Вы тут

Няправільная ежа, вірусы і стрэс правакуюць рак


Аб тым, якія прадукты могуць выклікаць рак і як яго правакуе стрэс, а таксама пра тое, як змяніць свой лад жыцця, каб пазбегнуць анкалагічных хвароб, расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей КРАСНЫ.


— Ці ёсць прадукты, якія спрыяюць развіццю злаякасных новаўтварэнняў? Салодкая ежа сілкуе ракавую пухліну?

— Сапраўды, некаторыя прадукты стымулююць узнікненне ракавай пухліны, іншыя — нейтральныя, трэція аказваюць прафілактычнае ўздзеянне
і дапамагаюць у лячэнні. Садзейнічаюць узнікненню пухлін найперш прадукты з чырвонага мяса, асабліва смажаныя, і асабліва на няправільным алеі. Прафілактычныя ўласцівасці мае ежа, якая ўтрымлівае шмат амега-3 поліненасычаных тлустых кіслот. Ёсць два віды тлустых кіслот. Амега-6 шкодныя, яны стымулююць узнікненне пухлін, запаленняў, сардэчна-сасудзістых хвароб, а амега-3 карысныя і аказваюць прафілактычнае ўздзеянне. Адпаведна, чым больш мы ўжываем амега-3 і менш амега-6, тым лепш. Амега-6 найперш утрымліваюцца ў чырвоным мясе, амега-3 — у садавіне і агародніне, у некаторых відах алею, у марскіх прадуктах, у прыватнасці, рыбе. Якія віды алею карысныя? Такімі ў прафілактыцы ракавых пухлін уласцівасцямі валодае тры віды: аліўкавы, льняны і рапсавы. Замяніць сланечнікавы на адзін з названых ніякіх праблем сёння не складае, яны ёсць у крамах, рапсавы і льняны алеі для нашай тэрыторыі характэрныя. Ёсць і асаблівыя прадукты, якія валодаюць супрацьпухлінным уздзеяннем, паколькі ўтрымліваюць асаблівыя рэчывы. Напрыклад, зялёная гарбата. У ёй, акрамя антыаксідантнага комплексу, які дапамагае ў прафілактыцы раку, ёсць антыангіягенныя рэчывы, якія перашкаджаюць узнікненню пухлінных сасудаў. Калі дастаткова шмат ужываць зялёнага чаю, 3—4 кубкі штодзень, як гэта робяць у Кітаі, тады з'явіцца такі станоўчы эфект. Таму парэкамендую зменшыць у рацыёне колькасць чырвонага мяса — ялавічыны, свініны і бараніны, а павялічыць ужыванне марскіх прадуктаў, рыбы. Шмат есці садавіны і гародніны ў тым ліку і для таго, каб добра працаваў кішэчнік. Не ўключаючы сюды, праўда, бульбу, якая карысных рэчываў, пра якія вядзём размову, не ўтрымлівае. Таксама важна зменшыць, але не цалкам ліквідаваць, ужыванне цукру. Пухліна ў першую чаргу сілкуецца тым, што найлепш засвойваецца — глюкозай. Таму калі злаякаснае новаўтварэнне ўзнікла, мы падмацоўваем яго салодкім. Замяніць алей, піць зялёны чай. Адмовіцца ад фаст-фуду, бо падчас яго прыгатавання пры кіпенні алею ўтвараецца шмат канцэрагенаў. І самае галоўнае — не пераядаць, бо лішняя вага таксама садзейнічае ўзнікненню злаякасных новаўтварэнняў.

— Якія яшчэ фактары, акрамя няправільнага харчавання, садзейнічаюць узнікненню рака?

— Адна з прычын — вірусы. Для нас гэта не настолькі характэрна, а вось у цёплых краінах вялікую частку складаюць пацыенты з ракам печані. Гэту пухліну выклікае пераважна вірус гепатыту С. Цяпер створаны вакцыны, усе прышчэпліваюцца супраць гепатыту В, і пакрыху пачынаюць вакцынавацца супраць гепатыту С, але пакуль не масава, бо ў нас гэта не распаўсюджанае захворванне.

