Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» разам з матулямі чытала запіскі з раддома


«Шчочкі ружовыя. Носік маленькі, як у мяне. Лобік беленькі, губкі пухлявыя. Яна ўвесь час спіць. Соня — уся ў бацьку». Так Наталля Кароткая апісвае ў лісце мужу дачушку, якая толькі-толькі з'явілася на свет. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад, калі не існавала мабільных тэлефонаў, такія запіскі былі адзінай магчымасцю парадзіхі трымаць сувязь з роднымі.


Наталля Кароткая з дачкой Вольгай, 1987 год.

«Учора купіў ванначку, белую, пластмасавую...»

Разам з фотаздымкамі Наталля дастае беражліва схаваныя ў канверт паперы. Парыжэлыя ад часу запіскі — успаміны пра нараджэнне яе дзяцей. Жанчына захавала невялікую (у яе дзве дачкі) калекцыю лістоў.

— Радзільныя дамы былых часоў можна параўнаць з рэжымнымі аб'ектамі. Сустрэцца з парадзіхамі без дазволу было немагчыма. Гэта і зразумела, здароўе і спакой маладых матуль і немаўлят — на першым плане. Сваю старэйшую дачку Вольгу я нарадзіла ў 1986 годзе. У той час нават стацыянарныя тэлефоны былі не ў кожным доме, не кажучы ўжо пра мабільныя. Адзінай магчымасцю кантактаваць з роднымі былі запіскі. Звычайна ў прыёмныя гадзіны (гэта значыць з 5 да 8 вечара) у палату прыходзіла жанчына, адказная за перадачы, і раздавала пакеты ад родных і запіскі. Мы чыталі, давалі адказы. Блізкія цікавіліся адчуваннем маладой матулі, пыталіся, на каго падобнае немаўлятка, што трэба купіць, расказвалі сямейныя навіны. Раней бацькі не ведалі, хто народзіцца, — хлопчык або дзяўчынка. Часта здагадваліся па народных прыкметах. Калі жанчына змянялася з твару, — значыць будзе дзяўчынка. Нават не з-за павер'яў, а з практычнага боку загадзя нічога не куплялі. Таму пасля родаў у майго мужа была важная задача — падрыхтавацца да выпіскі. «Наташачка, прывітанне! У нас усё добра. Учора купіў ванначку белую, пластмасавую. Камплект для дачкі і аптэчку. Сёння паеду куплю коўдрачку ватную — учора нагледзеў. Ну, што яшчэ трэба? Напішы», — зачытвае Наталля з ліста.

Захавала жанчына не толькі запіскі, але і біркі, якімі пазначалі немаўлят. На іх напісаны рост, вага, пол, дата, час нараджэння дзіцяці і прозвішча маці. Вялікую бірку вешалі на шыйку народжанага. Маленькія — на ручку і ножку. Так пазначалі дзяцей, каб не пераблытаць.

— Але лісты не былі адзінай сувяззю. Можна было тэлефанаваць на пост. Успамінаю, як мой муж пазваніў медыкам: «Хто нарадзіўся?» На яго пытанне, чаму дзяўчына, а не хлопчык, медсёстры адказалі: «За сынам прыйдзеце наступны раз». Але і іншы раз мары пра сына не здзейсніліся, — смяецца Наталля.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

У адказныя моманты можна было карыстацца тэлефонам і парадзіхам.

— Сваю малодшую дачку я нарадзіла першага верасня, якраз у той дзень мая старэйшая пайшла ў школу. Як не пацікавіцца пра такую важную падзею?! — успамінае Наталля. Разглядаю іншыя лісты. На некаторых прыпіска: «Чакаю каля акенца». Пытаю, што гэта значыць.

— Раней дзяцей матулям прыносілі толькі на кармленне. Калі супадала так, што хтосьці з родных прыехаў у гэты час, можна было ў акенца паказаць немаўлятка. І я трымала маленькі кулёк. Але ці можна было разглядзець, на каго падобна дзіця, калі мы знаходзіліся на трэцім паверсе? — дзеліцца жанчына.

