Вы тут

21-гадовы даяр — аб зарплаце ў 1700 рублёў


Нашу ўвагу заўсёды прывабліваюць незвычайныя рэчы і з'явы. А цікавасць да людзей узнікае тады, калі яны чымсьці не падобныя да іншых: сваімі захапленнямі ці прафесійнай дзейнасцю, напрыклад.


Спакон веку прафесія даяра была выключна жаночай справай. Цяжка ўявіць, што гэтым мог бы займацца мужчына. Але гэта было раней. Зараз жа даярамі без усялякага ценю сумненняў становіцца і моцная палова чалавецтва.

У вёсцы Калачы Лагойскага раёна, за 40 кіламетраў ад сталіцы, працуе малады 21-гадовы аператар рабатызаванага даення Ілья Янкавец. З ім мы і сустрэліся, каб пагутарыць пра асаблівасці яго працы, цяжкасці і праблемы, з якімі сутыкаецца, яго мару і зарплату ў 1700 рублёў.

— Пасля звальнення з арміі я стаў шукаць працу, — пачынае Ілья гутарку. — Спрабаваў уладкавацца ў міліцыю, але не атрымалася, не было стажу. Яшчэ ткнуўся туды-сюды, але ж, ведаеце, у вёсцы не так проста знайсці работу. Потым мне параілі пайсці ў «СНБ-Агра», што ў вёсцы Калачы. Паколькі ў мяне ёсць вадзіцельская катэгорыя, разглядаў такі варыянт, каб быць кіроўцам грузавой аўтамашыны. Але ў аддзеле кадраў адразу сказалі, што кіроўцы зараз не патрэбныя, а вось вакансія аператара механізаванай фермы застаецца адкрытай. Я і вырашыў, што трэба паспрабаваць. А можа, спадабаецца?..

— І ў чым жа заключаецца праца мужчыны-даяра?

— Нічога незвычайнага. Мы прыязджаем на ферму дзесьці ў восем пятнаццаць раніцы, здаём малако папярэдняй змены, мыем халадзільнік і робата, пасля падключаем патрэбнае абсталяванне і зноў пачынаем даіць. Галоўнае, у першую чаргу пусціць на дойку «чырвоных» кароў. Чаму «чырвоных»? Таму што на камп'ютары яны пазначаныя чырвоным колерам. Гэта значыць, што малака ў іх ужо дастаткова. Бываюць выпадкі, калі карову трэба падагнаць да робата. «Непаслухмяныя» патрабуюць крыху больш увагі і часу, але такіх мы адразу перавыхоўваем. На працягу дня кормім рагатую жывёліну, калі трэба — прыбіраем.

Але і на гэтым нашы абавязкі не заканчваюцца. Можам дапамагаць у час цялення кароў. А калі ў наш калектыў прыходзіць нехта новенькі, мы з задавальненнем навучаем іх, тлумачым, паказваем. Працую я тут ужо больш за год. За гэты час шмат да чаго прызвычаіўся, навучыўся многаму, таму магу выконваць функцыі і даяра, і прыбіральшчыка, і настаўніка, — расказвае малады прафесіянал.

— Набыўшы пэўны вопыт, скажыце, даяр — гэта ўсё ж жаночая праца ці мужчынская?

— Несумненна, у людзей ужо склаўся пэўны стэрэатып, што даіць кароў — гэта выключна жаночы занятак і што лепш з гэтым спраўляюцца менавіта жанчыны. Але на мой погляд, такой складанай працай патрэбна займацца мужчынам. Бо гэта нялёгка фізічна. Трэба і цяжкасці падымаць, і суткі выстаяць на нагах. Але чалавечая натура такая, што прывыкае да ўсяго.

— Вы сапраўды любіце тое, чым займаецеся?

— Калі казаць шчыра, люблю я спорт. І калі была б магчымасць, у тым ліку і фінансавая, звязаць з ім сваё жыццё, я абавязкова б ёй скарыстаўся. Я вельмі люблю тэніс (раней нават ездзіў на рэспубліканскія спаборніцтвы) і футбол (двойчы выйгравалі на вобласці). Магчыма, і атрымалася б дасягнуць большага, зрабіць спартыўную кар'еру, але жылі мы ў вёсцы, а там магчымасцяў развівацца як спартсмену значна менш, чым у горадзе.