Вірус папіломы чалавека можа выклікаць рак шыйкі маткі. І гэта, бадай, адзіная яго прычына. Трэба адзначыць, што пасля першага інфіцыравання вірусам адбываецца самавыздараўленне амаль заўсёды, калі няма сур'ёзных парушэнняў імунітэту. Пасля наступае рэінфіцыраванне — першае, другое і г. д. З-за іх і ўзнікае пасля пухліна шыйкі маткі. Таксама існуе вакцына супраць гэтага віруса. Прышчэплівацца дзяўчатам пажадана да пачатку палавога жыцця, праўда, цяпер і хлопчыкам робяць такія прышчэпкі. Калі паспець да сустрэчы з гэтым вірусам, які перадаецца палавым шляхам, рызыка інфіцыравання цалкам ліквідуецца. Калі прышчапіцца пасля? Пакуль няма даказаных вынікаў даследаванняў, але вядома, што таксама зніжаецца рызыка развіцця ракавай пухліны. Прычым гэта датычыць не толькі раку шыйкі маткі, але і вельмі, дарэчы, злаякаснага раку поласці рота. У працаздольным узросце больш за 10 % смерцяў ад анкалогіі абумоўлена менавіта ім. Здавалася б, пухліна вонкавай лакалізацыі, яе лёгка выявіць, але мы маем шмат смерцяў, бо гэта дастаткова агрэсіўны рак. І выклікаецца ён часта вірусам папіломы чалавека. Таму прышчэпкі я б рэкамендаваў рабіць. Яны ўключаны ў каляндар прышчэпак, праўда, пакуль не бясплатныя, але робяцца ў многіх медыцынскіх установах.

Бактэрыя хелікабактар пілары выклікае рак страўніка. У апошнія гады мы адзначаем рэзкае зніжэнне раку гэтай лакалізацыі, бо пачалі сур'ёзна ставіцца да дыягностыкі хелікабактар і лячэння такіх пацыентаў. Падчас гастраскапіі выконваецца біяпсія, пры выяўленні хелікабактар тэрапеўты праводзяць лячэнне і тым самым прафілактыку раку страўніка. Цяпер ёсць і іншы метад выяўлення — па аналізе крыві, пасля чаго робяць гастраскапію. У нас, дарэчы, у найбліжэйшы час плануецца навуковае даследаванне па стварэнні скрынінгавай праграмы па выяўленні раку страўніка ў групах рызыкі.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на ўзнікненне раку — стрэсавыя сітуацыі. Яны сур'ёзна ўплываюць на наша жыццё. Прычым не толькі адмоўныя, але і станоўчыя. Шмат стрэсавых сітуацый, якія здараюцца адна за другой, могуць прыводзіць да зніжэння імунітэту. Смерць блізкіх, вяселле, скасаванне шлюбу, нараджэнне дзіцяці, набыццё кватэры, аўтамабіля — усё гэта для нас стрэсавыя сітуацыі. Калі стрэсу шмат, і чалавек яго не знімае, не пераключаецца на іншыя віды дзейнасці, то перанапружваецца і пакутуе імунная сістэма. І гэта вядзе да раку. Вядома, што пухлінныя клеткі ў нас утвараюцца пастаянна, але тут жа знішчаюцца імуннай сістэмай. Калі імунітэт слабы, то з гэтай задачай ён не спраўляецца. Таму можна рэкамендаваць пасля стрэсавых сітуацый пераключацца на іншую дзейнасць. Наведаць басейн, пачытаць кнігу, пагуляць па лесе... Падыходзіць класічная музыка ці тэатр, кантактаванне з малымі дзецьмі, з хатнімі жывёламі — у кожнага свой рэцэпт.

— Як у найбліжэйшы час у Беларусі будзе развівацца дыягностыка раку?

— Мы атрымалі проста ўнікальныя магчымасці для дыягностыкі анкалагічных хвароб. Адбылося поўнае пераўзбраенне — дзякуючы дзяржаўнай праграме, якая завяршылася ў 2014 годзе. Анкалагічныя ўстановы краіны набылі новае сучаснае абсталяванне, якое адпавядае міжнароднаму ўзроўню. З 2016 года мэтанакіравана ўкараняюцца скрынінгавыя праграмы. Яны не патрабуюць унікальнага суперсучаснага абсталявання, але неабходна сур'ёзная арганізацыя работы, сродкі на рэактывы і падрыхтоўку спецыялістаў. За год-два гэтага не зрабіць, вопыт іншых краін паказвае, што для ўкаранення скрынінгу на ўсёй тэрыторыі краіны патрабуецца ад 10 да 20 гадоў. Таму ў найбліжэйшы час мы будзем развівацца ў гэтым кірунку, скіраваным на раннюю дыягностыку і ахоп як мага большай колькасці насельніцтва. Калі ўдасца выяўляць рак пераважна на 1-2 стадыях, гэта будзе значны крок да перамогі, бо на ранніх этапах хваробы выздараўлівае ад 90 да 100 % пацыентаў.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.