Вы тут

БелАЭС: год да старту


Пры набліжэнні да пляцоўкі нашай «атамкі», што побач з Астраўцом, адразу ж у вочы кідаюцца дзве аб'ёмныя вежавыя выпарныя градзірні вышынёй больш за 170 метраў. Таму бетонныя будынкі першага і другога рэактараў (вышынёй крыху больш за 70 метраў) здаюцца не такімі і масіўнымі. Гэта з адлегласці, а апынуўшыся бліжэй да «сэрца» аб'екта, разумееш усю глабальнасць сучаснай станцыі... Адна градзірня ўжо пафарбавана, другая яшчэ не. Прыйдзе час — будзе і яна прыгожай.

Унутр будынка наш журналісцкі дэсант не пусцілі, ды і няма чаго нам там рабіць не толькі з меркаванняў бяспекі. Работы кіпяць тут не абы-якія, няма чаго замінаць... Атамную станцыю будуюць без выхадных і ў любое надвор'е. Работы ідуць па графіку на 125 з 130 аб'ектаў.


Фота БЕЛТА

Тысячы тон арматуры і кубаметраў бетону

Інвестыцыі ў асноўны капітал Беларускай АЭС у 2017 годзе выраслі амаль на 40 % і склалі 1,68 млрд рублёў, паведамілі на калегіі Міністэрства энергетыкі. Сярэдняя колькасць будаўніча-мантажнага персаналу, занятага на аб'ектах атамнай электрастанцыі па годзе, — 4950 чалавек.

За мінулы год зманціравана 17 тысяч тон арматуры і пакладзена 101 тысяча кубічных метраў бетону. Будаўніча-мантажныя работы ішлі на збудаванні першага і другога энергаблокаў станцыі, а таксама на агульнастанцыйных аб'ектах. У цэлым работы вяліся на 123 аб'ектах станцыі.

Устаноўлены карпусы рэактараў, парагенератары і іншае абсталяванне двух энергаблокаў. Завершана зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода энергаблока № 1. Вядзецца мантаж турбаагрэгатаў, цеплатэхнічнага і электратэхнічнага абсталявання. Збудаванне першага энергаблока Беларускай АЭС знаходзіцца на этапе завяршэння агульнабудаўнічых работ, праводзяцца цепламантажныя і электрамантажныя работы. Адной з ключавых падзей пры збудаванні АЭС з'яўляецца праліў на адкрыты рэактар (праліў тэхналагічных сістэм). На блоку № 1 ён пачаты ў снежні 2017 года. На другім энергаблоку дасягнута высокая ступень будаўнічай гатоўнасці, пачалі мантаж асноўнага абсталявання. У снежні 2017 года ў будынку рэактара блока № 2 зманціраваны корпус рэактара.

Па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме сёлета ўведзены ў эксплуатацыю чатыры жылыя дамы ў Астраўцы і ваенны гарадок для аховы дзейнай станцыі. Працягваецца будаўніцтва сямі жылых дамоў у Астраўцы.

Шмат гэта ці мала? На выязной калегіі энергетыкаў было адзначана, што «з-за дапушчаных генпадрадчыкам пралікаў і непрынятых мер з боку Мінбудархітэктуры па нарошчванні колькасці будаўнікоў нам не ўдалося выйсці на запланаваныя аб'ёмы работ». У гэтым няма нічога добрага, але сітуацыя папраўная.

Адказнасць за вынікі

Сёлета на нашай станцыі неабходна завяршыць асноўныя будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы і завезці сюды ядзернае паліва. Такую задачу паставіў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык на калегіі міністэрства.

Фота БЕЛТА

«2018 год для ўзвядзення Беларускай АЭС з'яўляецца вырашальным. Персанальная адказнасць за выкананне тэматычнага плана ўскладаецца на кіраўнікоў арганізацый, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве атамнай электрастанцыі, — адзначыў Уладзімір Патупчык. — Каб увесці першы блок атамнай электрастанцыі ў эксплуатацыю ў снежні 2019 года, у гэтым годзе неабходна ў асноўным завяршыць будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы, завезці ядзернае паліва і падрыхтавацца да фізічнага пуску ў першым квартале наступнага года».

Уладзімір Патупчык агучыў задачы года і звярнуў увагу на тое, што запланаваная сярэдняя колькасць будаўніча-мантажнага персаналу на 2018 год павінна скласці 7,7 тысячы чалавек. Міністр таксама даручыў актывізаваць дзейнасць па распрацоўцы нарматыўных прававых актаў і тэхнічных дакументаў, звязаных з эксплуатацыяй станцыі.

Спачатку не паліва, а імітатар

Фізічны пуск першага энергаблока нашай атамнай электрастанцыі намечаны на люты наступнага года, паведаміў журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. Фізпуск — адна з ключавых аперацый, якая мае на ўвазе загрузку ядзернага паліва і пачатак правядзення выпрабаванняў. Непасрэдна ўвод блока № 1 намечаны на снежань 2019 года.

Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, першая пастаўка паліва для АЭС плануецца ў лістападзе гэтага года. Для першай і другой загрузак, згодна з генеральным кантрактам, паліва паставіць інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт». Кантракт на пастаўку паліва для трэцяй і наступных загрузак Беларуская АЭС падпісала з кампаніяй цеплавыдзяляльных элементаў. Да загрузкі ў рэактар у лютым яно будзе размяшчацца ў кантэйнерах у спецыяльным сховішчы свежага ядзернага паліва — яго стварэнне прадугледжана праектам атамнай электрастанцыі. Усё абсталяванне, якое забяспечвае этап дастаўкі ядзернага паліва ў сэрца рэактара, ужо знаходзіцца на пляцоўцы ў Астраўцы.

