходзячае сонца не застала цябе ў гневе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Ці лёгка сказаць «даруй»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».