Вы тут

Якія «нежаночыя» праблемы даводзіцца вырашаць жанчынам-дэпутатам?


Па выніках выбараў у мясцовыя Саветы амаль палову дэпутацкіх партфеляў ускінулі на свае плечы жанчыны. Большасць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва працуюць на месцах — у сельскіх і пасялковых Саветах дэпутатаў. Яны, можна сказаць, твар у твар сутыкаюцца з надзённымі праблемамі грамадзян. У гэтыя святочныя дні мы звярнуліся да жанчын-дэпутатаў, каб пацікавіцца, якія «нежаночыя» праблемы ім даводзіцца вырашаць?


Ірына КРЫКСІНА, старшыня Верамейскага сельскага Савета дэпутатаў Чэрыкаўскага раёна:

— Грамадзяне звяртаюцца па разнастайных пытаннях, таму прыходзіцца займацца і «нежаночымі» справамі. Дзесьці ў камунальнікаў рукі не дайшлі — дапамагаем. Калі пачынаецца сезон добраўпарадкавання мясцовасці, магу самастойна і плот адрамантаваць. Пачаўся снегапад — адразу бяру ў рукі лапату і прыбіраю. У маім распараджэнні машына «Жыгулі», прычэп да яе. Прывожу куды трэба косы, бензапілы і іншы інвентар. Акрамя дэпутацкай пасады, я ж яшчэ і старшыня сельвыканкама. Заўсёды выконваю свае абавязкі самастойна, не прывыкла чакаць дапамогі.

Наталля ШОСЦІК, старшыня Рэчыцкага сельскага Савета дэпутатаў Камянецкага раёна:

— Сярод «нежаночых» спраў у асноўным пытанні добраўпарадкавання — ліквідацыя звалак, арганізацыя насельніцтва на збор смецця. Мне даводзіцца вырашаць праблемы скошвання расліннасці ў грамадскіх месцах, выдалення аварыйных дрэваў — пэўныя цяжкасці выклікаюць у мяне мерапрыемствы толькі такога кшталту. Усё астатняе жанчынам па сіле.

Вольга АРЦЁМЕНКА, дэпутат Віцебскага раённага Савета:

— Мне прыходзілася вырашаць пытанні будаўніцтва аграгарадка Кіраўская і капітальнага рамонту школы ў гэтым пасёлку. Рамонт, увогуле, не жаночая справа. Я ўнікала ва ўсе будаўнічыя моманты, кіравала рабочымі, падпісвала дакументы... Мы перажылі будаўніцтва стадыёна для нашай школы. Педагагічны калектыў сваімі жаночымі рукамі ствараў гэтую спартыўную пляцоўку. Мы самастойна граблі зямлю, капалі, добраўпарадкавалі, засыпалі тэрыторыю камянямі там, дзе гэта было патрэбна...

Нэлі ГАМБАРАН, старшыня Лукомльскага сельскага Савета дэпутатаў Чашніцкага раёна:

— У маёй рабоце шмат пытанняў, звязаных з тэхнікай. Як кіраўнік сельвыканкама я ваджу аўто. Вядома, у наш час гэта звычайная справа, але ёсць і цяжкасці — машына новая, электроніка складаная... Даводзіцца мне вырашаць пытанні і з дарожным будаўніцтвам. А яшчэ я павінна ведаць, якія агрэгаты заказаць для расчысткі дарог і іншых патрэб. Неабходна разбірацца ў тэхніцы: магутнасці, магчымасцях і іншых характарыстыках прылад. На мой погляд, гэта «нежаночыя» пытанні. Каб справіцца з цяжкасцямі, чытаю літаратуру, карыстаюся крыніцамі з інтэрнэту.

Алена ГАНЕВІЧ, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета:

— У нас кампетэнцыя пытанняў вельмі шырокая. «Нежаночыя», на мой погляд, — гэта справы, звязаныя з будаўніцтвам. За час майго дэпутацтва будавалася школа, дом сямейнага тыпу, праводзілася рэканструкцыя Воранаўскай школы. Кожны год спраўляемся з такімі маштабнымі задачамі. Да гэтага трэба дадаць яшчэ і бягучыя справы па рамонце і аднаўленні адукацыйных устаноў рэгіёна. З цяжкасцямі дапамагаюць разабрацца кампетэнтныя людзі. З пэўнымі нюансамі знаёмлюся, дзякуючы літаратуры. Але самы паспяховы вопыт — гэта практыка. Калі будаваліся школы, я амаль кожны дзень наведвала аб'екты. Сустрэчы з кіраўніцтвам будаўнічых арганізацый, штабныя планёркі, якія мы праводзілі, далі магчымасць разабрацца ў гэтых пытаннях.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Партфель па сіле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?