Вы тут

Для Мінска склалі барометр магчымага працаўладкавання


Спецыялісты прадставілі спіс найбольш і найменш запатрабаваных прафесій, прааналізаваўшы больш за 150 розных кірункаў. У топе па-ранейшаму спецыялісты ў сферы медыцыны, адукацыі і сучасных тэхналогій. Што датычыцца рабочых спецыяльнасцяў, то высокі попыт на кваліфікаваных будаўнікоў, кухараў, трактарыстаў, прадаўцоў. А вось псіхолагам, эканамістам, юрыстам, мадэльерам і ліфцёрам адшукаць «месца пад сонцам» зараз будзе не так проста.


У будучыні змены закрануць прадстаўнікоў прафесій, якія не патрабуюць спецыфічных ведаў і ўменняў: касіраў, аператараў кол-цэнтраў, кур'ераў, сакратароў і адміністратараў. У буйных гіпермаркетах касіраў заменяць спецыяльныя тэрміналы, а ў кол-цэнтрах з работай змогуць спраўляцца аператары-робаты, праз 10—15 гадоў можа пачаць знікаць прафесія вадзіцеля, абавязкі якога возьме на сябе аўтапілот. Ужо цяпер шматлікія кампаніі скарачаюць штат бухгалтараў, бо з'яўляюцца новыя праграмныя прадукты, якія аблягчаюць працэсы ўліку.

Спецыялісты па прасоўванні і маркетынгу, камп'ютарным абсталяванні і тэлекамунікацыях, сістэмныя аналітыкі, архітэктары, кіраўнікі сярэдняга звяна на вытворчасці могуць спаць спакойна — іх прафесіі будуць па-ранейшаму запатрабаваныя. Тыя, хто плануе заняцца вывучэннем блокчэйна і крыптавалют, таксама не пралічыліся: попыт на экспертаў у гэтай сферы будзе толькі расці. Тым не менш, як адзначыла начальнік аддзела рынку працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Мінгарвыканкама Святлана ЛЯВОНЧЫК, наяўнасць дыплома не гарантуе працоўнае месца і паспяховую занятасць. Нават тым, у каго ёсць запатрабаваная спецыяльнасць, неабходна паглыбляць веды і цікавіцца інавацыямі. І калі раней аптымізацыя датычылася ў большай ступені рабочых спецыяльнасцяў, то сёння камп'ютарызацыя замяняе і тых, хто працуе ў інтэлектуальнай сферы. Напрыклад, прафесіі юрыстаў, псіхолагаў, эканамістаў у чыстым выглядзе становяцца ўсё менш запатрабаваныя.

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Мінгарвыканкама склалі таксама прагноз сітуацыі на рынку працы сталіцы на 2018 год. У гэтым ім дапамаглі прадстаўнікі Шведскай дзяржаўнай службы занятасці, цеснае супрацоўніцтва з якімі працягваецца ўжо практычна дзесяць гадоў. Мемарандум аб узаемаразуменні з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама быў падпісаны ў 2015 годзе, цяпер да праекта далучыліся Гродзенская і Віцебская вобласці.

— Мы бачым аддачу ад сумеснай работы. Пытанні занятасці не страчваюць актуальнасць. Праект, які рэалізуецца, накіраваны на арганізацыю больш эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж наймальнікамі і службай занятасці.

У Швецыі створана сістэма прагназавання рынку працы, якая абапіраецца як на комплексны аналіз макраэканамічных індыкатараў, так і на апытанні работадаўцаў. У цэлым умовы фарміравання, функцыянавання і рэгулявання рынку працы ў нашых краінах адрозніваюцца, але ёсць падобныя моманты. У прыватнасці, і для Швецыі, і для Беларусі характэрныя праблемы скарачэння працоўных рэсурсаў, дысбаланс попыту і прапановы на працоўную сілу, яе нераўнамернае размяшчэнне па тэрыторыі. Вопыт калег запатрабаваны ў нашай краіне, — заўважыў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ.

Даследаванне рынку працы паказала, што ў 2017 годзе яго кан'юнктура палепшылася. Летась працягнулася пераразмеркаванне рабочай сілы са сферы вытворчасці ў сферу паслуг, малога і сярэдняга бізнесу. У параўнанні з 2016 годам палепшыліся паказчыкі руху кадраў, скараціліся аб'ёмы вызвалення работнікаў па ініцыятыве наймальнікаў. Колькасць вакансій, што прадстаўляюцца ў дзяржаўную службу занятасці, павялічылася амаль на 45 %, а сярод рабочых спецыяльнасцяў і ўвогуле вырасла ў два разы. Узровень рэгіструемага беспрацоўя знізіўся на 33,5 %. У цяперашні час заяўлена патрэба больш чым у дзесяці тысячах работнікаў. Узровень беспрацоўя, якое рэгіструецца, складае 0,2 % ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. «З улікам існуючых тэндэнцый прагназуем, што больш за 70 % грамадзян з тых, хто звярнуўся па працаўладкаванне, будуць уцягнутыя ў розныя праграмы садзейнічання занятасці, — падкрэсліла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ. — На рэалізацыю актыўных мер садзейнічання занятасці запланавана больш як 4 мільёны рублёў».

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Юрыст — холадна, бухгалтар — цяплей, фармацэўт — горача

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.