Вы тут

За 5 год злачынстваў, звязаных з педафіліяй, стала больш у 15 разоў


«У зоне рызыкі тыя, хто абдзелены ўвагай бацькоў. Дастатак сям'і значэння не мае», — гавораць спецыялісты пра ахвяр педафілаў.

За апошнія пяць гадоў колькасць выяўленых супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з педафіліяй, у Беларусі вырасла ў 15 разоў. Пры гэтым апытанне на сайце МУС паказала, што некаторыя да гэтага часу лічаць, што падымаць гэтую тэму не варта, маўляў, навошта лішні раз абвастраць становішча. На наш погляд, казаць пра гэта неабходна, бо праінфармаваны — значыць, як мінімум, папярэджаны.


«Гэта наша маленькая таямніца...»

На самай справе прыведзеная вышэй статыстыка не гаворыць аб рэзкім павелічэнні колькасці псіхічных адхіленняў сярод насельніцтва нашай краіны. Ключавое слова ў гэтым сцвярджэнні — выяўленых. Раней падставай для правядзення праверкі і распачынання крымінальнай справы з'яўляліся заявы ад бацькоў і законных прадстаўнікоў непаўналетняга. Аднак такіх заяў было мала, паколькі многія не хацелі па шэрагу прычын афішаваць сітуацыю. З 2013 года, згодна з загадам МУС, выяўленне злачынстваў, што закранаюць палавую недатыкальнасць непаўналетніх, з'яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў для падраздзяленняў, якія спецыялізуюцца на гэтай праблематыцы. Так, толькі ў мінулым годзе было ўстаноўлена 606 пацярпелых і больш як 200 падазраваных.

Як паведаміў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Віталь КУЛЬБІЦКІ, сексуальны гвалт у адносінах да дзяцей часцей за ўсё здзяйсняе чалавек, добра ім знаёмы альбо родны, — да 80 %. Для большасці выпадкаў інцэсту не патрабуецца прымяненне фізічнай сілы: дарослы чалавек, якому дзіця бязмежна давярае, маніпулюе яго свядомасцю, наўмысна падманваючы яго і распавядаючы, што такія адносіны паміж дарослымі і дзецьмі з'яўляюцца нормай. Пры гэтым педафіл настойвае, што расказваць пра гэта нікому не варта, бо гэта з'яўляецца сакрэтам сям'і, альбо проста запалохвае тым, што дзіця можа апынуцца ў дзіцячым доме, бо тату ці маму пасадзяць у турму.

Стэрэатыпна лічыцца, што педафілія — гэта доля выключна мужчын, аднак у асобную катэгорыю можна вылучыць жаночы тып гэтага адхілення. Жанчыны-педафілы сапраўды сустракаюцца радзей, але пры гэтым іх дзеянні яшчэ больш латэнтныя. У першую чаргу гэта звязана з тым, што іх ахвярамі становяцца хлопчыкі, якія не заўсёды лічаць сябе пацярпелымі.

У гэтых адносінах паказальным з'яўляецца выпадак з грамадзянкай Беларусі, якая зарэгістравалася ў глабальным сеціве пад нікам Алеся. Праз інтэрнэт жанчына мела зносіны з жыхаром Германіі, займаючыся для яго на камеру дзеяннямі гвалтоўнага сексуальнага характару са сваім чатырохгадовым сынам. За кожны сеанс яна атрымлівала грашовыя сродкі ў суме 150 еўра. У дачыненні да жанчыны былі распачаты чатыры крымінальныя справы, яна асуджаная на 12 гадоў пазбаўлення волі. Асоба грамадзяніна Германіі таксама была ўстаноўлена мясцовымі спецслужбамі. У ходзе праверкі быў канфіскаваны яго сервер, пасля чаго высветліліся, што падобную сувязь ён падтрымліваў са шматлікімі жанчынамі па ўсім свеце.

Запыт ад незнаёмых у дзяцей павінен выклікаць падазрэнне

У наш час вялікая частка такіх злачынстваў або ажыццяўляецца праз інтэрнэт, альбо праз яго вядзецца падрыхтоўка. Як паказваюць даследаванні, перш чым падысці да непасрэднага кантакту, педафілы цікавяцца дзіцячай парнаграфіяй. У Беларусі за апошнія гады колькасць выяўленых злачынстваў, звязаных з дзіцячай парнаграфіяй, вырасла ў дзевяць разоў. Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў беларускім сегменце сеткі інтэрнэт матэрыялы адсутнічаюць, як правіла, такая прадукцыя размяшчаецца на замежных даменных рэсурсах.

Інтэрнэт педафілу патрэбны ў першую чаргу для таго, каб падабраць сабе ахвяру. Сюды ўваходзіць і збор інфармацыі, і ўцягванне ў зносіны, і стварэнне ўмоў, калі дзіця пачынае адчуваць сябе залежным. Паколькі сусветная сетка дазваляе ўсё рабіць на адлегласці, праз ананімныя анкеты, звычайна злачынцы прадстаўляюцца аднагодкамі сваёй патэнцыйнай ахвяры. Таму любы запыт ад незнаёмага дзіцяці можа выклікаць падазрэнне, бацькам лепш прасачыць, каб зносіны не выходзілі за межы нормы.

