Вы тут

Раім схадзіць


Лекцыі пра сучасны тэатр і Мінск, выставы «Вобраз жанчыны ў фарфоры» і «Імпрэсіянізм. Live», кінападарожжа ў часе, міжнародная кніжная выстава-кірмаш — афіша «Звязды» з 26 лютага па 4 сакавіка.


Лекцыя «Тэатр без сцэны»

Фота goteatr.com.

Дзе: культурны цэнтр Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16)

Калі: 27 лютага, 19:00

Колькі каштуе: 5 р.

Сучасны тэатр усё часцей сыходзіць за межы звыклых сцэн у прасторы былых завадскіх ангараў і цэхаў, залаў кафэ і музеяў, кватэр і вуліц, каб разбурыць «чацвёртую сцяну», ператварыць гледача з пасіўнага назіральніка ў саўдзельніка спектакля.

Лекцыю правядзе тэатразнаўца, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Ксенія Дубоўская, якая на прыкладах самых яркіх спектакляў «без сцэны» раскажа пра рэжысёрскія эксперыменты з прасторай і тэндэнцыі сучаснага тэатра.

Працягласць мерапрыемства — 1 гадзіна 30 хвілін; мова правядзення лекцыі — руская.


Кінападарожжа ў часе

Дзе: Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. Веры Харужай, 16)

Калі: 1 сакавіка, 14:00

Колькі каштуе: бясплатна

«Кінападарожжа ў часе» — гэта сумесны праект Беларускага архіва кінафотафонадакументаў і Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

На кінапаказе 1 сакавіка будуць прадстаўлены архіўныя кіначасопісы 1946, 1961 і 1977 гадоў.


Лекцыя «Як Мінск сталіцай стаў»

Дзе: Мінская гарадская ратуша (пл. Свабоды 2)

Калі: 3 сакавіка, 18:00

Колькі каштуе: бясплатна

Лекцыя пазнаёміць слухача з рознымі перыядамі гісторыі Мінска, як адміністрацыйна-гаспадарчага і культурнага цэнтра воласці, ваяводства, губерніі, Рэспублікі. 

Сваімі ведамі з наведвальнікамі будзе дзяліцца Сяргей Тарасаў, кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска.

На мерапрыемства патрэбна рэгістрацыя: +37517-321-24-30; +37517-342-24-26.


Выстава «Вобраз жанчыны ў фарфоры»

Фота worldofsouvenirs.ru.

Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (зав. Музычны, 5)

Калі: па 25 сакавіка, 10:00-17:30

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава, прадстаўленая калекцыянерам Віктарам Суворавым, аб'яднала фарфоравыя статуэткі заводаў Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі і Беларусі, створаныя ў перыяд ад 30-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.

Вы зможаце ўбачыць фарфоравыя вобразы клапатлівых мам, зграбных, вытанчаных балерын, казачных літаратурных персанажаў: Папялушкі, Чырвонай Шапачкі, Гаспадыні меднай гары.


Выставачны праект «Абуджаная жалейка»

Дзе: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (вул. Я. Купалы, 4)

Калі: па 16 красавіка

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выставачны праект прысвечаны цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 года і прымеркаваны да 110-годдзя выхаду яго першага зборніка «Жалейка».

На выставе ўпершыню максімальна поўна прадстаўлены арыгіналы аўтографаў грамадзянска-патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 года з фондаў музея. Гістарычны кантэкст, які абумовіў з'яўленне гэтых вершаў, узноўлены на падставе ўнікальных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: прадстаўлены факты тагачаснай рэчаіснасці, не толькі палітычнай, але сацыяльна-эканамічнай і культурнай, якія былі інтэгруючым фактарам для дзеячоў беларускага руху розных поглядаў. 


Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш

Дзе: «БелЭкспа» (пр-т Пераможцаў, 14)

Калі: з 28 лютага па 4 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрыецца 28 лютага ў НВЦ «БелЭкспа». У гэтым годзе краінай-ганаровым госцем выступіць Рэспубліка Сербія. Акрамя таго, чакаецца шырокі ўдзел у мерапрыемстве кнігавыдаўцоў з Расіі, Казахстана, Украіны, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін, якія прадставяць у Мінску новыя кніжныя праекты.

Таксама ў рамках выставы адбудуцца сустрэчы з вядомымі беларускімі і замежнымі аўтарамі, будзе арганізаваны шырокі гандаль кніжнай прадукцыяй.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.


Выстава «Імпрэсіянізм. Live»

Дзе: культурны цэнтр Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16)

Калі: з 1 сакавіка па 30 красавіка

Колькі каштуе: ад 8 р.

Выстава «Імпрэсіянізм. Live» — гэта ўнікальная магчымасць пагрузіцца ў эпоху імпрэсіянізму ў фармаце мультымедыйнага праекта з сюжэтнай лініяй і мноствам спецыяльных анімацыйных і гукавых эфектаў.

У экспазіцыі ажывае больш за 100 карцін, звязаных сюжэтнай лініяй. Для больш дэталёвага знаёмства з асобамі мастакоў і разумення іх характараў будзе зроблена галерэя з партрэтамі майстроў, гісторыямі іх жыцця і творчасці.

Праект распрацаваны спецыялістамі з трох краін: Беларусі, Літвы, Вялікабрытаніі.


Праект «Аб'ект даследавання: каханне»

Фота sobiratelzvezd.ru.

Дзе: Мастацкая галерэя «Акадэмія» (вул. Сурганава, 14)

Калі: па 17 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Маладыя мастакі Уладзіслаў Міцура і Ганна Карповіч прапануюць задумацца пра тое, што ўяўляе сабой каханне. Мастакі распрацавалі шэраг візуальных вобразаў, якія адлюстроўваюць некаторыя прыкметы і тонкія градацыі этапаў развіцця гэтага пачуцця.

Аўтары праекта лічаць, што неад'емным пачатковым складнікам кахання з'яўляецца закаханасць — суб'ектыўнае пачуццё, якое пераходзіць ці не пераходзіць у каханне. Мастакі гавораць пра каханне, не выкарыстоўваючы вербальны шэраг, але візуалізуючы яго ў фотаздымках, фільмах і інсталяцыях.

Выставачны праект Уладзіслава Міцуры і Ганны Карповіч носіць эксперыментальны характар. Экспазіцыя з'яўляецца своеасаблівай творчай лабараторыяй, дзе закладзеныя мастакамі сэнсы раскрываюцца пры асабістай інтэрпрэтацыі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.