Вы тут

Без эмоцый


Не стамляюся паўтараць, што вельмі люблю навукоўцаў і даследчыкаў з розных краін. Бо яны, як той казаў, казку робяць быллю. Інакш кажучы, ёсць нейкая інфармацыя, усе ёй карыстаюцца, але яна носіць, скажам так, нефармальны характар. Быццам бы і праўда, усё відавочна, але чагосьці не хапае для канчатковай пераканаўчасці. («Надпіс на плоце: «Люся, я цябе кахаю, толькі адчапіся».) А тут навукоўцы — раз, і правялі даследаванне! І гэта ўжо не проста інфармацыя, а даказаны факт. Паспрабуй цяпер паспрачайся з ім. («Адбыліся спаборніцтвы па логіцы. Перамог пераможца. Падарылі падарунак».) Дык вось, даследчыкі з універсітэта Берклі і ўніверсітэта Бар-Ілана ў Ізраілі выявілі, што ўскладненнем паўсядзённага жыцця займаюцца... Хто б вы думалі? Жанчыны. Ат, скажаце, а то мы не ведалі! («— Мілы, калі мы пажэнімся, я буду дзяліць з табой усе трывогі і клопаты. — Але, дарагая, у мяне няма ніякіх клопатаў і трывог. — Я ж сказала: «Калі мы пажэнімся».) З 1,1 тысячы апытаных рэспандэнтаў менавіта жонкі, сёстры і дочкі былі адзначаны ў якасці галоўных дзейных асоб. («Каханне — гэта калі ты толькі прачнуўся і ўжо ў чымсьці вінаваты».) А гэта ўжо — доказная база...


Галоўнай прычынай такога стаўлення да жанчын вучоныя лічаць іх празмерную эмацыянальнасць у вырашэнні бытавых пытанняў. Зноў жа, Амерыку адкрылі, праўда? («Калі мужчына сказаў, што выправіцца, значыць, ён абавязкова выправіцца. І не трэба яму пра тое нагадваць кожны год».) А паспрабуй да нядаўняга сказаць ім пра гэта? Гэта ж яшчэ большы скандал! («Вырашыў з жонкай пачаць усё з пачатку. Дык яна нават на спатканне не прыйшла...») А цяпер — калі ласка, падлікі ёсць. Усё без эмоцый, даруйце за каламбур сітуацыі. Вучоныя ўстанавілі, што да спрэчак, канфліктаў і рознагалоссяў у сям'і прыводзіць улюбёнае жаночае практыкаванне «рабіць з мухі слана». («— Дарагі, які сёння дзень? — Панядзелак. — Зразумела ўсё з табой... — Што? — Не падыходзь да мяне больш».) Але не ўсё так дрэнна. Усяго толькі і трэба, што «звычайнае пачуццё павагі да асабістай прасторы» партнёра. Зноў жа, здзівілі дык здзівілі, так? («— Дарагая, хочаш, мы зойдзем у ювелірную краму, пашукаем для цябе залаты пярсцёнак з брыльянтам? — Не». Вы праслухалі мініяцюру «Размова ідэальнага мужа з ідэальнай жонкай».)

Жарты жартамі, але амаль адначасова з агучваннем вынікаў даследавання ізраільскіх вучоных у Расі прапанавалі абавязкова праходзіць тэст на псіхалагічную сумяшчальнасць... перад вяселлем. (Памятаеце? «Маладыя! Перш чым бегчы ў ЗАГС, паклейце разам шпалеры!») Аўтарам такога новаўвядзення выступіў дэпутат з Ленінградскай вобласці. Па яго словах, да 80 працэнтаў пар разбягаюцца, не пражыўшы сумесна і трох гадоў. Прычыны? Думаецца, па-першае, і тая самая жаночая эмацыянальнасць вінаватая, па-другое, і без удзелу мужчынскай абыякавасці не абыходзіцца. («Скандаліць пачалі яшчэ ў дзень вяселля. Папрасаваў сабе штаны праз вэлюм»). Дэпутат сцвярджае, што шлюбаразводны працэс адштурхоўвае ад паўторнага заключэння новага сямейнага саюза. («— Ты такую, як я, больш не знойдзеш! — Я такую, як ты, больш і шукаць не буду!») А так псіхолагі змогуць перад вяселлем дапамагчы парам згладзіць магчымыя «вострыя вуглы» ў адносінах. Ці прадухіліць развод, калі ён пагражае ўжо створанай сям'і. («— На чужым няшчасці шчасця не пабудуеш. — Ды не чапала я тваё піва!») Ініцыятар новаўвядзення даводзіў, што без мер у гэтым кірунку многіх пасля разводу будуць чакаць сужыцельства і адсутнасць дзяцей. («Секс толькі пасля вяселля гучыць як «спасылка даступная толькі зарэгістраваным карыстальнікам».)

Ініцыятыва дэпутата быццам бы добрая. Толькі... Як мне падаецца, праходзячы тэст, пары на падсвядомым узроўні будуць закладваць «параметры» будучых партнёраў. Не тое каб гэта было дрэнна. Але ці не выйдуць на першы план рацыяналізм з прагматызмам? («— Сарачка, што табе падарыць? — Ды што хочаш! Галоўнае, каб футра прыгожа адлюстроўвалася ў брыльянтах!») Калі эмоцыі і пачуцці, спантаннасць і легкадумнасць адыдуць на другі план, баюся, гэта будзе зусім не смешна... («На вяселлі дачкі пракурора госці, якія выкралі туфель нявесты, атрымалі па восем гадоў з канфіскацыяй маёмасці».)

І, дарэчы, свет ужо рухаецца ў гэтым кірунку. Парламент Швецыі ўхваліў законапраект, згодна з якім мужчына абавязаны атрымліваць адназначную згоду жанчыны перад сексам. У адваротным выпадку ён можа быць абвінавачаны ў згвалтаванні, нават калі ўсё адбылося па ўзаемнай згодзе. («Калі я прапанаваў ёй выйсці за мяне замуж, яна ўпала з крэсла, скакала на ложку, хвілін 15 бегала па кватэры ад шчасця, а потым адказала: «Я падумаю...») Закон пачне дзейнічаць у ліпені гэтага года. Ухваленнем гэтага акта шведскі ўрад адрэагаваў на грамадскія дэбаты пра сексізм і сексуальны гвалт, што бурляць у сувязі са скандаламі ў ЗША і іншых краінах. Закон будзе распаўсюджвацца не толькі на выпадковыя сувязі, але і на пары, што знаходзяцца ў доўгіх стасунках, у тым ліку на мужа і жонку. Уяўляеце? («Ноччу муж кажа жонцы: «Можа, зоймемся каханнем?» Тая ў адказ: «Вой, рабі што хочаш, толькі мяне не чапай!»)

...Не, без эмоцый нельга! Тым больш што... «Калі хлопец цярпліва даслухаў, што ў дзяўчыны адбылося за дзень, гэта павінна быць залічана за прэлюдыю».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фо­та Сяр­гея Ні­ка­но­ві­ча

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».