Вы тут

Якія аб'екты з'явяцца ў Гродне дзякуючы фестывалю этнічных культур


Чарговы, 12-ы па ліку, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне ў пачатку чэрвеня. Стала традыцыйным рыхтаваць да свята адкрыццё цікавых аб'ектаў. Сёлета іх, дарэчы, будзе больш, чым у мінулыя гады. Аб гэтым падчас пасяджэння рабочай групы паведамілі арганізатары фестывалю.


У цэнтры Гродна з'явіцца музей фестывалю. Тут будуць прадстаўлены галоўныя прызы, сувеніры, падарункі гасцей, сабраныя за 20-гадовы перыяд правядзення свята, нямала ўнікальных экспанатаў гатовы даць нацыянальныя суполкі. У гэтым жа будынку на адным з паверхаў будзе размешчана экспазіцыя архітэктуры Гродна. Адну залу зойме выстаўка карцін. І першай экспазіцыяй стануць работы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру мастакоў «Гродна — дарог скрыжаванне», які пройдзе напярэдадні фестывалю.

Упершыню ў Гродне з'явяцца адразу дзве аглядныя пляцоўкі. Адна з іх размесціцца на даху гандлёвага дома ў цэнтры Гродна, другая — на беразе Нёмана. З яе можна будзе ўбачыць цудоўныя віды Старога горада, у тым ліку замкі і Каложскую царкву. Абедзве пляцоўкі будуць абсталяваны біноклямі, альтанкамі і архітэктурнымі кампазіцыямі.

Каля Новага замка падрыхтавана пляцоўка для ўстаноўкі помніка Давыду Гарадзенскаму — гродзенскаму старасту і палкаводцу ХІV стагоддзя. Паколькі партрэтаў князя не захавалася, аўтар праекта падаў яго рысы без дэталізацыі, але постаць — на кані з мячом і шчытом. Таксама на помніку будуць бачны выявы Старога замка і Каложы. Адкрыццё адбудзецца падчас фестывалю.

Яшчэ адзін цікавы праект знойдзе ўвасабленне на вуліцах Гродна. Гэта — «Алея кіно», дзе будуць увекавечаны 10 мастацкіх фільмаў, здымкі якіх праходзілі ў горадзе. Сярод іх — «Мяне завуць Арлекіна», «Я родам з дзяцінства», «Міколка-паравоз», «Белыя Росы», «Смерш», «Рудабельская рэспубліка» і іншыя. Знакавыя для кожнага фільма моманты будуць адлюстраваны ў скульптурных кампазіцыях, пано, інфармацыйных пюпітрах. «Алея кіно» раскінецца па ўсім горадзе.

Гродзенскія мастакі ўпрыгожаць арнаментамі тарцовыя сцены будынкаў у цэнтры горада. Мяркуецца зрабіць вялікае пано на схіле каля Нёмана.

Будзе праведзены рамонт 120 жылых дамоў і каля 40 адміністрацыйных будынкаў.

Чакаецца ўдзел у фестывалі прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцяў. Упершыню прымуць удзел балгары, арабы, тамілы і некаторыя іншыя народы, якія сёння пражываюць у Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Музей, алея кіно і пляцоўкі агляду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».