Вы тут

Тыдзень роднай мовы пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук


Тыдзень роднай мовы пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 19 да 23 лютага. Ён прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які сёлета адзначаецца 21 лютага. У рамках Тыдня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзе арганізаваны шэраг мерапрыемстваў.


19 лютага аб 11-й гадзіне адбудзецца навукова-практычны семінар «Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія ў інтэрнэце: прынцыпы функцыянавання і практычнае выкарыстанне ў навуковай дзейнасці». Семінар прысвечаны аднаму з найважнейшых складнікаў і інструментаў дзейнасці вучоных — навуковай інфармацыі. Удзельнікі атрымаюць рэкамендацыі па практычным выкарыстанні бібліяграфічнай базы іSуbіslаw і даведаюцца аб разнастайных пошукавых інструментах для эфектыўнай работы з бібліяграфічнай інфармацыяй.

У 14.00 Савет маладых навукоўцаў арганізуе забаўляльна-адукацыйнае мерапрыемства «Мова-Quіz» для творчай моладзі НАН Беларусі. Удзельнікі гульні-віктарыны змогуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, логіку, веданне беларускай мовы, а таксама фактаў з гісторыі, культуры і беларускай літаратуры.

20 лютага ў 10.00 у Інстытуце мовазнаўства пройдзе сустрэча вучоных-мовазнаўцаў з вучнямі сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання. Для школьнікаў будзе арганізавана прэзентацыя «Гісторыя беларускага пісьменства».

У 14.00 адбудзецца пасяджэнне круглага стала «Беларуская мова і бізнес». На сустрэчу запрошаны прадстаўнікі беларускіх фірмаў, кампаній (Vеlсоm, запраўка А100 і г. д.), рэкламных агенцтваў, банкаў, Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Кола пытанняў, якія плануецца абмеркаваць, вельмі шырокае: нацыянальная мова як важны фактар дзейнасці рэкламнай кампаніі; тэрміналагічная база рэкламы; бізнес і моўная палітыка; бізнес і нацыянальнае кнігавыданне; бізнес і лінгваадукацыйныя паслугі.

21 лютага ў 10.00 пачне работу Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская мова ў сферы sасrum: гісторыя і сучаснасць». Праблемнае поле — богаслужэбная практыка, асвета і пісьменства як фактары станаўлення і развіцця еўрапейскіх нацыянальных моў; функцыянаванне беларускай мовы ў рэлігійнай сферы жыцця сучаснага грамадства і ў літургічнай. Таксама ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства пройдзе прэзентацыя юбілейнага выдання «Псалтыра» ў перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову, падрыхтаванага трыма вядомымі ў краіне навукоўцамі — доктарам філалагічных навук прафесарам Мікалаем Прыгодзічам, кандыдатам гістарычных навук, магістрам тэалогіі Уладзіславам Завальнюком і настаўнікам-беларусаведам Валянцінай Раманцэвіч.

У 14.30 адбудзецца круглы стол «На якой мове звяртацца да Бога», прысвечаны праблемам ужывання рэлігійнай тэрміналогіі. У ім возьмуць удзел вучоныя, перакладчыкі, прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій.

22 лютага ў 18.30 Інстытут мовазнаўства сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа праводзяць імпрэзу «Па старонках Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». У праграме запланаваны выступленні аўтараў слоўніка, чытанні тэкстаў на старабеларускай мове, выступленне дуэта CАRKА.


Даведка

Міжнародны дзень роднай мовы — штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Галоўная яго мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У роднай мовы — свята

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».