Вы тут

Маразы ў Марозах


Уладзімір Вярчук (на фота) нарадзіўся, вырас і застаўся жыць у невялічкай вёсцы Марозы на Случчыне. Ніякія жыццёвыя хібы, і тым больш лютыя завеі і маразы, якія апошнім часам разгуляліся над Беларуссю, не здольны прымусіць яго змяніць родны куток на іншы.

— Халодны антыцыклон хутка пройдзе, наступіць сапраўдная вясна, і нашыя Марозы адтаюць, — усміхаецца Уладзімір. — Хіба гэта маразы — усяго толькі пятнаццаць градусаў са знакам мінус?!


У Беларусі ёсць некалькі вёсак, якія называюцца Маразы. Акрамя таго, ёсць і Марозаўкі, Марозавічы, Марозава, Марозаўшчына. На Міншчыне нават дзве вёскі Марозы. Слуцкія Марозы знаходзяцца недалёка ад бойкай аўтатрасы Р-23 Мінск—Мікашэвічы, у кампаніі вёсак Шышчыцы, Ленькі, Грэск, Ульянаўка.

У Грэскім сельскім Савеце Марозы лічацца маленькім населеным пунктам, у ім стала пражывае трынаццаць чалавек. У асноўным — пенсіянеры. Летам насельніцтва значна павялічваецца за кошт дачнікаў і адпускнікоў — выхадцаў з Марозаў. Ніякай экстрэмальнай сітуацыі з-за холаду ў вёсцы я не ўбачыў, журботнай ноткі ў агульным голасе жыхароў увогуле не пачуў. Жывуць сабе марозаўцы, паляць у печы, чакаюць аўталаўку, чысцяць снег на падворках і на адзінай вуліцы, ходзяць у госці адзін да аднаго.

Віталь Кудзёлка, калі вяртаецца з работы, а ён працуе ў СВК «Грэск-Агра», у першую чаргу заходзіць у дом сваёй цёткі Зінаіды Мысліцкай, наносіць брыкету, дроў. Праверыць спраўнасць печкі. Пацікавіцца здароўем: Зінаіда Іванаўна нядаўна пахавала мужа. Жанчына лічыцца адной з найстарэйшых жыхароў вёскі.

На жаль, ніхто з вяскоўцаў не змог растлумачыць, адкуль такая назва — Марозы. І толькі слуцкі прадпрымальнік Вячаслаў Пісарык, які прыехаў у гэты час наведаць бацькоўскі дом, распавёў: «Падмечана цікавая заканамернасць: тэмпература паветра ў Марозах зімою на два градусы ніжэйшая, чым у Слуцку, Леньках і Грэску. Відаць, нейкая анамалія ідзе з зямлі!?»

Здзівіў і сам шасцідзесяцігадовы ўраджэнец Марозаў. Калі ён прыязджае на бацькоўскі падворак (праз дзень гэта робіць), з усёй ваколіцы бягуць да яго муркі, бо ведаюць, што ім будзе корм і цяпло. Асабліва Вячаслаў Васілевіч клапоціцца пра сваіх гадаванцаў зімою. Мне давялося ўбачыць незвычайны малюнак — на канапе, на шапе, і на печцы было васямнаццаць катоў і кошак.

— Я не магу не прыехаць да іх, шкадую і люблю! — кажа Вячаслаў Пісарык. — А яшчэ радуюся не толькі сапраўднай зіме, але і вясне, якая хутка абавязкова наступіць.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Слуцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».