Вы тут

Камунальнікаў будуць рыхтаваць па тэхналогіях віртуальнай рэальнасці


З красавіка спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачнуць вывучаць работу па цеплазабеспячэнні дома на спецыяльным трэнажоры, які імітуе цеплапункт. А ўжо ў сакавіку першай групе камунальнікаў пачнуць выкладаць асновы псіхалогіі стасункаў з жыхарамі і работы ў стрэсавых сітуацыях і навучаць іх размаўляць простай мовай, зразумелай спажыўцам.


У Кацярыны Гарбачовай амбіцыйныя планы.

Памылкі без наступстваў

Такія амбіцыйныя планы ставіць перад сабой Кацярына ГАРБАЧОВА, дырэктар установы дадатковай адукацыі дарослых «Дзяржаўны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў «Жылкам». Літаральна праз месяц цэнтр зменіць адрас і пачне функцыянаваць у больш прыдатных умовах, дзе зможа стаць «рэсурсным цэнтрам для навучання спецыялістаў сістэмы ЖКГ». Менавіта так прапісана задача ўстановы ў канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

У той жа час цэнтр збіраецца стаць пляцоўкай і для падрыхтоўкі спецыялістаў іншых устаноў адукацыі, якія вучаць роднасным прафесіям. Гэта спецыяліст па комплексным абслугоўванні, слесар-сантэхнік, работы зялёнага будаўніцтва і іншыя. Неўзабаве тут з'явяцца спецыялізаваныя класы: па другасных матэрыяльных рэсурсах, энергаэфектыўным абсталяванні, цеплавой, водаправодна-каналізацыйнай, электрычнай, ліфтавай гаспадарках.

— Заняткі будуць праводзіцца на сапраўдным абсталяванні, наглядна будуць прадстаўлены цеплавыя пункты, макеты цеплавузлоў і іншае. Без інтэрактыўнага развіцця цяпер ніяк, — упэўнена Кацярына Гарбачова. — Свой праграмны комплекс абслугоўвання будынкаў (ПКАБ) мы распрацоўвалі год. Ствараўся ён з мэтай мінімізаваць затраты на навучанне спецыялістаў на прадпрыемствах, а таксама каб зменшыць выдаткі на абсталяванне для навучання. Няправільнае дзеянне ў цеплапункце на працуючым абсталяванні — гэта выхад са строю дарагой помпы ці іншай прылады. Наш трэнажор дазваляе рабіць памылкі без наступстваў для дома.

Максімальнае пагружэнне

Трэнажор будзе карысны для многіх камунальных прафесій: ад рабочага па комплексным абслугоўванні будынкаў да галоўных інжынераў, гаворыць Кацярына Гарбачова. Праграма дазваляе дэталёва вывучыць цеплапункт, скрупулёзна разгледзець кожную дэталь абсталявання. Прычым мадэль кожнай прылады можна паглядзець у ЗD-праекцыі, пакруціць у розныя бакі, убачыць яе знутры ў разрэзе, «памацаць».

— Трэніроўка спачатку праходзіць у рэжыме навучання, калі чалавек наглядна знаёміцца з абсталяваннем цеплавузла. Пасля азнаямлення выкладчык прапануе выканаць нейкае дзеянне на трэнажоры. Пры гэтым ён задае пэўныя параметры: колькасць паверхаў, нагрузку і іншыя ўводныя, ад якіх будуць залежаць дзеянні студэнта ў цеплапункце. Пры няправільных дзеяннях трэнажор адразу пакажа, што ты нарабіў: пойдзе пара, зашыпіць абсталяванне, пацячэ вада. Мы хочам, каб кожны максімальна пагрузіўся ў тое асяроддзе, з якім яму давядзецца працаваць, — расказала дырэктар. — Дзякуючы такому навучальнаму абсталяванню, цяпер не трэба перажываць, што ў галіну трапіць нейкі недаспецыяліст і пачне давучвацца і трэніравацца на рабочых прыладах у рэальным цеплавузле.

Трэнажор для галоўнага інжынера

Пакуль што сімулятар праходзіць тэсціраванне, і першая група камунальнікаў пачне заняткі на ім з красавіка. У цэнтры хочуць максімальна задзейнічаць у навучанні ўсіх: не толькі навучэнцаў пасля ПТВ, але і дзеючых спецыялістаў — майстроў, дырэктараў і галоўных інжынераў, каб яны праверылі сябе.

