Вы тут

Сямейная пошта: гісторыя пра жыццёвы выбар


Кавалераў у Надзі хапала, але ўсе былі нейкія «не тыя»: то знешне ёй не падабаліся, то па характарах... Карацей, пазнаёміцца з хлопцам, месяц-другі на спатканні паходзіць і ўсё: гэты — бывай. Яна шукае новага...


Аднойчы ёй вельмі пашчасціла, бо знайшла аж двух: з абодвума час ад часу сустракалася, і абодва ёй падабаліся — нават не ведала, каторы ж больш?

Андрэй (так звалі першага) быў невысокі, чарнявы, з твару не сказаць каб прыгожы, але ж вясёлы, добры. Ва ўсякім разе перад Надзяй ён лістам слаўся, здавалася — гатовы для яе на ўсё!

Неяк раз у садок дзіцячы зайшоў (яна выхавацелькай працавала), чарговы раз падзівіўся, колькі там розных кветак, і раптам спытаў, ці магла б яна сабраць букет і назаўтра ўвечары да яго зайсціся?

«А чаму б і не, — падумала Надзя, нават не здзівіўшыся. — Мне ж па дарозе».

Назаўтра з раніцы (каб кветкі даўжэй пастаялі) яна ўжо рэзала кветкі, а пасля працы ішла да Андрэя (жылі яны ў адным заводскім інтэрнаце). Затрымлівацца там намеру не мела: хацела аддаць букет (ну ці мала на што патрэбен?) і адразу ж пайсці дадому.

Але хлопец адчыніў перад ёю дзверы, і Надзя застыла на парозе: пасярэдзіне пакоя быў па-святочнаму накрыты стол, за ім сядзелі сябры Андрэя — адзначалі яго... дзень народзінаў!

Хлопец, выходзіць, хацеў, каб Надзя прыйшла, каб павіншавала, хацеў, каб яго сябры ўбачылі яе, пазнаёміліся з абранніцай.

І гэты нумар яму ўдаўся!

Ва ўсякім разе дзяўчына бачыла: ён чакаў яе, быў ашалела рады — усадзіў за стол, стаў накладваць на талерку найсмачнейшыя стравы, жартаваў... (Надзя потым вельмі часта ўспамінала тое гасцяванне, той клопат, увагу...)

Аднак тады яна, можна сказаць, не заўважыла яе: з паўгадзінкі хіба пасядзела ў кампаніі і стала развітвацца — збірацца дамоў.

...Назаўтра, як і ў іншыя дні, Андрэй то праводзіў яе на работу, то сустракаў адтуль, то клікаў некуды схадзіць. У дадатак да гэтых досыць настойлівых заляцанняў Надзю сталі даймаць супрацоўніцы: казаць, што з гэтага хлопца атрымаецца найлепшы муж, што за ім нехта зажыве як за каменнай сцяной...

Надзі казалі, каб яна, крый бог, не была дурніцай, каб не ўпусціла гэтага хлопца, каб, калі кліча, выходзіла замуж...

Што яна? Ды толькі адмахвалася: маўляў, падумаеш Андрэй — свет клінам на ім не сышоўся: іншыя хлопцы таксама ёсць. А каб жанчыны са сваімі парадамі болей не чапляліся, не назалялі ёй, яшчэ і прыдумала, што Андрэй — заядлы «выпівоха», што ў выхадныя п'е не прасыхае...

Абылгала хлопца і сама, здаецца, у тое паверыла: адмовілася з ім сустракацца, аддала перавагу іншаму.

Той — у адрозненне ад Андрэя — быў высокі, бялявы, прыгожы і такі настойліва-смелы, што дзяўчына не тое што разгледзецца ды разабрацца (што ж за чалавек?) — нават азірнуцца не паспела — апынулася замужам.

Як жыла і жыве?

Ды ніяк, бо гэта па вялікім рахунку і не жыццё зусім, а суцэльная пакута. Муж амаль штодня прыходзіць п'яны, вечна шукае да чаго прычапіцца, пачынае сварку і...

Не раз ужо ён падымаў руку — на жонку, на дзяцей, і не дапамагалі тады ні пагрозы, ні слёзы.

Адзінае... Надзя, чарговы раз наплакаўшыся, зноў і зноў успамінае, як аднойчы з вялікім прыгожым букетам прыйшла да Андрэя, як ён быў рады ёй і як жа ўдзячны! За што? За кветкі...

А калі б за яго яна выйшла замуж, калі б яму нарадзіла дзяцей...

Яна сама зрабіла свой выбар. І тым самым абумовіла лёс.

Таццяна ЧЭКЕД, г. Гомель

Загаловак у газеце: Мы выбіраем...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».