Вы тут

XXV міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш працуе ў Мінску


Кніжнае свята распачалося — XXV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш сабрала гасцей і ўдзельнікаў з розных краін. Прэзентацыі апошніх кніжных навінак, абмеркаванні падзей, што адбываюцца ў літаратурным жыцці, цёплыя сустрэчы сяброў і нават... канкурэнтаў. На кніжны кірмаш завітаць варта! Каб прычыніцца да прасторы, што акумулюе веды і меркаванні пра наш час.


На ўрачыстым адкрыцці выстаўкі, якое адбывалася на галоўнай пляцоўцы выставачнага цэнтра на праспекце Пераможцаў, 14, побач са сцэнай яблыку не было дзе ўпасці. Усе нібы хацелі першымі пачуць, дакрануцца да таямніцы нараджэння, выхаду ў свет новых кніг... Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім РЫЖАНКОЎ зачытаў прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам выстаўкі, а таксама дадаў:

— Вока радуецца, калі я бачу тыя выдатныя кніжныя творы, якія запаўняюць выставачную залу. Пачынаеш разумець, што кніга сёння — гэта не толькі крыніца ведаў (з улікам развіцця інтэрнэту, дзе таксама можна знайсці неабходную інфармацыю), а найперш паказчык інтэлектуальнага развіцця грамадства. Я вельмі рады, што дзякуючы такім мерапрыемствам мы бачым, як развіваецца наша супольнасць.

На сёлетнім, юбілейным кніжным свяце міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ адзначыў:

— На выстаўцы сабраліся прадстаўнікі дзясяткаў краін, якія паказваюць свае кніжныя навінкі, расказваюць пра плённае супрацоўніцтва з Беларуссю, дзе з пашанай ставяцца да друкаванай кнігі. За мінулы год выдадзена каля 10 тысяч кніг — гэта сведчыць пра клопат і ўвагу кіраўніцтва краіны і грамадства. Такая колькасць выданняў была б немагчымая, каб не супольныя намаганні дзяржавы і выдаўцоў рознай формы ўласнасці — як прыватнай, так і дзяржаўнай. Мне здаецца, што такое кніжнае свята дапаможа любому чытачу знайсці тое, што цікавіць менавіта яго.

Ганаровым госцем сёлетняй кніжнай выстаўкі з'яўляецца Сербія. На іх стэндзе можна ўбачыць шмат цікавінак. Так, проста на вачах прысутных сербскі мастак Мілан Міласлаўлевіч з дапамогай аэразольных балончыкаў цёмных колераў намаляваў вялізны партрэт Івы Андрыча — вядомага сербскага пісьменніка, уганараванага Нобелеўскай прэміяй па літаратуры. Дарэчы, сёння а 13-й гадзіне можна будзе ўбачыць як Мілан стварае партрэт сербскай паэткі Дэсанкі Максімавіч.

— Культура ў цэлым і кніга ў прыватнасці з'яўляецца тым мостам, што яднае розныя народы, — адзначыў дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры Рэспублікі Сербія Аляксандр ГАЁВІЧ падчас урачыстага адкрыцця свята. — Доказ таму — Мінская міжнародная кніжная выстаўка — вельмі статуснае і прэстыжнае мерапрыемства. Ні для кога не сакрэт, што Беларусь і Сербію шмат што звязвае. Найвышэйшая праява нашага ўзаемаразумення — гэта, натуральна ж, культура і яе вялікасць Кніга. Я ўпэўнены, што XXV Мінская міжнародная выстаўка будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню сяброўскіх стасункаў паміж дзвюма сяброўскімі краінамі.

Сербію на свяце ў Мінску прадстаўляе яе Нацыянальная бібліятэка — матэрыялы стэнда прысвечаны сербскай літаратуры перыяду Першай сусветнай вайны. Дарэчы, 28 лютага Нацыянальная бібліятэка Сербіі акурат адзначала 168-ю гадавіну з дня свайго заснавання.

