Вы тут

Расліны, якія даюць нам фарбы


Фарбаваць тканіну людзі пачалі бадай што адразу пасля таго, як навучыліся яе вырабляць. Вядома ж, выбар колераў быў у той час вельмі абмежаваны. Але паступова людзі выявілі расліны, якія з’яўляліся самымі лепшымі фарбавальнікамі. І, вядома ж, акультурылі іх.

Самая вядомая з іх – індыгафера фарбавальная,  што вырошчваецца ў многіх трапічных краінах, але родам яна з Індыі. Таму фарбу, якую атрымліваюць з гэтай расліны, і назвалі “індыга”. Менавіта яна надае сіні колер джынсавай тканіне, але гэта цяпер… А раней індыга выкарыстоўвалі для афарбоўкі тканіны і ў Старажытным Егіпце, і ў Антычнай Грэцыі, і ў Рымскай імперыі. У той час гэта быў даволі дарагі фарбавальнік, і такую тканіну маглі сабе дазволіць толькі правіцелі і арыстакраты. Цяпер жа, калі сінюю фарбу паспяхова і ў вялікай колькасці сінтэзуюць з нафтапрадуктаў, каштоўнасць індыгаферы фарбавальнай рэзка знізілася (як і цэны на сам фарбавальнік). Але людзі па-ранейшаму працягваюць яе вырошчваць.

Яшчэ адна расліна, якую калісьці шырока выкарыстоўвалі для афарбоўкі тканіны, – вайда фарбавальная. Акультурылі яе вельмі даўно, і менавіта ёй старажытныя егіпцяне афарбоўвалі тканіну, што прызначалася для абгортвання мумій. А ваяўнічыя пікты сіняй фарбай, атрыманай з вайды, размалёўвалі твары і целы перад боем.

Фарба з вайды была больш таннай і даступнай нават простым людзям. Але затое блякла-сіні колер тканіны, пафарбаванай ёю, не ішоў ні ў якае параўнанне з ярка-сінім індыга. Вось чаму са з’яўленнем мноства сінтэтычных фарбавальнікаў вайда страціла былое значэнне, і сёння яе вырошчваюць толькі як прыгожую дэкаратыўную расліну.

Расліннымі фарбавальнікамі фарбуюць не толькі тканіну, але і валасы. Адна з такіх фарбаў называецца “хна”, і атрымліваюць яе з лаўсоніі некалючай, якая добра расце ў зоне гарачага і сухога клімату і па начах вельмі спецыфічна пахне.

Лаўсонію некалючую здаўна культывуюць у краінах Паўночнай Афрыкі, у Іране і Індыі. З яе лістоў, якія збіраюць у час цвіцення, а потым высушваюць і расціраюць у парашок, і вырабляецца хна – самая вядомая і распаўсюджаная фарба для валасоў. Да таго ж, яна не толькі надае валасам прыгожы чырвона-залацісты колер, але і ўмацоўвае іх.

Дарэчы, басма, якая афарбоўвае валасы ў чорны колер, таксама атрымліваецца з лаўсоніі. Дакладней, з хны, куды дадаюць яшчэ расцертыя ў парашок лісты ўжо вядомай нам індыгаферы фарбавальнай.

Цікава ведаць

Існавалі раней і іншыя фарбы для тканіны, якія нашы продкі атрымлівалі з раслін. Напрыклад, фарбу колеру хакі выраблялі з кары і ягад ядлоўца; зялёны колер давала маладая бярозавая лістота, жоўты – карані конскага шчаўя, чырвоны – кветкі святаянніку. А з валошак калісьці атрымлівалі прыгожую сінюю фарбу, ды вось сакрэт яе вырабу незваротна страчаны.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.