А пакуль працую тут. Не сядзець жа дома, ды і грошы ж трэба недзе зарабляць. Мяне тут усё задавальняе. Зручны графік працы: суткі адпрацаваў — і двое дома з сям'ёй. Не трэба нікуды далёка ездзіць, як, напрыклад, тым жа «дальнабоям». Яны ж тыднямі, а то і месяцамі, дома не з'яўляюцца. Яшчэ нам ад гаспадаркі паабяцалі даць жыллё.

— Не ўзнікае думкі змяніць род дзейнасці? Пайсці вучыцца, атрымаць адукацыю?

— Не ведаю нават. Ісці вучыцца трэба было да арміі, а зараз нават і жадання няма. Мяне ўсё задавальняе на маёй рабоце.

— Колькі вы атрымліваеце за сваю нялёгкую працу?

— Адразу, калі толькі пачынаў працаваць, атрымліваў мала. Каля двух мільёнаў на старыя грошы. Але паступова надоі павялічваліся і адпаведна гэтаму расла зарплата. І вось цяпер я магу сказаць, што заробкам сваім я задаволены. За апошні месяц, напрыклад, мне налічылі 1700 рублёў. У нас сістэма такая: усё залежыць ад паказчыкаў малака. Чым большая колькасць і тлустасць прадукту, тым больш плацяць.

— А якія ў вас тут надоі?

— За апошні месяц наш паказчык спыніўся на адзнацы 60 тон. Гэта на 10 тон больш, чым у папярэдні месяц. Вядома, усё гэта няпроста даецца. Як на мой погляд, трэба быць цягавітым, каб хапала на ўсё сілы, хуткім, каб своечасова была зроблена пэўная праца, і мэтанакіраваным, каб дакладна ісці да пастаўленых задач.

— Вы не шкадуеце, што выбралі такую прафесію?

— Не, а навошта шкадаваць? Куды атрымалася, туды і пайшоў. Трэба ж недзе працаваць. Калі будзе магчымасць змяніць гэту працу на лепшую, з лепшым заробкам, я падумаю.

— Вы змаглі б працаваць даяром усё жыццё?

— Наўрад. Ва ўсякім разе, не хацелася б. Заўсёды трэба шукаць нешта новае.

— Вы ў такім маладым узросце атрымліваеце значна больш, чым шмат хто. На што траціце грошы? На адпачынак, можа?

— Як кажуць, былі б грошы, а на што іх патраціць — заўсёды знойдзецца. Напрыклад, кожны месяц 300 рублёў ідзе на крэдыт за машыну, пэўная колькасць грошай — на ежу і паездкі. Я сам з Брэстчыны, вось нядаўна быў у адпачынку і мы з жонкай ездзілі на малую радзіму. Ноўтбук узялі ў растэрміноўку. Глядзіш — туды капейка патрэбна, сюды... Чым больш зарабляю, тым больш трачу (усміхаецца).

— У вас тут сапраўды напружаны графік. Як адпачываеце, калі прыходзіце з фермы?

— Прыходжу з работы і проста адсыпаюся. Паколькі жывём з жонкай у сваякоў, яны трымаюць гаспадарку, то па магчымасці дапамагаю ім. А ў вольны час ужо можам або тэлевізар паглядзець, або з'ездзіць куды-небудзь. Вось нядаўна знайшлі час, каб з'ездзіць усёй сям'ёй у Сілічы пакатацца на каньках. Нам вельмі спадабалася. І плануем у хуткім часе з'ездзіць зноў. Адпачыць добра можна і ў сваёй краіне.

— Якая самая дарагая пакупка, якую вы набылі?

— Самая дарагая пакуль што — машына Аudі А4. Яна ўжо не новая, гэта зразумела, але грошай усё роўна каштуе.

— Ілья, вы лічыце сябе чалавекам, які ні ў чым не мае патрэбы?

— Не, патрэба хоць у чым-небудзь, але ёсць заўсёды. Нават у тым жа адпачынку ці ежы.

— А якім вы бачыце сваё жыццё ў будучыні? Хацелі б што-небудзь змяніць у сваім жыцці?

— У будучыні мы з жонкай хацелі б паехаць жыць на сваю малую радзіму. Хочацца, каб было сваё жыллё, каб нашы будучыя дзеці ні ў чым не мелі патрэбы. Каб даць ім тое, чаго не атрымалі самі. Але кардынальна што-небудзь змяняць у сваім жыцці я не хацеў бы.

Мяне ўсё задавальняе. Галоўнае, каб побач былі родныя людзі, — такімі словамі закончыў размову Ілья Янкавец.

Анастасія ГРУК

Фота Анастасіі ГРУК

Загаловак у газеце: «Чым больш атрымліваеш, тым больш траціш»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.