На выстаўцы прадстаўлены і стэнды іншых краін — Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая, Швецыі, Сірыі і іншых. Кожны — паказвае самыя цікавыя выданні кніжнай індустрыі сваёй краіны.

— Я ўпершыню на Мінскай міжнароднай выстаўцы — атрымліваю тут самыя станоўчыя ўражанні, гэта цудоўнае свята. Сустрэла шмат сяброў, партнёраў, — заўважыла прадстаўніца Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД Тамара НАСЕНКА. — Бачу прадстаўнікоў Сербіі, Украіны, іншых краін — гэта сапраўды высокі міжнародны ўзровень, акурат такі, які павінен быць на мерапрыемстве такога вялікага маштабу. Безумоўна, для Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД, сапраўды вялікі гонар быць тут і быць датычнымі развіцця літаратуры, кніжнай індустрыі і кнігадрукавання... На мінскай выстаўцы мы адразу адчулі цеплыню і гасціннасць, убачылі гатоўнасць дапамагчы і разам рабіць праекты, радуе адкрытасць удзельнікаў выстаўцы да новых працэсаў і пачынанняў.

На галоўнай сцэне выставачнага цэнтра быў прэзентаваны празаічны альманах «Terra poetіca», куды ўвайшлі творы маладых аўтараў з трох краін — Расіі, Украіны і Беларусі. «Гэты альманах толькі пачынае свой шлях па краінах-суседках, — заўважыла Тамара Насенка. — Тыя водгукі, якія мы ўжо паспелі пачуць, безумоўна, пазітыўныя. Усе заўважаюць дзіўную рэч — маладосць сапраўды інтэрнацыянальная. Маладыя пісьменнікі, што ўдзельнічалі ў альманаху, — людзі, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях. Пры ўсёй неадназначнасці палітычнай сітуацыі паміж нашымі краінамі, мы знайшлі шмат агульных пераклічак у розных аўтараў. Усё адно яны пішуць пра тое, што надзвычай падобна паміж сабой».

У першы дзень выстаўкі Нацыянальная бібліятэка Беларусі падводзіла вынікі года, які прайшоў пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вынікі значныя: праведзена міжнародная канферэнцыя, удзельнікаў якой ледзь змясціла вялікая зала бібліятэкі, паспяхова прайшла выстаўка, дзе ўпершыню былі сабраныя больш за 60 асобнікаў арыгіналаў Скарынавых кніг з розных краін. Але, бадай, галоўнае, — паспяхова завершаны праект «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Цяпер перавыданне ўсіх тамоў кніг нашага першадрукара мае кожная раённая бібліятэка, пагартаць іх можа кожны ахвотны. Гэта праца калектыву бібліятэкі была ўганаравана прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Не абышлося без узнагарод і ўчора. Падзякі ад Нацыянальнай бібліятэкі атрымалі прадстаўнікі СМІ, якія актыўна і крэатыўна асвятлялі знакавую дату. Віктарына «Звязды» «Мая Скарыніяна» таксама не засталася незаўважанай — падзяку атрымала яе вядучая Алена Ляўковіч.

Кожны стэнд, прадстаўлены на выставе, мае свае цікавінкі. І гэта не толькі добрыя кнігі (што, безумоўна, найперш!), але і цікавыя праграмы для гасцей. Як і любімыя кнігі ў кожнага свае, так і ўражанні ад кніжнага кірмашу ў кожнага мусяць быць уласнымі, асаблівымі. Варта зазірнуць у велізарны кніжны свет, які ў гэтыя дні разгарнуўся ў беларускай сталіцы, каб самому спасцігнуць яго таямніцы.

Запрашаем наведаць стэнд Выдавецкага дома «Звязда» на міжнароднай кніжнай выставе. Мы падрыхтавалі шмат цікавостак! Чакаем вас!

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Цеплыня і гасціннасць. Як у кнігах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?