Вы тут

Любоў (да) чытача як (не)нагода для аптымізму


Чытачом з моманту яго «з’яўлення» (усведамлення яго ў якасці дзейснай літаратурнай сілы) іншыя дзейныя асобы літаратурнага працэсу рэдка былі задаволены: то не тое чытае, то не так.


Сучасным беларускім чытачом рашуча незадаволены ўсе: пісьменнікі, крытыкі, выдаўцы, педагогі, журналісты… Нават чытач сабою незадаволены, асабліва чытач беларускай літаратуры. Яго якраз зразумець можна: на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў яго амаль пераканалі ва ўласнай прывіднасці, фантомнасці.

Варта падкрэсліць, што сучасны беларускі чытач і чытач беларускай літаратуры — паняцці неідэнтычныя: другі заўсёды з’яўляецца першым, затое першы далёка не заўсёды становіцца другім. Пры гэтым калі чытач беларускай літаратуры ў грамадскай свядомасці мае статус легендарнага (яго існаванне падмацоўваецца пэўнай факталогіяй), дык масавы чытач беларускай літаратуры — персанаж ідэальна міфалагічны. І гэта не метафара там якая-небудзь, а факт, які можа быць даказаны эмпірычным шляхам.

Важнасць вывучэння феномена чытання і чытацкіх практык апошнім часам пачынае ўсведамляцца і ў беларускай сацыякультурнай прасторы. Паступова. Шкада, праўда, што згаданая паступовасць нейкая надзвычай… паступовая. Бо зерне сур’ёзнага інтарэсу, напрыклад, да рэцэпцыі нацыянальнай літаратуры айчынным чытачом было кінутае яшчэ ў раллю літаратурнага працэсу пачатку 1990-х гадоў.

Пачыналася ўсё з імпэтных дыскусій аб прычынах рэзкага зніжэння цікавасці да беларускай літаратуры з боку чытацкай аўдыторыі. Ёсць у падобным абмеркаванні штосьці рэвалюцыйнае: яно мае пачатак, але не мае канца. Затое мае пэўную дынаміку, змястоўную эвалюцыю. Так, дзевяностыя гады мінулага стагоддзя сёння бачацца стадыяй канстатацыі «апакаліпсіса»: лейтматыўнай была перакананасць, што будучыня беларускай літаратуры беззваротна патанула ў «ружова-туманным» (пераважна сацрэалістычным) мінулым, што чытач беззваротна адцураўся ад роднага прыгожага пісьменства.

Далей, дзякуй богу, стала цікавей: ваяўнічы песімізм як агульны вобразнастрой літаратурнага жыцця істотна разбавіўся аптымізмам. Няхай гэта быў і спецыфічна беларускі аптымізм, умацаваны скепсісам, ціхі, нягучны, затое ўпарты. Канец 1990-х — першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя ў гісторыі змагання за беларускага чытача ўжо сёння бачацца стадыяй праектавання магчымых выхадаў з сітуацыі «фантамізацыі» не толькі чытача, але і нацыянальнай прасторы чытання ў цэлым. У аспекце ўласна пісьменніцкіх практык гэта быў час своеасаблівых прэцэдэнтаў — нешматлікіх, але выніковых (згадаем, напрыклад, з’яўленне так званых падлеткавых аповесцей, напісаных мэтава Р. Баравіковай, А. Бадаком, А. Наварычам дзеля стварэння новага нацыянальнага літаратурнага брэнду). Што датычыцца крокаў у кірунку аналітычна-даследчым, то пэўны плён тут таксама назапашваўся дзякуючы ініцыятыўным праектам, скіраваным пераважна на вывучэнне чытацкіх інтарэсаў (тэматычных, жанравых, моўных) альбо карыстальніцкіх прыярытэтаў (зварот да друкаваных, электронных, аўдыякніг). Прычым ажыццяўляліся падобныя даследаванні найчасцей або ў межах дзейнасці бібліятэк, альбо ў кантэксце «стыхійнай медыясацыялогіі» (рознага кшталту інтэрнэт-, тэлеці радыёапытанні).

