Вы тут

Дні Мінска пройдуць у Тбілісі


Шэраг мерапрыемстваў запланаваны на 21—23 сакавіка. Нягледзячы на тое, што пабрацімскія адносіны паміж дзвюма сталіцамі завязаліся не так даўно — у верасні 2015-га, сяброўства можна назваць вельмі цесным. Чаго варта хоць бы тое, што грузінскае народнае свята «Тбілісоба» летась сабрала ў цэнтры Мінска больш за 100 тысяч чалавек.


Аднак культурны складнік — далёка не адзінае, што звязвае Беларусь і Грузію. Як расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр КРЭПАК, цяпер толькі ў Мінску працуе 14 кампаній з грузінскім капіталам, летась прырост тавараабароту склаў 13,5 %. Падчас Дзён Мінска ў Тбілісі асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца эканоміцы. Пройдзе выстава-кірмаш беларускіх вытворцаў, дзе будуць прадстаўлены розныя катэгорыі тавараў: ад кандытарскіх вырабаў і касметыкі да сельскагаспадарчай тэхнікі. Акрамя таго, адбудзецца сумесны бізнес-форум, удзел у якім прымуць кіраўнікі двух гарадоў Андрэй Шорац і Каха Каладзэ. Падчас дзелавой сустрэчы мэры плануюць абмеркаваць і падпісаць праграму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2018—2020 гады.

Урачыстае адкрыццё Дзён Мінска і святочны гала-канцэрт адбудзецца ў Тбіліскім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Шато Руставелі. У ім возьмуць удзел Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь і вядомыя беларускія артысты эстрады, оперы і цырка. У тэатры таксама будзе прадстаўлена ўнікальная фотавыстава «Партрэт горада Мінска», якая пакажа развіццё горада на працягу апошніх стагоддзяў. Да гэтага збор яшчэ ні разу не выстаўляўся разам. Не абыдзецца і без спартыўных спаборніцтваў. Адбудзецца таварыскі матч па футболе, а таксама шахматны турнір сярод юных гросмайстраў.

Акрамя прэзентацыі патэнцыялу Рэспублікі Беларусь у розных сферах, нашы дэлегаты азнаёмяцца з напрацоўкамі грузінскіх калег. Напрыклад, у Грузіі дзейнічае адзіная служба аказання экстраннай дапамогі «112», якая аб'ядноўвае ў адно паліцэйскіх, ратавальнікаў і медыкаў. Таксама цікавы досвед працы сістэмы «Адно акно». Усе дзяржаўныя паслугі ў Тбілісі сканцэнтраваны ў адным месцы — Доме Юстыцыі. Ён арганізаваны па самых сучасных методыках: напрыклад, работнікі розных дэпартаментаў апранутыя ў пэўныя колеры, пашпарты выдае спецыяльны прыбор, а забраць патрэбныя дакументы можна не выходзячы з машыны — іх могуць перадаць праз спецыяльнае акно. Важным этапам сустрэчы стане наведванне агенцтва па інавацыях і тэхналогіях Грузіі, якое збіраецца заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве з Мінскім гарадскім тэхнапаркам.

Супрацоўніцтва з Грузіяй засяроджана не толькі на ўзаемаадносінах двух гарадоў Мінска і Тбілісі, зараз, напрыклад, прапрацоўваецца пытанне паставак электробусаў «Белкамунмаш» для Батумі. Гаворка ідзе пра доследную эксплуатацыю, паколькі трэба праверыць, як тэхніка зможа прыстасавацца да гарыстага рэльефу горада.

У цяперашні час Мінскам заключаны пагадненні аб пабрацімскіх адносінах з 27 гарадамі свету. Ужо ў красавіку ў межах Дзён Мінска ў венгерскай сталіцы ў гэты спіс павінен трапіць Будапешт. У горадзе непадалёк ад пасольства нават з'явіцца своеасаблівы куток Мінска. Сярод маштабных мерапрыемстваў, запланаваных на найбліжэйшы час, таксама Дні Мінска ў Санкт-Пецярбургу. Яны пройдуць у першым паўгоддзі 2018 года.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Сустрэча мэраў, бізнес-форум і шахматны турнір

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».