Вы тут

Што будзе з маршруткамі?


З пачатку гэтага тыдня многія маршрутчыкі папярэджваюць пра збоі ў рабоце. Справа ў новым законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», згодна з якім яны не могуць працаваць так, як раней. Прыватныя перавозчыкі, якія здзяйсняюць міжгароднія рэйсы рэгулярна, мусяць заключыць дагавор з аператарам, адпраўляцца з вакзала, зацвердзіць графік, інтэрвал руху і прыпынкі. Прадпрымальнікі скардзяцца, што іх хочуць выцесніць з рынку. Мінтранс запэўнівае, што мэта змен у законе зусім не ў гэтым.


Некаторыя рэйсы адменены

Спрабуем забраніраваць месца ў прыватных перавозчыкаў. На сайце маршруткі, што адпраўляецца з Мінска ў Полацк і Наваполацк, вісіць чырвоная шыльда — «Работа прыпынена з 26.02.2018». У аўторак не выехалі таксама некаторыя аўтобусы з Салігорска.

— Можна заказаць месца на пятніцу да Баранавічаў? — цікавімся ў іншай службы перавозак.

— Так. Мы прымаем браніраванне на 16 дзён наперад. Калі нешта зменіцца, патэлефануем, — папярэдзіла дыспетчар.

Маршрутка на Гродна таксама здзяйсняе рэйсы без змен. «Пакуль працуем, — кажуць у трубцы. — Месцы па-ранейшаму можна браніраваць па тэлефоне і праз сайт».

Чаму новы закон так усхваляваў сферу перавозак? Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што змены ў правілах пазбавяць іх крыніцы прыбытку. Так, сярод перавозчыкаў будзе праведзены конкурс на магчымасць здзяйсняць перавозкі па канкрэтных маршрутах: прыватнікі асцерагаюцца, што перавагу аддадуць дзяржаўным аўтапаркам. Часткай даходу давядзецца дзяліцца з аўтавакзаламі: яны патрабуюць 15 працэнтаў ад прададзеных праз іх білетаў.

У пасажыраў, якія прывыклі карыстацца прыватнымі маршруткамі, пытанняў таксама шмат. Няўжо давядзецца ехаць на вакзал, каб сесці ў аўтобус? Раней жа можна было папрасіць падабраць на любым прыпынку. Ці не зменшыцца колькасць рэйсаў? Цяпер па многіх напрамках ездзіць маршруткамі значна зручней. Так з Мінска ў Мазыр у будны дзень яны адпраўляюцца кожную гадзіну з 6.50 да 19.50. Білет каштуе 11 рублёў. Дзяржаўны ж аўтобус (маршрут Мінск — Лельчыцы) ходзіць да Мазыра раз на дзень, і паездка ў ім даражэйшая на шэсць рублёў. Да таго ж часта прыватнікі заязджалі ў вёскі, у якія няма рэйсаў ад аўтапаркаў.

Усё для бяспекі пасажыраў

Намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр ШЫШКО адзначыў, што новы закон неабходны для павышэння ўзроўню бяспекі перавозак пасажыраў, паляпшэння якасці паслуг і стварэння дадатковых умоў для добрасумленнай канкурэнцыі.

У дакуменце ўдакладнілі крытэрыі аднясення аўтамабільных перавозак да рэгулярных і нерэгулярных. Справа ў тым, што многія рэйсы лічыліся нерэгулярнымі (і, адпаведна, не заключалі дагавор з аператарам), хоць выконваліся па пэўных маршрутах з канкрэтным раскладам. Арганізатары такіх перавозак не неслі адказнасць перад пасажырамі за несвоечасовую падачу транспарту ці адмену паездкі. Часта яны не выдавалі білет (а ён дае права атрымаць страхоўку) — толькі чэк аб прыняцці грошай.

За мінулы год было выяўлена 979 фактаў парушэння графіка працы і адпачынку для кіроўцаў аўто, 153 выпадкі допуску да работы кіроўцы, што не прайшоў перад рэйсам медагляд, 231 факт наяўнасці няспраўнасцяў, пры якіх забараняецца выязджаць на дарогу. У 44 выпадках не быў пройдзены дзяржаўны тэхагляд.

— Змены ў закон пачалі абмяркоўваць яшчэ ў 2014 годзе. Ініцыятарамі сталі афіцыйна зарэгістраваныя перавозчыкі, якія знаходзіліся ў няроўных умовах. У красавіку 2015-га законапраект быў размешчаны ў інтэрнэце для грамадскага абмеркавання. Да нас паступіла восем прапаноў, і яны былі па максімуме ўлічаны. Летась было праведзена 417 семінараў-нарад, дзе тлумачыліся змены ў законе, што неабходна зрабіць перавозчыкам, каб працаваць па новых правілах. І многія ўжо заключылі дагаворы на выкананне рэгулярных паслуг, — пракаментаваў Аляксандр Шышко.

Новы закон уступіў у сілу яшчэ з 23 студзеня. Пры гэтым пакуль нікога з перавозчыкаў, хто не заключыў дагавор, але працягвае выконваць рэйсы, з пачатку года не прыцягвалі да адказнасці.

— Ніхто не збіраецца прыгнятаць перавозчыкаў. Мы не забараняем ім самастойна прадаваць білеты пасажырам, падбіраць людзей на розных прыпынках, ездзіць па сваім раскладзе. Але пасля трэба будзе заехаць на вакзал ці дыспетчарскую станцыю, каб адзначыцца і даць адпачыць кіроўцу, — кажа намеснік міністра.

Што да напружаных маршрутаў, дзе прыватныя перавозчыкі адмянілі рэйсы (Полацк, Наваполацк і Салігорск), то там да 8 сакавіка ўключна арганізавалі дадатковыя рэйсы. Пусцілі дзяржаўныя аўтобусы, вядуць перагаворы з іншымі перавозчыкамі.

У ведамстве тлумачаць, што сумяшчаць функцыі аператара і перавозчыка ў адной асобе забаронена. А значыць, аператар не будзе зацікаўлены ў тым, каб нейкае канкрэтнае прадпрыемства выйграла ў конкурсе. Таму прыватнік на роўных умовах будзе канкурыраваць з аўтапаркам за права выконваць рэйсы.

— Конкурсаў не трэба баяцца. Але выйграў — выконвай патрабаванні да якасці. Або на тваё месца паставяць іншага, — пракаментаваў Аляксандр Шышко.

Ён паабяцаў, што будуць прыняты ўсе меры, каб забяспечыць перавозкамі ўсіх, хто мае патрэбу. Цяпер законам прадугледжана, што прыватнік, які хоча працаваць на сацыяльных маршрутах (заязджаць у аддаленыя вёскі, напрыклад), можа таксама атрымаць субсідыю. Гэта і для пасажыраў будзе плюсам, і зніме нагрузку з бюджэту.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.