Вы тут

Як беларускія вучоныя ствараюць харчовую бяспеку краіны


Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то харчовая бяспека краіны — з лабараторыі, дзе вучоныя, селекцыянеры працуюць над вывядзеннем новых сартоў і гібрыдаў культур. Іх работа ціхая, непрыкметная, штодзённая. Але яе вынікі мы бачым на нашых палетках, паліцах крам. Ва ўмовах нашага клімату пачалі вырошчваць калісьці экзатычныя для Беларусі кавуны, вінаград, дыні, грэцкія арэхі. Ад забяспечанасці якасным айчынным пасяўным матэрыялам залежыць ураджай, дабрабыт кожнай сям'і. Аб тых зменах, што адбыліся ў раслінаводстве, землекарыстанні, распрацоўках беларускіх вучоных, карэспандэнту «Звязды» расказаў дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Фёдар ПРЫВАЛАЎ.


— Прынцыпова важна тое, што ў Беларусі захавалі селекцыю і насенневодства. У гэтай галіне страцілі многія краіны былога Саюза. Цяпер яны вымушаны закупляць матэрыял за мяжой, у тым ліку і ў нас, — кажа Фёдар Прывалаў. — Супрацоўнікі Цэнтра праводзяць селекцыю 42 культур, колькасць зарэгістраваных сартоў дасягнула 365. Усе яны даюць высокую ўраджайнасць: зерневыя больш як 100, рапс — 50, зернебабовыя — да 60 цэнтнераў з гектара. Прычым яны паспяхова канкурыруюць з найлепшымі ўзорамі замежнай селекцыі. Айчынныя сарты адаптаваны да тутэйшых умоў. Яны ўстойлівыя да розных прыродных катаклізмаў, маразоў, да хвароб, многіх шкоднікаў. Штогод павялічваецца доля пасяўных плошчаў беларускіх сельгаскультур. У 2015 годзе яна перавысіла 80 %, а па азімым жыце, рапсе і лубіне айчынныя сарты займаюць да 95 % пасеваў.

Як адзначыў Фёдар Прывалаў, культуры беларускай селекцыі атрымліваюць усё большае распаўсюджанне і за мяжой. Больш як 2 млн гектараў займаюць там сарты збожжавых, лубіну, шматгадовых траў, кармавых буракоў.

Не сакрэт, што яшчэ не так даўно беларусы збіралі ўсяго па 200 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара, цяпер жа іх ураджайнасць павялічылася больш як удвая — да 500 цэнтнераў на круг. Раней перапрацоўвалі 2 млн тон караняплодаў, сёння — ужо 5 млн тон. Цукровая прамысловасць выпускае 800 тыс. тон цукру штогод, у тым ліку 300 тыс. тон ідзе на ўнутранае спажыванне, астатняе — на экспарт. Гэты прадукт закупляюць у тым ліку Расія і Украіна.

Сярод найбольш значных распрацовак цэнтра — забяспечанасць краіны пшаніцай для хлебапякарнай вытворчасці, піваварным ячменем, арганізацыя ўласнай вытворчасці насення кукурузы, рапсу, трыцікале. Прычым распрацоўку навуковых асноў селекцыі гэтых сельскагаспадарчых культур ажыццявілі ў Беларусі ўпершыню. Стварэнне сартоў пшаніцы, якія можна выкарыстоўваць для выпечкі хлебабулачнай прадукцыі, вырабу макароны, — сапраўднае дасягненне айчынных вучоных. І хоць скептыкі сцвярджалі, што вырасціць для гэтых мэт зерне ва ўмовах беларускага клімату немагчыма, супрацоўнікі цэнтра даказалі адваротнае і ў выніку селекцыі стварылі сарты азімай і яравой пшаніцы адмысловай якасці. Гэта дазволіла павялічыць іх вытворчасць і значна зменшыць імпарт мукі і вырабаў з яе.

