Вы тут

Сямейная пошта


Камплімент

Васьмігадовы Кірыл, сярэдні з трох маіх пляменнікаў, — чалавек надзвычай сур'ёзны: засяроджаны, самавіты, слоў на вецер ніколі не кідае. Затое ўжо як скажа — дык хоць ты стой, хоць падай (часам — яшчэ і ад смеху)...

Ну вось напрыклад. Ідзём мы неяк раз па вясковай вуліцы (трэба ж, каб ён падыхаў чыстым паветрам, каб даў адпачынак вачам ад розных там гаджэтаў), паціху размаўляем. Я распытваю ў малога пра школу (якія прадметы падабаюцца, з кім сябруе і г. д.), ён стрымана адказвае, а затым ужо сам цікавіцца:

— Цёця Іра, а колькі табе гадоў?

— Сорак, — кажу і па-жаночы ўдакладняю, — гэта многа?

— Ды не... Я проста забыўся колькі, — дыпламатычна заўважае малы і праз некалькі секундаў выносіць «вердыкт», — але выглядаеш ты на трыццаць дзевяць, не больш!..

Шкада, няма такіх слоў, каб дакладна перадаць тон, з якім вымаўлялася лічба. Па-першае, было адчуванне, што яе называў не хлопчык, а дарослы мужчына... Па-другое, гэтае «трыццаць дзевяць» гучала так, нібы насамрэч мне дзевятнаццаць і ні годам больш!

...Кім пляменнік стане, калі вырасце, загадваць пакуль што рана. Але ж навуку гаварыць кампліменты ён ужо засвоіў, прычым на выдатна.

Ірына МАТУСЕВІЧ, Дзяржынскі раён


Гаючыя карункі

Мая старая прасціна зусім разлезлася і рамонту ўжо не падлягала. Таму, пакруціўшы яе ў руках, я сумна ўздыхнула і, узброіўшыся вострымі нажніцамі, хуценька ўзялася за справу...

Праз некаторы час у руках засталіся адны карункі. На памяць. Я іх акуратна ўпакавала ў пакецік ды схавала ў шафу. Выкінуць не змагла. Таму, што гэты цуд калісьці зрабіла мая мамуся. Узоры прыдумвала сама, зрэдку «пазычала» нешта ў суседкі. Карункі былі цудоўныя!

Калі раптам сум возьме ў палон сэрца, я іх прытулю да шчакі... І адразу зробіцца лягчэй. Тут дзівіцца няма чаго! Энергетыка роднага чалавека — найлепшы лекар ад суму і хвароб.

Ганна АТРОШЧАНКА, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».