Вы тут

У Магілёве на выбары заклікалі музыкай і смачнымі буфетамі


- Дэпутацкія паўнамоцтвы даюць дадатковыя магчымасці звяртацца ў органы выканаўчай улады, вырашаць з мясцовым насельніцтвам тыя праблемы і пытанні, якія іх турбуюць, - адзначыў падчас удзелу ў выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання ў Магілёве старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Губернатар прыйшоў аддаць свой голас на участак №32, які размясціўся ў сярэдняй школе №12 па вуліцы Ніжняя Карабанаўская. На гэтым жа участку прагаласаваў і мэр Магілёва Уладзімір Цумараў.


З раніцы ў Магілёве панавала прыпаднятая атмасфера. З боку выбарчых участкаў неслася бадзёрая музыка, людзей там сустракалі ветлівымі ўсмешкамі, дзякавалі за неабыякавасць.  

Выбарчы участак №5 на вуліцы Курака адзін з вялікіх у горадзе, знаходзіцца амаль у цэнтры горада.  Тут галасуе болей 2, 5 тысяч выбаршчыкаў. З 13 па 17 лютага свой грамадзянскі доўг тут выканалі каля 30%.

 - На нашым участку 2 інтэрната, людзі на выхадныя з'язджаюць з горада, таму і галасуюць датэрмінова, - удакладніла старшыня выбарчай камісіі Людміла Елісеева.

 У дзень выбараў першы выбаршчык завітаў на участак ужо цераз 15 хвілін пасля таго, як толькі выбарчая камісія апячатала скрыні для галасавання - у 8.02. А потым народ пайшоў бесперапынна. З маленькімі дзецьмі, з дзядулямі, бабулямі, некаторыя цэлымі сем'ямі... У суседнім будынку з нагоды выбараў быў арганізаваны шыкоўны буфет з выпечкай і смачнымі шашлыкамі, была магчымасць пасядзець за столікамі.

 - Выбары праходзяць спакойна, нават святочна, - удакладніла старшыня. - Усё неабходнае для галасавання ёсць - лупы, ліхтарыкі. А празрыстыя урны былі ў нас яшчэ на папярэдніх выбарах, калі выбіралі Прэзідэнта. Усё , як бачыце, адкрыта і празрыста. Людзі ідуць з надзеяй, што народныя абраннікі дапамогуць навесці ў мікрараёне парадак з дзіцячымі пляцоўкамі, дарогамі, дварамі.

 Маргарыта Фальковіч прыйшла галасаваць разам з сынам студэнтам. Прызналася, што на дэпутатаў іх сям'я ўскладае вялікія надзеі.

- У гэтым раёне я жыву з 9 гадоў, тут жа на металургічным заводзе працавалі мае дзядулі і бабулі. Я асабіста аддала рабоце на гэтым прадпрыемстве 25 гадоў свайго жыцця. Вельмі люблю свой завод, свой раён і хочацца, каб ён стаў лепш. Бяда ўсяго нашага горада - дарогі, але ў нашым мікрараёне гэта наогул пакаранне. Хацелася б, каб лепей было з вулічным асвятленнем. Вядома, што дэпутаты не ўсё могуць, што грошай ў бюджэце не хапае, але вельмі спадзяемся, што на наш раён таксама звярнуць увагу. І з транспартам праблема, раней хадзілі аўтобусы, а зараз нічога няма. Гэта ж не нармальна. Ладна мы тут побач жывем, але ж людзі ездзяць на завод з усяго горада. Калі такое надвор'е, як зараз, снег, хлюпота, дарога адымае вельмі шмат часу.

- Усё арганізавана вельмі добра, выбары праходзяць спакойна, без парушэнняў. Уся ідзе ціха, мірна, законна, - даў адзнаку выбарчаму працэсу назіральнік ад грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Андрэй Цупрыкаў. - Шмат моладзі, сямей з маленькімі дзецьмі. Людзі падыходзяць і да нас, задаюць пытанні, цікавяцца, дзе потым шукаць вынікі выбараў, як даведацца, што прайшоў менавіта іх кандыдат. А што іх шукаць? Мы ж ведаем, куды яны ўсе дэлегуюцца - у аблсавет дэпутатаў або гарсавет. Галоўнае, ведаць прозвішча кандыдата, каб потым высветліць, увайшоў ён у склад таго ці іншага  савета або не.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».