Менавіта ў сетцы інтэрнэт шукаў сабе ахвяраў грамадзянін Беларусі Антон — выканаўчы дырэктар адной з салідных фірмаў. З пачатку 2015-га па май 2016 года ён знаёміўся з загадзя малалетнімі і псіхалагічна рыхтаваў іх да сексуальнага кантакту. Падобныя дзеянні атрымалі назву «грумінг». Мужчына спачатку ўваходзіў у давер да дзяўчатак, а потым, абяцаючы вялікія заробкі, схіляў да заняткаў прастытуцыяй. Прапанаваны ганарар складаў ад 30 да 100 долараў ЗША. Увогуле было ўстаноўлена 38 пацярпелых, распачаты 42 крымінальныя справы. Пацярпелыя — дзяўчаткі 13—17 гадоў, у асноўным з неўладкаваных і няпоўных сем'яў. У кватэры зламысніка была знойдзена шырокая падборка кніг па дзіцячай псіхалогіі з асобнымі фразамі, падкрэсленымі маркерам, якія датычыліся таго, як прымусіць дзіця слухацца.

Адметнай рысай педафілаў, нягледзячы на аднастайнасць дзеянняў, з'яўляецца індывідуальны падыход да кожнага малалетняга. У ходзе размовы яны з лёгкасцю ўстанаўліваюць, чаго больш за ўсё не хапае дзіцяці: ці гэта будуць рэчы, цукеркі, ці ж проста спагада. Можна сказаць, што сваіх ахвяр педафілы імкнуцца выбіраць з ліку дзяцей, якія абдзелены ўвагай бацькоў, пры гэтым дабрабыт сям'і не мае значэння. Дзяцей з забяспечаных сем'яў яны матывуюць на зносіны тым, што гэты напрамак зараз у трэндзе і сорамна адставаць ад моды. У апошні час пачасціліся выпадкі падобных дзеянняў з боку педагогаў, урачоў, кіраўнікоў гурткоў і секцый — людзей, якім дзіця цалкам давярае. Гэта абумоўлена тым, што многія педафілы заведама выбіраюць прафесіі, якія дазволяць ім пастаянна быць у асяроддзі дзяцей. Так, быў устаноўлены абуральны факт дзеянняў іншага сексуальнага характару ў дачыненні да васьмі хлопчыкаў з боку ўрача-анастэзіёлага, які працаваў з анкахворымі дзецьмі. Прамога гвалту не было, аднак ён дазваляў сабе дзеянні, якія выходзяць далёка за межы медыцынскай практыкі. Пры гэтым ён карыстаўся бездапаможным станам дзяцей. Мужчына атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі.

Кожнае пятае дзіця ў свеце

Ключавым пытаннем у дачыненні да гэтай праблемы з'яўляецца недасканаласць заканадаўчага рэгулявання. Зараз распрацоўваецца законапраект аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны кодэкс. У прыватнасці, павінна з'явіцца крымінальная адказнасць за захоўванне дзіцячай парнаграфіі і псіхалагічную падрыхтоўку дзіцяці да палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару, так званы грумінг. Разглядаецца і вопыт замежных калег. Напрыклад, у Польшчы базы педафілаў былі выкладзены ў адкрыты доступ.

Падчас міжнароднай канферэнцыі «Супрацьдзеянне гандлю дзецьмі і сексуальнай эксплуатацыі дзяцей: вопыт Беларусі і замежных краін», якая прайшла ў Мінску, кіраўнік праграмы «Ла Страда Беларусь» МГА «Гендарныя перспектывы» Алена НЕСЦЯРУК расказала аб агульнасусветных тэндэнцыях у гэтым пытанні. Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці ў адной са сваіх справаздач адзначае, што дзеці складаюць траціну сярод усіх ахвяр гандлю людзьмі. Пры гэтым дзве траціны дзяцей, якія пацярпелі ад гэтага, — дзяўчаткі. Нягледзячы на тое, што ў свеце павялічваецца колькасць ахвяр працоўнай эксплуатацыі, сексуальная эксплуатацыя застаецца пакуль пераважнай, асабліва, калі гаварыць пра дзяцей. Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па аналізе 65 даследаванняў у 22 краінах, распаўсюджанасць сексуальнага гвалту над дзецьмі ў свеце ацэньваецца прыблізна ў 19,7 % у адносінах да дзяўчынак і 7,9 % у дачыненні да хлопчыкаў. Нягледзячы на тое, што самы высокі ўзровень падобных дзеянняў у Афрыцы, для Еўропы гэтая тэма таксама вельмі актуальная — 9,2 %.

Для дзяцей — ахвяраў сексуальнага гвалту сітуацыя з'яўляецца вельмі траўматычный, прыводзіць да доўгатэрміновых наступстваў, да якіх адносяцца спробы самагубства, дэпрэсіі, злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі, перапыненне навучання ў школе, сексуальныя расстройствы, псіхічныя праблемы. Па даных шведскіх даследчыкаў, сярод дзяўчатак, якія перажылі сексуальны гвалт у дзяцінстве, 17 % мелі думкі пра самагубства, а больш за 30 % з іх рабілі падобныя спробы. З асяроддзя хлопчыкаў такія лічбы — 8 і 33 % адпаведна. Як паказваюць даследаванні, калі дзіця, якое перажыло падобнае, не атрымлівае дапамогу, то да 21 года каля 70 % з іх маюць сур'ёзныя псіхічныя адхіленні. Акрамя таго, многія трапляюць у секс-бізнес ці ж самі становяцца педафіламі. Таму гэта якраз той выпадак, дзе трэба ў першую чаргу працаваць на прадухіленне злачынстваў, а ўжо потым на пошук вінаватых.

Дар'я КАСКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».