Вы тут

З зімы - у "тропікі"


Фота Андрэя Феакцістава

Палац Румянцавых-Паскевічаў вось ужо амаль два стагоддзі з’яўляецца сімвалам Гомеля. А зімовы сад – адзін з аб’ектаў палацава-паркавага комплексу – сапраўдная яго перліна.

Двухпавярховы будынак побач з агляднай вежай прыстасоўваўся пад зімовы сад у 1770-1780-х гадах. Але спачатку, як пішуць некаторыя крыніцы, у гэтым доме жыла прыслуга Румянцавых. Іншыя ж сцвярджаюць, што тут атабарылася ваенна-паходная канцылярыя генерал-фельдмаршала Пятра Румянцава-Задунайскага. Дакладна вядома, што калі гаспадаром палаца стаў Іван Паскевіч, у гэтым будынку нейкі час быў цукровы завод. І па сённяшні час у цокальным паверсе захаваліся печы ды іншае абсталяванне.

Зімовы сад у гэтым памяшканні з’явіўся пры Фёдары Паскевічы, графе Эрыванскім, князі Варшаўскім. Менавіта ён пачаў збіраць калекцыю рэдкіх і экзатычных для нашай мясцовасці раслін.

Як распавяла галоўны ландшафтны архітэктар Святлана Прышчэпава, і сёння ў зімовым садзе захаваліся расліны з калекцыі Фёдара Паскевіча. Падзеі рэвалюцыі ды Першай сусветнай вайны не закранулі гэты дзівосны куточак. А падчас Вялікай Айчыннай вайны яго збярог мясцовы жыхар сталага веку, які даглядаў сад па ўласнай ініцыятыве. На жаль, прозвішча яго цяпер ніхто не памятае.

Будынак, дзе размешчаны зімовы сад, захаваўся ў такім выглядзе, якім ён быў у часы Паскевічаў. Сцены, аздобленыя моцна абпаленай глінай, пакрытай глазурай, а таксама каменная чаша з фантанам бачылі яшчэ князёў і іх гасцей.

Цяпер у зімовым садзе каля 300 раслін, сярод якіх шмат экзатычных. Напрыклад, толькі субтрапічных тут 18 відаў: магнолія, розныя пальмы, эвонімус (або брызгліна), кававае дрэва, інжыр (фігавае дрэва), смакоўніца, лаўр высакародны, язмін гімалайскі, фітаспорум, лігуструм шыракалісты, біручына бліскучая, аспідыстра высокая, папараць, плюшч Калхідскага, ціс ягадны, цытрус, лімон, авакада... А самае старое дрэва – пальма веералістая, пасаджаная ў 1888 годзе.

Супрацоўнікі запрашаюць ў зімовы сад увесь люты – тут цвіце фітаспорум, які напаўняе ўсё памяшканне тонкім водарам.

Акрамя раслін, у зімовым садзе можна паназіраць за рыбкамі, а таксама пазнаёміцца з двума відамі чарапах: добра вядомымі нам прэснаводнымі і кітайскім трыоніксам, ці далёкаўсходняй чарапахай. Апошнюю падарыў саду жыхар Гомеля, бо дома не мог даць рады экзатычнай госці. У Кітаі гэтых рэптылій вырошчваюць, як у нас курэй, – для ежы. У гэтай чарапахі мяккі панцыр, але даволі агрэсіўны характар: калі акварыум без накрыўкі, яна можа лёгка з яго выскачыць і пагрызці ўсё, што патрапіцца на зуб. Зразумела, што ў зімовым садзе яна ўтрымліваецца па ўсіх правілах і ўжо амаль 15 гадоў прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. А яшчэ тут жывуць пухнатыя дэкаратыўныя зайчыкі ды марскія свінкі.

Як распавялі ў адміністрацыі палацавапаркавага комплексу, зараз памяшканне зімовага саду чакае рэканструкцыі. І гэта будзе вельмі няпростая справа. Будынак – помнік архітэктуры, таму нельга мяняць яго знешні выгляд. З другога боку, шмат якія расліны настолькі выцягнуліся, што ўпіраюцца ў столь. Як гэта праблема будзе вырашана, пакуль невядома.

Фота Андрэя Феакцістава

У Гомелі няма свайго заапарку, але часткова гэту функцыю ўзяў на сябе палацава-паркавы комплекс. У верасні мінулага года тут пачала працаваць выстава “Заатэра”. Цяпер наведвальнікі могуць пазнаёміцца з рэптыліямі, звярамі і птушкамі, якія насяляюць розныя куточкі зямнога шару. Тут можна ўбачыць хамелеона і зялёную ігуану, паслухаць вясёлае шчабятанне неразлучнікаў і паназіраць за шыншыламі. Юныя наведвальнікі выказваюць сваё захапленне, пішуць лісты з падзякамі.

Гомельскі парк заслугоўвае асобнага аповеду, і каб убачыць яго хараство, раім прыехаць туды ўлетку. А калі хто наведае Гомель у красавіку – маі, то зможа палюбавацца на цюльпаны, якіх тут больш за 100 000 штук розных гатункаў.

Застаецца зазначыць, што кошт квіткоў для наведвальнікаў зімовага саду вельмі дэмакратычны – 1,50 руб. Квіток у “Заатэру” для дарослых каштуе 3 руб., для дзяцей і студэнтаў – 2 руб., для груп больш за 10 дзяцей – 1,50 руб. з кожнага. А ў цудоўны парк, з якога адкрываецца непаўторны від на Сож, уваход бясплатны. Але можна купіць пачастунак для вавёрак, якія тут амаль што ручныя.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.