Магчыма, праз пэўны час сутнасць працэсаў, якія адбываюцца зараз, будзе бачыцца інакш, але пакуль можна гаварыць пра тое, што з канца 2000-х гадоў пачалі выспяваць якасныя змены на розных узроўнях нацыянальнай прасторы чытання. Сённяшняя сітуацыя — сітуацыя чакання, але атмасферна іншая, чым у папярэднія перыяды. Гэта чаканне канструктыўнае, нават дзейснае. Хто ведае, колькі можа доўжыцца такая этнаграфічна-збіральніцкая стадыя? Запас, як усім тут вядома, бяды не чыніць. А назапашваць трэба і метадалагічны вопыт асэнсавання феномена чытача ў адзінстве сацыякультурных характарыстык ды мастацка-эстэтычных пераваг, і вопыт эфектыўных чытацкіх практык, і яшчэ процьму ўсяго.

Але тое-сёе маем ужо цяпер. Напрыклад, разуменне таго, што менавіта чытач ёсць галоўным спажыўцом літаратуры, прычым само паняцце спажывання спакваля вызваляецца ад негатыўных канатацый. Бо размова ідзе пра спажыванне як засваенне сацыякультурнага вопыту і каштоўнасцей у мастацка-эстэтычных формах, якія рэзаніруюць з чаканнямі сучаснага чытача. Гэта азначае ў ліку іншага, што сёння чытач беларускай літаратуры з аб’екта татальнай крытыкі ператвараецца ў аб’ект насамрэч прафесійнага зацікаўлення. Маем на ўвазе не толькі даследчыкаў, арыентаваных на кросдысцыплінарнае асэнсаванне феномена чытання, але і так званых арганізатараў літаратурных падзей (literary eventing), выдаўцоў, прадстаўнікоў розных грамадскіх інстытуцый. Ужо зараз можна заўважыць даволі выразныя прыкметы фарміравання таго, пра што яшчэ пяць гадоў таму гаварылі як пра немагчымасць, — механізмы літаратурнага маркетынгу.

Дык вось прафесійны падыход да праблемы — у нашым выпадку да разумення марфалогіі нацыянальнай прасторы чытання і фенаменалогіі сучаснага беларускага чытача — дазваляе істотна эканоміць рэсурсы, ператвараючы выплескі эмоцый у паліва для рэальных ініцыятыў і праектаў. Згаданы падыход мае на ўвазе рэч відавочную, але чамусьці мала запатрабаваную ў нас: любы сінтэз (высноў, планаў) магчымы пасля і на аснове аналізу, то-бок, пражэкцёртва становіцца планаваннем на грунце вывучэння стану праблемы.

Вядома, у кожнай літаратурнай прасторы свае маштабы, што для адной — сапраўдны штармавы вецер, для другой — толькі лёгкі павеў ветрыку. Варта быць шчырымі (ці рэалістамі — у нашым выпадку гэта адно і тое ж): фенаменалогія чытання ў нас цяпер існуе на ўзроўні адзінкавых публікацый, вывучэнне чытацкіх практык (сацыялогія чытання) — на ўзроўні адзінкавых грамадскіх ініцыятыў і больш ці менш разгорнутых доследаў, якія праводзяць бібліятэкі (найбольш рэгулярна — Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Але рэалістычнасць погляду не адмяняе аптымізму. Бо нават даволі сціплая факталогія гэтых доследаў дае немалую прастору для інтэрпрэтацый і надзей.

Лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў «Новак» па замовах грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў у 2010-х вывучала розныя аспекты чытання беларусаў. Даводзілася абмяркоўваць вынікі гэтых даследаванняў з педагогамі-практыкамі, настаўнікамі-славеснікамі, штораз намагаліся супольна асэнсаваць дзівосы нашага чытацкага быцця. Так, паводле апытання 2011 года, «ніколі не бярэ ў рукі кнігу траціна насельніцтва (33,7 %)». У межах даследавання культуры чытання ў 2014 годзе метадам тэлефоннага інтэрв’ю ЛАД «Новак» апытала «1000 рэспандэнтаў розных узростаў і з розных рэгіёнаў пражывання. Выявілася, што мастацкую літаратуру адзін раз у месяц чытаюць каля 57,9 % беларусаў. Колькасць рэспандэнтаў, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг — ні мастацкіх, ні навукова-папулярных ці дакументальных, — складае каля 19 %». Нават самаму паслядоўнаму скептыку з ліку тых, каму насамрэч вярэдзіць праблема чытання як сацыякультурнага і педагагічнага феномена, сёння карціць быць аптымістам. І падставу знайсці можна: з такой зваротнай дынамікай — з амаль 34 % да 19 % менш чым за тры гады — ёсць надзея дажыць да агульнай уцягнутасці суайчыннікаў у чытанне як у звыклую штодзённую дзейнасць (актыўнасць).

