Вы тут

ХХV Мінская міжнародная кніжная выстаўка: з 28 лютага па 4 сакавіка


ХХV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш: з 28 лютага па 4 сакавіка.

Гэтымі днямі да нас завітаюць госці больш чым з 30 краін: пісьменнікі, аўтары кніг і выдаўцы, даследчыкі літаратурнага працэсу і дзяржаўныя дзеячы, якія разумеюць вагу і сілу слова ў сучасным свеце. Мінскія кніжныя кірмашы падтрымліваюць у нашай краіне плынь дыялогу, скіраванага на гуманізм і супрацоўніцтва, менавіта таму на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» сёлета чакаецца каля 50 удзельнікаў, сярод якіх 34 пісьменнікі з 21 краіны.

Адным з арганізатараў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, 25-й па ліку, з’яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У пярэдадзень гэтай знакавай культурна-асветніцкай падзеі мы звярнуліся да міністра інфармацыі краіны Аляксандра Карлюкевіча з просьбай адказаць на некалькі пытанняў газеты «Літаратура і мастацтва».


 — Аляксандр Мікалаевіч, скажыце, чым адрозніваецца сёлетняе лютаўскае свята кнігі ў Мінску ад папярэдніх выставаккірмашоў?

— Ужо тым, што не зусім яно і лютаўскае, бо, хаця і пачынаецца 28 лютага, працягваецца ўжо вясной і завяршае работу 4 сакавіка. Дарэчы, для мужчын добрая нагода купіць кнігу ў якасці падарунка сваім блізкім жанчынам — жонкам, маці, любімым, дзяўчатам. Але калі гаварыць болей сур’ёзна, то выстаўка адрозніваецца хіба што навінкамі. І гэта, пэўна, галоўнае, на што заўсёды варта арыентавацца, — новыя кнігі, па якія на Пераможцаў, 14 прыйдзе патрабавальны пакупнік, уважлівы чытач.

— А навінак сапраўды шмат?

— Мінулы год — амаль дзесяць тысяч назваў кніг і брашур, якія выйшлі дзякуючы руплівым намаганням дзяржаўных і прыватных кнігавыдаўцоў краіны. Такі плён варты ўвагі чытачоў розных пакаленняў. Да згаданых дзесяці тысяч можна дадаць і яшчэ нямала навінак, якія выйшлі на пачатку 2018 года. І калі летась было досыць шмат выданняў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, то сёлета яшчэ і ў лістападзе — снежні 2017 года айчынныя выдавецтвы, найперш дзяржаўныя, акцэнтавана працуюць з асветніцкімі, гісторыка-папулярнымі праектамі. З’явіўся цэлы шэраг кніг, якія па праве можна лічыць падзеямі, з’явамі. «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» падрыхтавала аднатомную энцыклапедыю «Францыск Скарына». Следам гэтае ж выдавецтва падарыла чытачу першы том энцыклапедыі «Янка Купала». Мяркуецца, што ўсяго пабачаць свет тры тамы ўнікальнага выдання. Варта нагадаць, што яшчэ ў 1986 годзе гэтае ж выдавецтва выпусціла аднатомны энцыклапедычны слоўнік «Янка Купала». Тое выданне і зараз карыстаецца попытам. Але прайшоў час — і ўжо наспела патрэба ў новым выкладанні купалазнаўчых ведаў, што энцыклапедысты сумесна з літаратуразнаўцамі, культуролагамі, музейшчыкамі, мастацтвазнаўцамі, архівістамі і зрабілі, працягваюць рабіць. Дарэчы, у планах «БелЭн» — і выданне энцыклапедыі «Якуб Колас». Сапраўдная бібліятэка персанальных энцыклапедый! Не ведаю, дзе яшчэ на постсавецкай прасторы такое здзейснена. Параўнальна нядаўна была выпушчана і энцыклапедыя «Максім Багдановіч». У гэтым кірунку «БелЭн» паказвае для многіх прыклад. Такая праца варта самай высокай адзнакі.

— А мастацкая літаратура… Што новага прэзентуюць выдаўцы з 28 лютага па 4 сакавіка?

— Адметна, што па праграме падтрымкі публічных бібліятэк Міністэрства інфармацыі аплаціла выданне кніг прозы Сяргея Трахімёнка, Уладзіміра Саламахі, Уладзіміра Гаўрыловіча — вядомых празаікаў, з якімі добра знаёмы чытач і ў Беларусі, і ў Расіі. Сяргей Трахімёнак — сярод аўтараў маскоўскіх выданняў «Роман-газета», «Наш современник». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха часта выступае з аповесцямі ў часопісе «Наш современник». У «Народнай асвеце» іншая навінка — кніга вершаў таленавітай паэтэсы з Берасцейшчыны Марыі Кобец. У Выдавецкім доме «Звязда» — кніга перакладаў паэзіі народаў свету Юліі Алейчанкі.

