Вы тут

Алімпіяду ў Пхёнчхане наведае больш за мільён балельшчыкаў


Найбольшай папулярнасцю ў аматараў спорту на Алімпіядзе карыстаюцца шорт-трэк, фігурнае катанне і канькабежны спорт.


У аўторак дырэктар па менеджменце службы тэлевяшчання Алімпійскіх гульняў Ціма Люмэ паведаміў, што Алімпіяду ў Пхёнчхане паглядзіць кожны трэці жыхар Зямлі. «У суме ў нас будзе больш за мільён балельшчыкаў па выніках Гульняў», — адзначае прадстаўнік аргкамітэта.

Дырэктар па камунікацыях Міжнароднага алімпійскага камітэта Майк Адамс дадаў, што 90 % даходаў ад продажу білетаў і сувенірнай прадукцыі Алімпіяды МАК плануе накіраваць на развіццё спорту.

Біятланісткі выйдуць на апошні старт

Сёння ў Пхёнчхане адбудзецца жаночая эстафета. Трэнерскі штаб зборнай Беларусі назваў імёны спартсменак, якія выступяць за нашу каманду. На першым этапе пабяжыць Надзея Скардзіна, эстафету ў яе прыме Ірына Крыўко. Трэцяй у камандзе адправіцца на дыстанцыю Дынара Алімбекава, а на заключным адрэзку выступіць лідар беларускай зборнай Дар'я Домрачава. Наша каманда атрымала 10-ы стартавы нумар, усяго ў эстафету заявіліся 18 каманд. Пачатак гонкі ў 14.15 па беларускім часе. Завершыцца біятлонная праграма мужчынскай эстафетай 23 лютага.

Нямецкая каманда прывезла на Алімпіяду 3,5 тысячы літраў піва

Зборная Германіі прывезла на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхан 3,5 тысячы літраў безалкагольнага піва, нямецкія спартсмены п'юць гэты напой пасля трэніровак у якасці ізатоніку (напой, які дапамагае арганізму аднаўляць водна-солевы баланс пасля працяглых нагрузак).

Па даных выдання The New York Tіmes, безалкагольнае піва спецыяльна для спартсменаў зварыў бровар Krombacher. Урач лыжнай каманды зборнай Германіі Ёнас Шэр выявіў яшчэ ў 2009 годзе, што безалкагольнае піва памяншае імавернасць запалення і ўзнікнення інфекцыі ў дыхальных шляхах спартсменаў.

Нагадаем, цяпер зборная Германіі ідзе на другім месцы ў неафіцыйным медальным заліку Гульняў-2018.

Амерыканцы выступаюць з прахам родных

У выступленнях спартсменаў з ЗША на Алімпійскіх гульнях вымалёўваецца новая тэндэнцыя. Усё часцей атлеты карыстаюцца падтрымкай не толькі жывых сваякоў, але і тых, хто ўжо памёр. Справа не ў прысвячэнні ім сваіх перамог, а ў тым, што атлеты выступаюць на Гульнях з іх прахам.

Напрыклад, амерыканскі лыжны акрабат Джонатан Ліліс выступае з кулонам, у якім змяшчаецца прах ягонага памерлага брата. Пра гэта паведаміў бацька спартсмена Джэймі Ліліс. «Калі Джонатан гатовы здацца, ён чуе брата, які кажа: «Устань і зрабі гэта». Гэта вялікі матывіровачны фактар».

Другая амерыканская атлетка Ліндсі Вон — гарналыжніца, алімпійская чэмпіёнка 2010 года ў хуткасным спуску, уладальніца чатырох Кубкаў свету ў агульным заліку і двухразовая чэмпіёнка свету — таксама мае такі талісман.

«Я катаюся для дзядулі. Ён натхняў мяне ўсё жыццё, мне цяжка, што яго няма тут са мной. Я б хацела, каб быў. І хацела выйграць для яго. Чаму я паглядзела на неба пасля спуску? Дзядуля ж павінен быў дапамагаць мне. І я спытала: «Што здарылася, дзед? Чаму мы не выступілі лепш?»

116-га лыжніка сустракалі як чэмпіёна

У лыжнай гонцы на 15 км вольным стылем 43-гадовы мексіканец Херман Мадраса фінішаваў апошнім. Ён перасек рысу на 14 хвілін пазней за лыжніка з Пакістана, 12 хвілін прайграў бразільцу і мараканцу, адстаў нават ад эквадорца.

Нягледзячы на 116-е месца, Херман урачыста дакаціўся да фінішнай рысы са сцягам Мексікі і ўсміхаўся. Там яго сустракалі канкурэнты — калумбіец, партугалец, танганец і мараканец. Херман Мадраса стаў на лыжы толькі ў 2017 годзе. На гэта нечаканае захапленне яго натхніў часопісны тэкст пра перуанскага лыжніка Раберта Карселена, які фінішаваў на Алімпіядзе ў Сочы з пераломам рабра. Да гэтага Херман удзельнічаў у спаборніцтвах па трыятлоне Іronman — гэта заплыў на 3,86 км, заезд на веласіпедзе па шашы на 180 км і марафонскі забег. «Лыжны спорт — самы складаны, і гэта мяне ўразіла. Я захацеў пераадолець сябе, звязаўся з Карселенам і паехаў у Паўднёвую Амерыку», — расказваў мексіканец. Там ён аб'яднаўся са сцяганосцам Тонга Піта Таўфатофуа і чылійцам Хонатанам Фернандэсам. У снежні яны трэніраваліся ў Аўстрыі па 10 гадзін у дзень. «Мы разам каталіся, разам гатавалі, рупіліся адзін пра аднаго. Неверагодны вопыт», — адзначыў Мадраса.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».