Яшчэ больш захапляльныя перспектывы ў сэнсе імклівасці эвалюцыі чытацкай свядомасці тут і цяпер адкрываюць вынікі згаданых апытанняў, якія тычацца жанравых інтарэсаў чытацкай аўдыторыі. Бо, паводле апублікаваных у інтэрнэце вынікаў абмеркавання атрыманых даных, адбылася даволі рэзкая змена жанравых трэндаў: «…калі ў 2011 годзе апытаныя сярод жанраў выбіралі найбольш дэтэктывы, жаночыя раманы і фантастыку, то ў 2014 годзе папулярнасць набірае класічная літаратура і кнігі па гісторыі». Апошняя «навіна», як правіла, успрымаецца скептычна, асабліва ў асяродку педагогаў-славеснікаў: маўляў, што за нечуваныя тэмпы росту чытацкай культуры… Зрэшты, чаго не бывае ў гэтай новай інфармацыйнай рэальнасці, дзе паскараецца ды памнажаецца ўсё і ўсе, безупынку. Чаму ж не змяняцца якасна жанравым густам роднага чытача? Будзьма аптымістамі, тым больш што наш аптымізм мае пад сабою рэальны грунт. Чытач беларускай літаратуры мусіць працаваць над сабой у сэнсе развіцця чытацкай кампетэнтнасці, каб атрымліваць асалоду ад сур’ёзнай («высокай») літаратуры, бо ў найбліжэйшай перспектыве ўласна беларускі масліт як прадукцыя лёгкага культурнага стрававання яму не пагражае. Гэтаксама беларускаму пісьменніку не пагражае нашэсце масавага чытача — будзьма рэалістамі.

Нам ужо даводзілася ў розных кантэкстах разважаць пра тое, што тэарэтычна беларускi масавы чытач павінен быць, а на практыцы яго няма, бо ўласна масавая беларуская літаратура ёсць феноменам адсутным, устойліва адсутным. Феномен адсутнасці масавай беларускай літаратуры — гэта феномен чытацкай зручнасці, утульнасці.

Падчас аднаго са згаданых сацыялагічных даследаванняў на пытанне «Літаратуры на якой мове вы аддаяце перавагу?» 93,7 % рэспандэнтаў адказалі «на рускай», 5 % — «на беларускай мове». Сярэднестатыстычнаму чытачу на Беларусі зручна, утульна чытаць мастацкія тэксты па-руску, а творы на беларускай мове як бы аўтаматычна выцясняюцца з зоны камфорту, адпаведна, сама беларуская літаратура перастае быць зручнай, лёгкаўжывальнай. Калі, напрыклад, меладраматычны рускамоўны твор будзе асацыявацца з белетрыстыкай, дык меладраматычны беларускамоўны твор аўтаматычна манціруецца чытацкай свядомасцю з традыцыяй зусім не лёгкага пісьменства. Інакш кажучы, у беларускай літаратурнай сітуацыі масавасць наўпрост залежыць ад узроўню ўтульнасці.

Сацыяльная фенаменалогія «адсутных літаратурных феноменаў», дарэчы, можа стацца неверагодна захапляльнай прасторай для даследаванняў. Гэта як сачыць за дэтэктыўнай гісторыяй, якая разгортваецца па законах міфа. Напрыклад, з пачатку 2000-х гадоў назіраецца выразная тэндэнцыя перамяшчэння дыскурсіўнай актыўнасці як часткі літаратурнага працэсу ў сеціва, прычым надзвычай актыўнай і ўплывовай сілай становяцца менавіта пісьменнікі. Перафразуючы Мануэля Кастэльса, калі цябе няма ў сеціве — ты не пісьменнік. Дык вось беларускія пісьменнікі ў сеціве пачуваюцца ўтульна; некаторыя аўтары нават абавязаны яму літаратурным «нараджэннем» (згадаем хоць бы гісторыю «ўкнігаўлення» Андруся Горвата). Там жа — у тым жа сеціве — жывуць жыццё чытачы. Пры гэтым, калі ў межах рознага маштабу даследаванняў задаецца пытанне «Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?», большасць апытаных не могуць назваць імёнаў. Дык што можа быць больш загадкавым і таямнічым за беларускага пісьменніка, які нібыта ёсць, але яго як бы няма? Толькі чытач беларускай літаратуры, любіць якога гэтак жа складана, як любіць, напрыклад, багоў у пракаветныя часы: хочаш ці не, а трэба. Жыць жа хочаш.

Ірына ШАЎЛЯКОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.