Вы тут

Што паглядзець у Гарадку?


Каб не толькі райцэнтр быў утульны для жыхароў і вельмі прывабны для гасцей, многае зроблена ў Гарадоцкім раёне. Гэта адзін з самых маляўнічых куткоў Беларусі. Знаходзіцца на мяжы з Расіяй, таму нездарма яго называюць паўночнымі ўязнымі варотамі нашай краіны. І ад таго, што ўбачаць госці за гэтымі варотамі, у многім залежыць уражанне аб нашай краіне ў цэлым.


І кіно, як у Бельгіі

Як сцвярджае старшыня райвыканкама Пётр Карабач, развіццё раёна ў першую чаргу залежыць ад яго жыхароў, іх працы і эканомікі. У Гарадоччыне больш за 8,6 тысячы працуючых. Летась тут адкрылі пяць прадпрыемстваў, арганізавалі больш за 100 працоўных месцаў. Сярэднямесячная зарплата ў канцы года склала каля 540 рублёў.

Значныя змены ў Гарадку адбыліся напярэдадні абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014». Тады правялі маштабныя работы па рамонце, мадэрнізацыі жылля, добраўпарадкаванні. З'явіліся новыя тратуарныя дарожкі, фантаны, малыя архітэктурныя формы і нават светлавое афармленне фасадаў. Сучаснае аблічча атрымалі будынкі ўстаноў культуры. Капітальна адрамантавалі гарадскі Дом культуры. Шмат чаго было зроблена і для краязнаўчага музея, дзіцячай школы мастацтваў, Дома рамёстваў і фальклору.

А былы кінатэатр «Радзіма» стаў культурна-асветніцкім цэнтрам «Гарадок». У ім сёння суіснуюць побач цэнтральная бібліятэка, цэнтр прававой інфармацыі, выставачная зала, кавярня. Ёсць і ўтульная кіназала на 100 месцаў. Дарэчы, кіно дэманструецца з выкарыстаннем бельгійскага абсталявання, у фармаце 3D.

А напярэдадні навагодняга свята ў Гарадку адбылося ўрачыстае адкрыццё басейна, які ўваходзіць у склад фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Дарэчы, раённы цэнтр ужо добра вядомы ў Еўропе, дзякуючы лыжаролернай трасе працягласцю 7,5 кіламетра.

Пасля рэканструкцыі запрацаваў і турыстычна-аздараўленчы комплекс «Лосвіда». Ён можа стаць адной з найлепшых сямейных здраўніц Беларусі.

Будуюць, рамантуюць

Жыллёвае будаўніцтва — адзін з прыярытэтаў мясцовай улады ў сацыяльных пытаннях.

Летась тут здалі пад ключ 17 жылых дамоў. І ў выніку перавыканалі гадавое заданне на 8,7 %. У лістападзе пачалі будаўніцтва 40-кватэрнага дома — наваселле плануецца ў ліпені.

За мінулы год адрамантавана 1,4 тысячы квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі і два месцы адпачынку — уздоўж аўтамабільнай дарогі. Таксама добраўпарадкавана тры месцы адпачынку каля вадаёмаў.

Шмат робіцца і для павышэння якасці сістэмы адукацыі. Напрыклад, летась набылі абсталяванне для трох камп'ютарных класаў, мульціборд. У сярэдняй школе № 2 Гарадка ўсталяваны ўнікальны скаладром. Там жа ёсць траса турысцка-прыкладнога мнагабор'я, адкрыта барцоўская зала. Для дзяцей з аддаленых вёсак пры гэтай школе стварылі інтэрнат з годнымі ўмовамі для пражывання, навучання і развіцця.

Калі ласка, на «Парнас»

У раёне больш за 170 помнікаў і памятных мясцін. З іх 49 занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта два помнікі архітэктуры, 27 помнікаў гісторыі і 20 — археалогіі. А масленічная абрадавая гульба «Пахаванне Дзеда» мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, як і традыцыйная тэхналогія ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна.

Калі хто не ведае, з гэтых мясцін паходзіць Канстанцін Вераніцын, аўтар аднаго з самых вядомых беларускіх твораў — паэмы «Тарас на Парнасе». Дарэчы, сёлета споўніцца 20 гадоў святу народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», якое праводзіцца ў пачатку чэрвеня. У праграме, як заўсёды, канцэрты з удзелам творчых калектываў раёна і гасцей з вобласці, майстар-класы народных умельцаў, выставы вырабаў народнай творчасці «Тарасаўскія панадворкі», нацыянальнай кухні — «Тарасаўскія прысмакі». Традыцыйна ў рамках свята адбудзецца аўтобусная экскурсія па вераніцынскіх мясцінах, а таксама свята паэзіі і песні «Вераніцынская зорка». У ім прымаюць удзел не толькі знакамітыя пісьменнікі і паэты з Беларусі і Расіі — выступаюць і мясцовыя аматары паэтычнага слова...

Так што будзеце на Віцебшчыне непадалёку ад Гарадка — не праязджайце міма. Завітайце ў госці і паглядзіце, як жыве беларуская глыбінка.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: І хочацца вярнуцца ў Гарадок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».