Вы тут

Тры пакаленнi ў пагонах


Ваенная дынастыя Шаўбуновых — ад дзеда да ўнука.

Сiлы спецыяльных аперацый заўжды лiчылiся адным з элiтарных i высокамабiльных родаў войскаў Узброеных Сiл. I нездарма — у Беларусi яны сталi пераемнiкамi паветрана-дэсантных войскаў i спецназа галоўнага разведвальнага ўпраўлення СССР. Таму трапiць туды на службу няпроста з-за якаснага адбору. Аднак у лiку афiцэраў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якая пастаянна дыслакуецца ў Вiцебску, ёсць сапраўдная дынастыя.


Злучэнне атрымала вядомасць падчас баявых дзеянняў у Афганiстане. 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная ордэна Ленiна Чырванасцяжная ордэна Кутузава 2-й ступенi дывiзiя знаходзiлася там больш за iншыя злучэннi. 25 снежня 1979 года яе часцi перасеклi па паветры савецка-афганскую мяжу. Перад дэсантнiкамi ставiлася задача авалодаць 17 найважнейшымi аб'ектамi ў Кабуле. I ў лютым 1989 года вiцебскiя дэсантнiкi пакiнулi афганскую зямлю аднымi з апошнiх. Баявы Сцяг дывiзii пад аховай асобнай разведроты злучэння нёс якраз бацька нашага суразмоўнiка падпалкоўнiка Антона Шаўбунова, падпалкоўнiк Сяргей Шаўбуноў.

Баявы Сцяг — гэта сiмвал любой вайсковай часцi. I за яго згубу яна расфармiроўваецца. Менавiта таму пачэсную цырымонiю нясення Сцяга давяраюць толькi вельмi адказным афiцэрам. Падпалкоўнiк Сяргей Шаўбуноў больш за паўтара года стаяў на чале разведкi штаба дывiзii. Мiсiя на яго ўскладалася вельмi няпростая — распрацоўваць усе планы здабыцця каштоўных звестак аб працiўнiку, сiстэматызаваць iх i пасля перадаваць камандаванню. I ад таго, наколькi якасна спрацуе разведка, залежыць тое, як будуць выкананы наступныя баявыя задачы. Штаб дывiзii месцiўся непадалёк ад легендарнага Кабульскага аэрапорта. Работа вайсковай разведкi ў Афганiстане была настолькi важная, што грыф сакрэтнасцi на яе аперацыях стаiць i дагэтуль.

Антон Шаўбуноў, якi быў тады 12-гадовым падлеткам, цудоўна памятае тыя днi, калi здавалася, што ўсе дальнiя камандзiроўкi на вайну для яго бацькi скончаны. Але, як кажуць, з агню ды ў полымя. У канцы 1989 года гарачая кропка з'явiлася ўжо ў самiм СССР. Гэта быў канфлiкт вакол Карабаха. Пасля таго як на армяна-азербайджанскай мяжы пачалiся баi з выкарыстаннем артылерыi, 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывiзiя была ўзнята па трывозе i экстранна па паветры перакiнута з Вiцебска ў Баку. А незадоўга да таго яе перападпарадкавалi пагранiчным войскам КДБ СССР. У баявую задачу злучэння ўваходзiла ахова дзяржаўнай мяжы Азербайджанскай ССР з Iранам. Але непасрэдна ў баявыя дзеяннi яно не ўступала, а проста патрулявала мяжу i вяло прафiлактычную работу з насельнiцтвам. Сяргей Шаўбуноў быў там нядоўга — лiтаральна чатыры месяцы. У маi 1990 года дэсантнiкi былi перадыслакаваны назад у Вiцебск.

Прыклад бацькi, узнагароджанага за бездакорную службу двума ордэнамi — Чырвонай Зоркi i Чырвонага Сцяга, — натхнiў i сына. Дзесьцi ў дзявятым класе ён цвёрда вырашыў, што хоча звязаць сваё жыццё з войскам. I больш не вагаўся. Атрымаўшы атэстат сталасцi ў 1995 годзе, Антон Шаўбуноў паступiў у Ваенную акадэмiю. А пасля атрымаў размеркаванне ў 317-ю асобную мабiльную брыгаду. Напрыканцы 2002 года ёй быў перададзены Баявы Сцяг 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывiзii. Так i атрымалася, што сын працягнуў служыць у тым жа злучэннi, што i яго бацька.

Зараз Антон Шаўбуноў займае пасаду намеснiка начальнiка штаба па службе войскаў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. I зноў жа, як i ў бацькi, у яго працы ёсць вельмi вялiкi складнiк аналiтыкi. Каардынацыя нарадаў, аховы аб'ектаў, нясенне службы нарадам па падраздзяленнях, зацвярджэнне днявальных па ротах, размеркаванне службы на кантрольна-прапускным пункце — тут не абысцiся без якасцяў, якiя ўласцiвы i разведчыку: уменне аператыўна вырашаць нестандартныя задачы, вызначаць прыярытэты i валодаць сiстэмай планавання.

— Самае цяжкае — гэта ўмець выбудаваць зносiны з асабовым складам. Адна справа — калi малады чалавек адвучыўся год на ваеннай кафедры. Ён ужо фактычна падрыхтаваны ў некаторых пытаннях, якія  датычацца вайсковай службы. Ды i пэўныя агульныя веды ён ужо набыў падчас вучобы. Таму такiя выпускнiкi ВНУ, як правiла, аклiматызуюцца вельмi хутка. З тымi, хто трапiў у войска пасля школы цi каледжа, крыху складаней. Яны могуць прывыкаць да новых умоў як тыдзень, так i паўгода. Шмат залежыць i ад таго, дзе i ў якiм асяроддзi вырас юнак, чым ён займаўся да прызыву. Ёсць тыя, каму па пашпарце 18 гадоў, а ў душы ўсё яшчэ 15. А ёсць i iншыя прыклады, калi 18-гадовы разважае так, быццам яму 20 з лiшнiм гадоў. Разам з тым з нашай паўсядзённай работай i характарам баявых задач можа азнаёмiцца кожны прызыўнiк, каб пасля для яго было менш нечаканасцяў. Яшчэ ў 1977 годзе быў зняты фiльм «У зоне асаблiвай увагi».

— Цi адбiваецца работа, звязаная з пастаяннай аналiтыкай, на вашым жыццi па-за межамi часцi?

— Так. Яшчэ тата мяне прывучыў, што нельга кiдацца, як кажуць, з шашкамi нагала. Любую абстаноўку трэба ацанiць i толькi пасля дзейнiчаць. Жыццё ж не заўжды iдзе па нейкiм стандартным алгарытме.

Мiж iншым армейская дынастыя мае ўсе шанцы працягнуцца. Сын падпалкоўнiка Шаўбунова паступiў у Вiцебскае кадэцкае вучылiшча. Зараз яму чатырнаццаць гадоў. Шлях у кадэты падлетак абраў самастойна. I ўжо ёсць думкi стаць вайскоўцам, як яго бацька, дзед i прадзед, якi ваяваў падчас Вялiкай Айчыннай. Праўда, цi абярэ ён для гэтага менавiта Узброеныя Сiлы, пакуль пытанне. Зрэшты, адказ на яго рана цi позна, але будзе дадзены.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.