Дарэчы, перад загрузкай рэальнага паліва станцыя атрымлівае імітатары цеплавыдзяляльных зборак. Ядзернага паліва ў іх няма, яны патрэбныя для тэсціравання падчас пусканаладачных работ. Імітатары дапамогуць змадэляваць геаметрыю актыўнай зоны ядзернага рэактара і атрымаць інфармацыю аб рэактарнай устаноўцы — ці бяспечная яе эксплуатацыя, ці працуе рэактар у штатным рэжыме. Увод другога энергаблока запланаваны на ліпень 2020 года, дадаў Міхаіл Міхадзюк.

Адкажам на ўсе пытанні

Візіт у нашу краіну групы еўрапейскіх экспертаў у рамках партнёрскай праверкі вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай АЭС плануецца ўжо ў сакавіку, паведаміў намеснік міністра. У групу экспертаў увайшлі прадстаўнікі Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Францыі, Фінляндыі, Славакіі, Швецыі, Грэцыі, Славеніі, Украіны, Іспаніі і Літвы. У склад групы ўключаны таксама прадстаўнікі Еўракамісіі, МАГАТЭ, Ірана і Расіі.

Еўрапейскім экспертам ужо накіраваны нацыянальны даклад Беларусі па выніках стрэс-тэстаў. У адпаведнасці з рэгламентам работы сфарміравана каля 500 пытанняў адносна стрэс-тэстаў БелАЭС. «Гэта нармальная практыка. Такую працэдуру праходзілі ўсе краіны, якія далі згоду на правядзенне такой незалежнай экспертызы — стрэс-тэстаў», — адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

Падчас партнёрскай праверкі запланаваны візіт групы экспертаў непасрэдна на пляцоўку Беларускай АЭС. «Яны азнаёмяцца з аб'ектам, на месцы пераканаюцца, як выконваюцца стандарты бяспекі», — растлумачыў намеснік міністра. Як паведамлялася раней, пасля заканчэння візіту ў Беларусь група экспертаў падрыхтуе справаздачу аб партнёрскай праверцы.

Стрэс-тэсты БелАЭС адбыліся ў 2016 годзе паводле еўрапейскай метадалогіі. Пры іх правядзенні прагназаваліся наступствы такіх прыродных фактараў, як землетрасенні, затапленні, экстрэмальныя ўмовы надвор'я і іх спалучэнне, а таксама наступствы збояў электразабеспячэння АЭС і страты цепланосбітаў (вады). Была ацэнена дастатковасць тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца пасля адмовы сістэм бяспекі, прадугледжаных у праекце АЭС, выкліканых названымі фактарамі, для абароны ад радыяцыйнага ўздзеяння насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Асноўная выснова — Беларуская АЭС устойлівая да ўзнікнення надзвычайных сітуацый, у тым ліку падобных да той, што адбылася на АЭС «Фукусіма».

Пытанне з кадрамі вырашаецца

Колькасць персаналу нашай станцыі на пачатак года складала больш за 1 тысячу чалавек, яшчэ столькі ж будзе працаўладкавана ў найбліжэйшыя гады. На тэрыторыі АЭС працуе ўласны вучэбна-трэніровачны цэнтр, ёсць магчымасць стажыравацца на дзейных станцыях за мяжой.

Трымаць руку на пульсе станцыі будзе аператыўны персанал блокавага пульта кіравання — сфарміравана восем такіх змен па восем чалавек. На поўнамаштабным трэнажоры — копіі рэальнага пульта кіравання — яны адпрацоўваюць розныя рэжымы эксплуатацыі АЭС: пуск, уздым магутнасці, сінхранізацыю, разгрузку, спыненне, пазаштатныя сітуацыі. Частка персаналу ўжо мае досвед работы на расійскіх і ўкраінскіх станцыях, на працу бяруць і выпускнікоў ВНУ.

Новы гулец на рынку

Сёлета плануецца дабудаваць сістэму выдачы магутнасці «атамкі». Электраэнергія, якую будзе выпрацоўваць станцыя, прызначаецца для спажывання ўнутры краіны. Пытанне яе выкарыстання, у тым ліку для майнінгу, вывучаюць навукоўцы з Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН. Відавочна, што будаўніцтва АЭС і падрыхтоўка да запуску агульнага энергарынку ў Еўразійскім эканамічным саюзе стануць для беларускай энергетыкі галоўнымі тэмамі 2018 года. Яны будуць вырашацца комплексна, бо ў перспектыве гульцом агульнага энергарынку стане і Беларуская АЭС.

Па абодвух напрамках праца працягваецца досыць даўно, аднак гэты год шмат у чым стане вырашальным: на атамнай электрастанцыі ўсё павінна быць падрыхтавана да запуску, а да пачатку работы агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС Беларусь павінна правесці маштабную рэформу сваёй энергасістэмы.

У тэму

Праект атамнай электрастанцыі з ВВЭР-1200, па якім будуецца Беларуская АЭС, — адзін з самых сучасных у свеце, адносіцца да пакалення 3+ і адпавядае ўсім міжнародным нормам і рэкамендацыям Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Галоўная асаблівасць праекта — камбінаванае выкарыстанне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Рашэнні, якія прымяняюцца ў праекце, цалкам адпавядаюць «постфукусімскім» патрабаванням да надзейнасці атамнай станцыі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.