— За 2006—2016 гады ў Дзяржаўны рэестр Беларусі ўключаны 31 сорт і гібрыд крыжакветных культур, 12 сартоў увайшлі ў Дзяржаўны рэестр Расійскай Федэрацыі, — кажа Фёдар Прывалаў. — У 2016-м у краіне 90 % плошчаў займалі сарты селекцыі цэнтра. Гэта дазволіла забяспечыць унутраныя патрэбы ў тэхнічным масле — біядызелі і харчовым алеі. Выведзены таксама 11 сартоў лёну-даўгунца і 4 сарты алейнага лёну. У параўнанні з вядомымі сусветнымі аналагамі яны вылучаюцца большай пластычнасцю і стабільнасцю рэалізацыі генетычнага матэрыялу.

На рахунку вучоных і стварэнне гібрыдаў кукурузы. Цяпер больш за 50 % плошчаў прыходзіцца на іх долю. Да нядаўняга часу ў Беларусі існавала праблема з вытворчасцю травяных кармоў. У апошнія гады іх назапашванне для грамадскага статка павялічылася на траціну, у асноўным за кошт «каралевы палёў», на долю якой прыпадае 46 % агульнага аб'ёму нарыхтоўкі. Прычым больш за палову плошчаў засяваецца беларускім зернем. Прамысловая вытворчасць яго ў нашай краіне пачалася ў 2004 годзе з уводам у дзеянне Мазырскага кукурузнага калібровачнага завода.

Цэнтрам распрацаваная праграма развіцця селекцыі і насенневодства. У яе межах у рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Шыпяны-АСК» Смалявіцкага раёна пабудаваны і працуе першы ў краіне насеннеачышчальны завод. Ён прадугледжвае цалкам закончаны цыкл: прыёмку зерня, пярвічную ачыстку, сушку, прамежкавае захоўванне насеннага матэрыялу, сартаванне, пратручванне, інкрустацыю і складаванне. Магутнасць прадпрыемства да 8 тыс. тон насення штогод. Сутачная прадукцыйнасць — 110—130 тон.

У цэнтры створаны банк генетычных рэсурсаў. «Гэтае месца — святая святых, пачатак харчовай бяспекі нашай краіны, дзе захоўваецца 53 калекцыі, якія налічваюць больш за 33 тыс. узораў сельскагаспадарчых культур, культур прыроднай флоры, раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, — адзначае загадчыца лабараторыі Ірына Матыс. — Некаторыя калекцыі збожжавых, зернебабовых, крупяных, кармавых, алейных культур, лёну, цукровых буракоў аб'яўлены нацыянальным набыткам.

Гэты збор дае магчымасць выводзіць сарты і вырошчваць культуры павышанай устойлівасці да прыродных умоў краіны. Калекцыйныя ўзоры змяшчаюцца на кароткатэрміновае, сярэднетэрміновае і працяглае захаванне — да 40 гадоў. Кожны пад індывідуальным нумарам у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі. Праз дзесяць гадоў упакоўку адкрываюць і правяраюць насенне на вільготнасць, усходжасць. Калі яно страціла свае ўласцівасці, то замяняюць новым матэрыялам. З насення, якое тут захоўваецца, можна ўзнавіць любую культуру, што расце ў Беларусі.

Самую багатую ў свеце калекцыю культурных раслін з 250 тыс. узораў сабраў расійскі вучоны-батанік Мікалай Вавілаў са сваёй камандай з 1923 па 1941 год. Яна і стала першым сярод краін банкам генаў.

Пасля развалу Савецкага Саюза рэспублікі, якія ў яго ўваходзілі, у тым ліку і Беларусь, засталіся без генафонду. І толькі дзякуючы кіраўніку краіны ў нас з'явілася такая ўнікальная структура. У свеце налічваецца практычна
2 тыс. банкаў генных рэсурсаў. Цэнтр супрацоўнічае з самымі буйнымі з іх, вядзе абмен матэрыялам з Кітаем, Балгарыяй, Польшчай, Германіяй, Расіяй ды іншымі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Калекцыя сартоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».