«Мастацкая літаратура» па-ранейшаму застаецца лідарам у выданні беларускай класікі, сучаснай беларускай мастацкай літаратуры. Вельмі сімпатычным атрымаўся зборнік арыгінальных вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава. Магчыма, кніга зусім не для шырокага кола чытачоў, але яна з’яўляецца адбіткам новых пошукаў ужо вядомага ўсёй Еўропе паэта. І сведчыць пра шматаблічны характар мастацкага слова. Некалі, амаль сорак гадоў назад, «Шлях-360» Алеся Разанава з яго нязвыклымі для беларускага вуха квантэмамі патрабаваў тлумачэння, аўтарытэтнай падтрымкі старэйшых паэтаў, якія разумелі сэнс наватарства. Сённяшні Алесь Разанаў — гэта не толькі наватарства ці эксперымент, гэта спроба выявіць усю шырыню мастацкіх рэсурсаў, разгледзець усю прыроду роднай мовы. Кніга цікавая нават з літаратуразнаўчага пункту гледжання. Выкладаць беларускую літаратуру, вучыцца на філалагічным факультэце і не ведаць паэзію Алеся Разанава — значыць абмежаваць сябе ў літаратурнай адукацыі. У «Мастацкай» выходзіць і папулярная серыя, якая прадстаўляе чытачу яркія імёны беларускіх паэтаў усяго праз сто вершаў. Так, і не трэба болей, каб уявіць маштаб таленту Міхася Стральцова ці Пімена Панчанкі.

— А ці ў полі зроку дзяржаўных выдавецтваў паэзія, проза маладых аўтараў?

— Выйшла кніга Станіславы Умец «Сэрца Сакры». Рыхтуецца зборнік Маргарыты Латышкевіч. Пабачыў свет альманах твораў пераможцаў конкурсу маладых «Першацвет». Апошняе сталася добрай традыцыяй. Альманах выходзіць другі год запар. Застаецца спадзявацца на развіццё і пашырэнне ў гэтым кірунку.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае ў сучасных абсягах айчыннага кнігавыдання, калі весці размову пра мастацкія творы?

— Адкрыццяў. Так, хацелася б нечага новага, што дазволіць быць болей уважлівымі да рэчаіснасці, пакажа тыя ці іншыя тэндэнцыі грамадскага, сацыяльнага развіцця. І гэта чаканне для мяне звязана не з раманамі ці аповесцямі, якія адлюстроўвалі б эпахальныя з’явы, а хутчэй — з унутранымі праявамі герояў, іх асабістымі ацэнкамі жыцця, маральных, духоўных каштоўнасцяў. З прозы апошніх гадоў мяне ўразіла аповесць Алега Ждана «Геній». Невялікі па аб’ёме твор, лакальны мастацкі свет галоўнага героя, высновы, да якіх падштурхоўвае празаік, — усё гэта прыцягвае, прымушае разважаць над жыццём сённяшнім, задумацца над тым, ці не згубіўся чалавек з яго хуткасцямі ў пошуках будучыні. Мала сёння гавораць пра такога празаіка, як Анатоль Разановіч. А, між тым, ён рашуча аглядае ў сваіх раманах усё мінулае стагоддзе. Робіць гэта панарамна, з улікам многіх акалічнасцяў развіцця жыцця ў нашай Айчыне. З ім можна спрачацца, нешта не прымаць. Але ж тым і цікавая мастацкая літаратура, што прымушае думаць, разважаць.

— Мы шмат гаварылі пра мастацкую літаратуру… А вось, мяркуючы па статыстыцы, істотнае месца ў кнігавыданні займае асветніцкая кніга…

 — І тут адным з лідараў, несумненна, выступае дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь», якое наладзіла выдатныя сувязі з айчыннымі навукоўцамі — і з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і з шэрагам айчынных ВНУ, а таксама — з музейшчыкамі, архівістамі краіны. Кнігі, якія выдадзены ў розны час і прысвечаны слуцкім паясам, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, асобным гістарычным перыядам нашай гісторыі, варта мець у кожнай бібліятэцы. Думаю, шмат хто набудзе іх і для сваёй хатняй бібліятэкі.

Але ёсць пэўныя тэндэнцыі, што, магчыма, патрабуюць болей грунтоўнай увагі — і саміх выдаўцоў, і журналістаў, якія пішуць на тэмы кнігазнаўства, і бібліятэкараў, бібліятэказнаўцаў. Шмат выходзіць краязнаўчай літаратуры. Яе выданне перамясцілася з дзяржаўных у прыватныя выдавецтвы. Часта выходзяць кнігі наколькі цікавыя па змесце, настолькі не адрэдагаваныя, стылістычна не даведзеныя да ладу, дрэнна аформленыя. Пра гэта трэба гаварыць, гэта трэба аналізаваць, каб нейкім чынам сітуацыю змяніць.

Сёння вельмі шмат друкуецца дзіцячай літаратуры. Яна раскіданая па розных выдавецтвах. Зразумела: дзіцячая кніга карыстаецца большым попытам. Але ў многіх выпадках няшмат рэдактарскай работы заўважна ў дачыненні да дзіцячай кнігі. Амаль няма крытычнага разгляду зместу такіх кніг. Як і няма крытыкаў маштабу Маргарыты Яфімавай, Эсфіры Гурэвіч, Святланы Марчанкі, якія пісалі пра дзіцячую літаратуру, разглядалі яе ў розных праявах.

— Таму, магчыма, і на выстаўцы павінна быць як мага болей пляцовак для дыскусій, канструктыўнага дыялогу пісьменнікаў, выдаўцоў з чытачамі, крытыкамі, журналістамі…

— Магу толькі пагадзіцца з вамі і падзякаваць газеце «Літаратура і мастацтва» за сістэмную шырокую ўвагу да айчыннага кнігавыдання!

Гутарыў Сяргей ПАЎЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».