Вы тут

У Гомелі расцвіла лілея памерам каля паўметра


Расцвіла расліна ў Гомельскім гарадскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў самыя лютыя лютаўскія маразы.


Расцвіла з лёгкай рукі інструктара па лячэбнай фізкультуры Ірыны Антонавай, якая займаецца дзеткамі з асаблівасцямі развіцця і адначасова ўпрыгожвае ўсё вакол самымі рознымі кветкамі. Сярод звычайных і незвычайных аморфафалус каньяк — самы рэдкі. Стаіць сабе ў калідоры паміж дзвюх канап, дзе бацькі звычайна чакаюць сваіх дзетак падчас заняткаў.

Праўда, увагу на яго звяртаюць усе: памер уражвае — сама кветка — каля паўметра. Да таго ж у першыя два дні цвіцення струменіць ну вельмі незвычайны водар, які хутчэй трэба назваць смуродам. Вось менавіта таму ў аматараў яна атрымала назвы «лілея вуду», «змяіная пальма», «тыбецкая яшчарка», «бульба слана»... Між тым у дзікай прыродзе такі пах гнілога мяса патрэбен для прыцягнення мух, якія апыляюць кветку. Гэта спосаб, каб утварылася насенне. Дарэчы, кажуць, у блізкіх родзічаў аmоrрhорhаllus пах значна горшы. Але іх яшчэ радзей вырошчваюць як пакаёвыя культуры.

Ірына Антонава прывезла аморфафалус некалі даўно з Віцебска. Зацвіў ён не адразу. Для гэтага расліне спатрэбілася перажыць выпрабаванне холадам, гаворыць жанчына:

— Лілеі вуду — мы так часцей называем гэтага прыгажуна — патрэбны добрае харчаванне і стрэс. Пасля таго як расліна адцвіце, — а доўжыцца гэта каля двух тыдняў, перасаджваю яе на клумбу, тут жа на тэрыторыі нашага цэнтра. Прыкладна ў маі, калі зямля сагрэецца. Клубень чакае аптымальнай тэмпературы, і потым з яго пачынае прарастаць вялізны ліст. Усё лета кветка расце на паветры — да першых асенніх замаразкаў на глебе. І толькі пасля таго, як лісце звяла, — выкопваю. Загортваю клубні, а іх утвараецца даволі многа, і пакідаю на пэўны час у халаднаватым памяшканні. Так расліна адпачывае — без глебы. Калі бачу, што з'явіліся парасткі на асобных клубнях, тады саджаю ў грунт. Вось гэтая расліна ў цяпло трапіла прыкладна ў лістападзе. Ну а тыя, што засталіся, звычайна раздаю ўсім, хто таксама хоча паэксперыментаваць. Але ж, з вопыту, цвітуць яны надзвычай рэдка. Наша сёлета другі раз у жыцці зацвіла. Таму ўсе і здзівіліся.

Радзімай экзатычнай расліны з сямейства ароідных называюць Паўднёва-Усходнюю Азію. Расце яна ў трапічных і субтрапічных зонах, па ўсёй Афрыцы, у Кітаі, Японіі, Малайзіі і нават на поўначы Аўстраліі. Род уключае звыш 100 відаў шматгадовай клубневай травы. Назва аморфафалус — ад грэчаскіх слоў аmоrрhоs — бясформенны, і рhаllоs — фалас. Апошняе, відаць, звязана з асацыяцыямі батанікаў наконт аблічча суквецця-катаха.

Аmоrрhорhаllus бываюць розных памераў — ад маленькіх да гіганцкіх. З верхняй часткі клубня расце адзіны ліст, які ў прыродзе можа дасягаць некалькіх метраў у шырыню. Дарэчы, ён таксама вельмі прыгожы: глыбока рассечаны і трохі падобны на невялікую пальму.

Лілея вуду цвіце, гавораць спецыялісты, зусім не рэгулярна. Гэта звязана, у першую чаргу, з назапашваннем пажыўных рэчываў у клубні. Тэрмін жыцця кветкі складае дзесьці 40 гадоў, і за гэты перыяд часу цвіценне адбываецца звычайна 3-4 разы.

Паліваць расліну неабходна цёплай вадой пасля поўнага высыхання глебы, і толькі тады, калі пачынаецца рост лісця, паліванне некалькі павялічваецца. Глеба для аморфафалуса павінна быць з перагноем, з ліставой і дзярновай зямлёй з даданнем торфу і пяску. У пакоі аморфафалус лепш размясціць на паўночна-ўсходніх ці паўночна-заходніх вокнах.

У традыцыях краін, адкуль ён родам, — ужыванне клубняў у ежу: у супах, тушанымі, робяць з іх муку і тофу. Здробненыя клубні ідуць для падрыхтоўкі адмысловых страў усходняй кухні. З іх таксама робяць рэчыва накшталт агар-агар, пекціну і жэлаціну. Гэту расліну ў Кітаі культывуюць на працягу 1500 гадоў. Лічыцца, што клубні — дыетычны прадукт для зніжэння ўзроўню халестэрыну і цукру ў крыві.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Стрэс для лілеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?