Вы тут

9 сакавіка пачнецца Зімовая Параалімпіяда


Талісманам спаборніцтваў стаў азіяцкі чорны мядзведзь Пандабі. Ён з'яўляецца сімвалам моцнай волі і мужнасці. Лагатып Гульняў сімвалізуе свет, адкрыты кожнаму, ён спалучае ў сабе малюнкі лёду і снегу, людзей з усяго свету, якія аб'ядноўваюцца ў Пхёнчхане, дзе неба сустракае зямлю.


На Параалімпійскіх гульнях будзе прадстаўлена шэсць зімовых спартыўных дысцыплін: біятлон, кёрлінг, гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, слэдж-хакей і новы для гэтага турніру пара-снаўборд. Сярод параалімпійцаў плануецца разыграць 80 камплектаў медалёў, што на восем камплектаў узнагарод больш, чым на папярэдніх Гульнях у Сочы.

На турніры будуць прадстаўлены 48 краін, упершыню прымуць удзел у зімовай Параалімпіядзе Грузія і КНДР, таксама пасля перапынку ў 12 гадоў выступіць зборная Эстоніі. Усяго на Гульнях чакаецца каля 700 спартсменаў.

Нагадаем, Міжнародны параалімпійскі камітэт 7 жніўня 2016 года адхіліў ад Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ўсю зборную Расіі і пазбавіў Параалімпійскі камітэт гэтай краіны членства ў арганізацыі. У снежні 2017-га МПК падоўжыў адхіленне, адзначыўшы, што расійскі бок не выканаў усе абавязацельствы па аднаўленні членства. 29 студзеня стала вядома, што расійскія параалімпійцы дапушчаны да ўдзелу ў Гульнях у статусе «Нейтральны параалімпійскі атлет» без згадкі Расіі.

Што датычыцца нашай краіны, то сёлета ўпершыню для Беларусі выдзелілі рэкордныя для зімовых Гульняў 14 ліцэнзій (раней больш за 10 мы не атрымлівалі). Яшчэ адну пуцёўку на Гульні, так званую дзікую карту, атрымала Дар'я Фядзьковіч. Такім чынам, у Пхёнчхан адправяцца 15 спартсменаў і пяць лідараў для слабавідушчых, увогуле ў склад дэлегацыі з улікам афіцыйных асоб і журналістаў уключаны 40 чалавек. Беларускія параалімпійцы выступяць у двух відах спорту — біятлоне і лыжных гонках.

Старшы трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце Леанід Мацеральнік адзначыў, што ўсе заваяваныя ліцэнзіі даліся няпроста. Але нашы спартсмены праявілі сябе годна, заваяваўшы такі вялікі лік каштоўных пуцёвак у Карэю.

Сцяганосцам нашай зборнай на цырымоніі адкрыцця 9 сакавіка будзе шматразовая чэмпіёнка, прызёр Параалімпіяд і чэмпіянатаў свету Людміла Валчок, капітанам каманды стане яшчэ адзін тытулаваны параалімпіец Дзмітрый Лобан. Людміла была здзіўлена такім выбарам, але адзначыла, што не з'яўляецца прымхлівай, таму пастараецца абвергнуць той факт, што сцяганосцы Гульняў рэдка паказваюць высокія вынікі на спаборніцтвах.

На цырымоніі провадаў каманды першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў пажадаў усім спартсменам поспехаў на спаборніцтвах у Пхёнчхане. Ён падкрэсліў, што беларускія параалімпійцы павінны паказаць усім, як трэба пераадольваць сябе і дамагацца поспехаў у спорце на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Максім Уладзіміравіч таксама адзначыў, што хварэць за нашых параалімпійцаў балельшчыкі будуць не менш, чым за спартсменаў, якія выступалі на нядаўніх зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Свае цёплыя пажаданні выказаў і першы намеснік міністра спорту і турызму краіны Вячаслаў Дурноў, які адзначыў, што цыкл падрыхтоўкі да Параалімпіяды выдаўся вельмі няпростым. Тым не менш нашы суайчыннікі выклаліся па поўнай і падышлі да старту ў поўнай гатоўнасці.

Вячаслаў Дурноў выказаў упэўненасць, што спартсмены зробяць усё магчымае для таго, каб сцяг Беларусі гэтаксама горда ўздымаўся ў карэйскім Пхёнчхане, як зусім нядаўна гэта было на Алімпійскіх гульнях. Першы намеснік міністра таксама пажадаў не хвалявацца спартсменам, калі ў іх раптам не атрымаецца сябе праявіць. Бо ўдзел у Параалімпійскіх гульнях — ужо ўзнагарода.

Трэба сказаць, што беларуская зборная значна абнавілася, да касцяка каманды, які складаюць Ядвіга Скарабагатая, Васіль Шапцябой, Людміла Валчок, Ларыса Варона, дадаліся маладыя Дар'я Фядзьковіч, Мікіта Ладзесаў, Аркадзь Шыкуць, Святлана Саханенка і Юрый Голуб. За алімпійскі цыкл набраліся вопыту Лідзія Графеева, Валянціна Шыц, Дзмітрый Лобан і Яўген Лук'яненка.

На жаль, не абышлося без страт. Выбыў з ліку ўдзельнікаў Сяргей Сільчанка. Ён мог дапамагчы ў лыжнай эстафеце, але цяжкая траўма нагі не дазваляе яму прыняць удзел у спаборніцтвах.

У міжсезонні нашы спартсмены закладвалі базу пераважна ў Раўбічах і Лагойску, у ліпені — жніўні адна частка каманды выязджала ў Польшчу, а другая ў Італію. Трэніроўкі на снезе група Віктара Камоцкага, у якую ўваходзяць Скарабагатая, Варона і Валчок, праводзіла ў Цюмені, астатнія — у Фінляндыі.

У якасці лідараў у слабавідушчых спартсменаў у Голуба выступіць Дзмітрый Будзіловіч, у Шапцябоя — Юрый Лядаў, у Скарабагатай — Анастасія Кірылава, у Саханенкі — Раман Яшчанка, у Ладзесава — Аляксей Лук'янаў.

Нашы параалімпійцы летась прымалі ўдзел у тэставых спаборніцтвах у Пхёнчхане, тады каманда выступіла добра, заваяваўшы шэсць медалёў. Усе спаборніцтвы — і па лыжах, і па біятлоне — арганізатары вырашылі праводзіць на біятлонным стадыёне, трасы якога апрабаваныя беларусамі. Трэнеры адзначаюць, што дыстанцыя не простая, асабліва складаная яна будзе для саначнікаў з-за стромкіх уздымаў, магчыма, іх трошкі спросцяць.

Старшыня Параалімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель падзякаваў усім удзельнікам меркаваных спаборніцтваў і трэнерскаму штабу зборнай за іх добрасумленнае стаўленне да справы. Ён падкрэсліў, што беларускім спартсменам былі забяспечаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі, арганізаваны трэніровачныя зборы, атлетам выдзелілі ўвесь неабходны інвентар.

Адзначым, што ўсяго беларускімі параалімпійцамі з 1988 года было заваявана 134 узнагароды, з іх 47 залатых. Самымі паспяховымі для нашай краіны сталі летнія Параалімпійскія гульні 2004 года ў Афінах, тады нашы атлеты прывезлі 29 узнагарод, у тым ліку 10 залатых. Самымі паспяховымі сярод зімовых Параалімпіяд сталі Гульні 2010 і 2006 гадоў, спартсмены заваявалі па 9 узнагарод.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зноў старты ў Пхёнчхане

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.