Калі Наталля стала бабуляй, сваю ўнучку яна ўпершыню убачыла не праз акно, а атрымаўшы фотаздымак на тэлефон.

— У часы настальгіі я перачытваю гэтыя лісты, успамінаю, паказваю сваім дачушкам. З гэтымі пажоўклымі ад часу запіскамі звязаныя самыя галоўныя падзеі ў маім жыцці — моманты, калі яны з'явіліся на свет.

«А што такое падгузкі?..»

Таццяна Панькова з мужам Міхаілам і сынам Юрыем, 1977 год.

Сваёй гісторыяй падзялілася і Таццяна Панькова. Сын Юрый нарадзіўся ў далёкім 1977 годзе. Тады сродкі сувязі ўвогуле былі абмежаваныя. Лісты практычна не мелі альтэрнатыў.

— Вось гэта мая самая любімая запіска: «Танечка, мілая!!! Дзякуй за сына!!! Ты ведаеш, як я рады. Калі званіў, дык у мяне трубка дрыжала ў руках. А пачуў адказ: «Таццяна Сяргееўна нарадзіла вам сына. Вага — 3400 г, рост — 50 см». Цалую дзясяты раз. Шчаслівы бацька Міша», — зачытвае запіску мужа жанчына.

Муж Таццяны быў вайскоўцам, шмат часу праводзіў на рабоце. Але кожны дзень, пакуль жонка была ў бальніцы, прыбягаў да яе і пакідаў запіскі.

— Аднойчы мы, парадзіхі, сядзелі ў пакоі. Тут каменьчык стукнуўся аб шыбу. Дзяўчына, ложак якой быў бліжэй да акна, выглянула і кажа: «Таня, гэта да цябе». Гляджу — у плашч-палатцы пад праліўным дажджом стаіць мой Міша. Просіць, каб я паказала сына ў акно.

Успамінаю, як нам прыносілі дзяцей на кармленне. На адной руцэ медсястры ўмяшчалася трое немаўлят. Так іх шчыльна спавівалі, што, здаецца, пастаў каля сцяны — будуць стаяць, — успамінае Таццяна.

Жанчына прызнаецца, што была вельмі капрызнай парадзіхай. Цытуе словы са свайго ліста мужу: «Ты ўчора дарэчы прынёс шакаладку. Я яе ўжо з'ела... Ляжала і думала, толькі б ты здагадаўся прынесці. Раніцай быў суп з маннай крупы, як баланда. Замест тварагу прынясі сырочкі. Я іх больш люблю».

Таццяна, калі нарадзіла сына, была яшчэ студэнткай БДУ. Таму муж употай, акрамя шакаладу, перадаваў жонцы і канспекты для падрыхтоўкі да экзаменаў. А яшчэ ён нават паспяваў трымаць Таццяну ў курсе спартыўных навін: «Учора глядзеў хакей. Нашы не змаглі абыграць шведаў, нават нічыёй не дабіліся. Прайгралі 1:3. У выніку трэцяе месца. Канадцы зрабілі ўсіх. Яны абыгралі чэхаў 8:2».

— Вельмі часта я давала парады ў запісках. Трэба было купіць пустышкі, бутэлечкі для кармлення. Нават тлумачыла, якую сукенку і туфлі прынесці для выпіскі. А яшчэ на першым паверсе вісеў спіс рэчаў, неабходных для немаўлят. Я сказала мужу знайсці ўсё, што там пералічана. Пасля гэтага атрымліваю запіску: «Што такое падгузкі?»

Запіскі жанчына беражліва захоўвае ў сямейным архіве ўжо больш за 40 гадоў. Кажа: «Вельмі хацелася зберагчы цёплыя словы, віншаванні, каб праз гады паказаць іх сваім дзецям — гэта ж гісторыя нашай сям'і».

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: «Дзякуй за сына!»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.