Вы тут

Чаму Масты прызнаны цэнтрам жаночага баскетбола?


Уявіць Валерыя Ваўлева, які сядзіць склаўшы рукі, проста немагчыма. Ён прывык усё жыццё знаходзіцца ў пастаянным руху. Трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы і галоўная ўмова — агеньчык у вачах дзяцей, якія, як і ён, шчыра любяць баскетбол.


Ва­ле­рый Ваў­леў са сва­і­мі па­да­печ­ны­мі.

Валерый Пятровіч нарадзіўся ў Мастах, і менавіта з гэтым горадам звязана яго трэнерская кар'ера. Пасля вучобы ў Акадэміі фізічнай культуры надоўга з родных мясцін ён з'язджаў толькі аднойчы — пяць гадоў адпрацаваў у Мінску пры нацыянальнай камандзе па баскетболе. А так ужо 46 гадоў ён трэніруе дзяўчат у дзяржаўнай установе «Мастоўская раённая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву». Менавіта з прыезду ў Масты Валерыя Ваўлева тут пачалася новая эра жаночага баскетбола. За час працы ён падрыхтаваў мноства кандыдатаў у майстры спорту, майстроў спорту, удзельнікаў чэмпіянатаў СССР, Еўропы, свету і нават Алімпійскіх гульняў.

Валерыю Пятровічу прысвоена званне заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, у яго найвышэйшая нацыянальная трэнерская катэгорыя. У наступным годзе знакамітаму настаўніку споўніцца 70 гадоў, аднак пакідаць любімую справу ён пакуль не збіраецца, тым больш што яго юныя выхаванкі паказваюць выдатныя вынікі. Пяць яго вучаніц залічаны ў нацыянальную юнацкую каманду па баскетболе, у гэтым годзе яны возьмуць удзел у чэмпіянаце Еўропы, а адна з іх будзе абараняць гонар Рэспублікі Беларусь на Кубку свету сярод жаночых камандаў U-17, які пройдзе летам у Мінску.

У заслужанага трэнера свая методыка падрыхтоўкі чэмпіёнаў. Ён набірае групы з вучаніц 1—2 класаў і вядзе іх да выпуску. Яго цяперашні набор ужо дарос да 9—10 класа. Дарэчы, у самога Валерыя Пятровіча двое сыноў, адзін з іх пайшоў па слядах бацькі — ён галоўны трэнер жаночай каманды баскетбольнага клуба «Цмокі». Сам жа Валерый Пятровіч з усмешкай тлумачыць выбар працы менавіта ў жаночым баскетболе тым, што добра разбіраецца ў жаночай псіхалогіі. І вынікі яго каманды паказваюць, што гэта сапраўды так. Імя Валерыя Ваўлева ўнесена ў кнігу славы Мастоўшчыны, а ў гэтым годзе ён ад раёна намінаваны на званне «Чалавек года Гродзеншчыны».

Загаловак у газеце: Трэнер з вялікай літары

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.