— Добра вучыцца метадам спроб і памылак, калі іх можна пасля спакойна прааналізаваць з выкладчыкам, а не сапсаваць абсталяванне. А яно ў працэсе работы мяняецца, з'яўляюцца новыя прыборы. І дзе вывучыць усе гэтыя дэталі, даведацца, як яны працуюць, як не тут, на трэнажоры, каб ісці ў нагу з часам, — разважае Кацярына Гарбачова. — ЖКГ, як і медыцына, побач з людзьмі ўсё іх жыццё. Калі правесці аналогію, то людзі сустракаюцца з жыллёва-камунальнай паслугай — вадой — пасля нараджэння ў радзільным доме і заканчваюць шлях паслугамі пахавання, якімі таксама займаюцца камунальнікі. Не заўсёды можна дакладна вызначыць, што баліць у арганізме чалавека. Так і з домам. Сёння гэта найскладанейшая інжынерная канструкцыя. І спецыяліст павінен мець адпаведны высокі ўзровень ведаў, каб усё гэта абслугоўваць.

Сімулятар — гэта не канчатковы прадукт. Са з'яўленнем новых прылад і прыстасаванняў усе яны будуць дадавацца ў трэнажор. На чарзе ўжо, напрыклад, элементы дыспетчарызацыі. Пакуль трэнажор уяўляе сабой візуальную інтэрактыўную панэль для заняткаў, але ў планах спецыялістаў цэнтра аснасціць яго магчымасцю займацца ў віртуальнай рэальнасці. Дадаць сюды акуляры і пальчаткі для максімальна поўнага пагружэння ў віртуальнасць і дасягнення эфекту, што ты сапраўды ўвайшоў у дзеючы цеплапункт.

— Сістэма абслугоўвання дома ў плане цеплазабеспячэння, якая прадстаўлена ў сімулятары, — гэта толькі адна з 12 асноўных камунальных паслуг галіны ЖКГ. У будучым трэнажор будзе развівацца і па іншых спецыяльнасцях. Ужо ставіцца задача «падняцца з падвала ў дом». Паказаць, як рухаецца вада па стаяках. З'явіцца візуалізацыя ліфтаў, электраправодкі і іншае, — дадала спецыяліст.

Навучыцца размаўляць

Паколькі дагэтуль існуе пэўнае непаразуменне ў зносінах камунальнікаў і жыхароў, у цэнтры распрацавалі яшчэ адну праграму па навучанні спецыялістаў рабоце з насельніцтвам. Яна прадугледжвае тыднёвы курс навучання. Сюды ўваходзіць псіхалагічны блок па кліентаарыентаванні, работа ў стрэсавай сітуацыі, тайм-менеджмент па арганізацыі свайго часу і часу стасункаў з кліентамі. А таксама базавы курс па асноўных камунальных паслугах, каб можна было максімальна даступна растлумачыць жыхару, якая паслуга яму аказваецца і што з сябе ўяўляе. Спецыяліст простай і зразумелай мовай будзе тлумачыць усё гэта. Пакуль толькі мінчане будуць атрымліваць такую паслугу, пасля яе распаўсюдзяць на ўсю краіну.

— Пасля выпуску першай групы мы плануем пратэсціраваць іх, каб зразумець, чаго не хапіла ў гэтым курсе, а чаго наадварот, занадта. Мы хочам, каб было і нашаму спецыялісту камфортна працаваць, і чалавеку зручна яго разумець. Прафесіяналы навучацца карэкціраваць канфліктную сітуацыю, дамаўляцца з чалавекам, — расказала яна. — Яны стануць працаваць з псіхолагамі, будуць праводзіцца трэнінгі і круглыя сталы.

Ужо распрацавана праграма псіхалагічнага тэсціравання для спецыялістаў сістэмы ЖКГ. Сёння яго праходзяць кіраўнікі і спецыялісты падчас прафесійнай атэстацыі.

Мяркуецца, што пасля новай перападрыхтоўкі спецыялісты змогуць і растлумачыць алгарытм налічэння «камуналкі», і расказаць, з чаго складаюцца тарыфы, як робіцца пераразлік аплаты, чаму не сыходзяцца паказчыкі па вадзе, адкуль столькі «набегла» за святло і іншыя «спажывецкія дробязі», якія вельмі актуальныя і хвалюючыя для людзей.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Цеплапункт у ЗD, або ЖКГ-сімулятар

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.