Вы тут

Талакой можна зрабіць родны куток яшчэ больш прыгожым


Малая радзіма пачынаецца з парадку на зямлі. Прычым калі аб ім дбаюць не толькі мясцовыя ўлады, але і арганізацыі, прадпрыемствы, жыхары. Талакой можна зрабіць родны куток яшчэ больш прыгожым, утульным і камфортным для жыцця і адпачынку. Менавіта так лічыць старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Чакун.


— Цяжка паверыць, але там, дзе калісьці былі закінутыя мясціны, цяпер добраўпарадкаваныя зоны адпачынку. Там, дзе ў нас стаялі непрывабныя пустуючыя дамы, зелянее ніва, — прызнаецца Святлана Уладзіміраўна. — За апошнія 10 гадоў знесены 1435 дамоў. Радасна і разам з тым сумна. Хочацца, каб вёскі жылі, каб тут звінелі дзіцячыя галасы. Але рэальнасць такая, што сельскае насельніцтва старэе, дэмаграфічная сітуацыя пагаршаецца. Тым не менш трэба, каб нашым людзям, нават у малаколькасных аддаленых вёсках, жылося зручна, камфортна. Каб на малую радзіму прыемна было вяртацца тым, хто адсюль даўно з'ехаў.

Штогод у Клецкім раёне зносяць больш як 150 пустуючых і старых домаўладанняў і прыцягваюць у сельскагаспадарчы абарот звыш 100 гектараў зямлі. Навялі парадак у адным населеным пункце — бяруцца за іншы. Прычым падключаюць да справы ўсе арганізацыі і прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, мясцовых жыхароў.

Сваю ролю ў плане добраўпарадкавання адыгралі і раённыя конкурсы на найлепшы сельсавет і орган тэрытарыяльнага самакіравання. Вынікі іх падводзіліся на раённым свяце працы, пераможцы атрымлівалі прэміі... Але тры гады таму фармат конкурсаў змяніўся. Цяпер, каб паўдзельнічаць у іх, трэба прадставіць у аўтарытэтную камісію творчы праект і абараніць яго, даказаць, што ён найлепшы сярод іншых.

Зразумела,на рэалізацыю трох самых лепшых творчых работ у раённым бюджэце прадугледжаны сродкі: за першае месца — 800, другое — 600 і трэцяе — 400 базавых велічынь. Разам з тым пераможцы далучаюць да справы дэпутатаў, жыхароў, прадпрыемствы і арганізацыі, прыватныя структуры, спонсараў. У выніку пачынаючы з 2014-га кожны год у раёне з'яўляюцца як мінімум тры акультураныя, уладкаваныя мясціны — тры часцінкі роднай зямлі.

Напрыклад, толькі ў 2015 годзе ў аграгарадку Сіняўка на месцы звалкі зрабілі надзвычай цікавы аб'ект «Крыніца». Тэрыторыю акультурылі, праклалі дарожкі, устанавілі малыя архітэктурныя формы, лаўкі. Здаўна бытуе павер'е, што ў гэтай крыніцы гаючая вада, па якую едуць людзі з Клецка, суседніх раёнаў і абласцей... У тым жа Сіняўскім сельсавеце каля вёскі Нарэшавічы добраўпарадкавалі «Лебядзіны востраў». На беразе возера можна цудоўна адпачыць: тут ёсць душавыя кабінкі, мангалы, лаўкі, пляцоўка для правядзення розных свят, стаянка для аўтатранспарту... У аграгарадку Даматканавічы паміж будынкам сельвыканкама і Домам культуры з'явілася зона, абсталяваная ўсім неабходным для адпачынку дзяцей і дарослых. У аграгарадку Грыцэвічы пабудавана шматфункцыянальная пляцоўка, якую па меры неабходнасці можна выкарыстоўваць для правядзення кірмашоў, масавых мерапрыемстваў, у якасці аўтастаянкі.

Па-сапраўднаму здзіўляе парк у аграгарадку Янавічы. Зона адпачынку з альтанкамі, прыгожыя асфальтаваныя дарожкі, вялікая клумба, гульнявая пляцоўка для дзяцей з арэлямі, валейбольная пляцоўка, сцэна з амфітэатрам для выступленняў артыстаў. Парк названы ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы, вядомага на ўсю краіну былога старшыні племзавода «Чырвоная зорка» Іосіфа Іосіфавіча Плаўскага. На ўваходзе — памятная дошка з яго партрэтам.

У гэтым знакавым месцы мы прызначылі сустрэчу старшыні Красназвёздаўскага сельвыканкама Рыгору Масло.

— Парк закладзены ў 1989 годзе ў гонар 50-гадовага юбілею прадпрыемства, — увёў у курс справы Рыгор Іванавіч. — Пасадачны матэрыял бралі ў мінскім батанічным садзе, а ўсяго тут налічваецца трыццаць відаў дрэў. У 2016-м наш сельсавет заняў першае месца ў конкурсе праектаў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў і атрымаў прэмію 800 базавых велічынь. Гэта дало магчымасць зрабіць зялёную зону камфортнай для адпачынку і прыгоднай для правядзення розных мерапрыемстваў.

У канцы мінулага года камісія таксама вызначыла тры найлепшыя праекты. Іх аўтары задумалі зрабіць нешта арыгінальнае, не падобнае да таго, што было рэалізавана іх калегамі ў папярэднія гады. Такім чынам, у парку аграгарадка Кухчыцы высадзяць зялёны лабірынт. А ў аграгарадку Шчэпічы мяркуецца размясціць... сем цудаў свету.

— Мы імкнёмся, каб у сельскай мясцовасці людзі жылі не горш, чым у горадзе, каб былі забяспечаны ўсімі сацыяльнымі дабротамі. Нядаўна газіфікавалі аграгарадок Заастравечча. Сёлета ў планах правесці газ у аграгарадку Морач. У найбліжэйшай перспектыве «блакітнае» паліва прыйдзе ў аграгарадок Лазавічы, — расказаў старшыня Клецкага райвыканкама Аляксандр Ломскі. — На вёсцы ненармаваны рабочы дзень, цяжкая праца. А яшчэ трэба рана падняцца, каб распаліць у печы, прыгатаваць дзецям сняданак ды адправіць іх у школу... Таму ўваходзім у становішча вяскоўцаў, імкнёмся ствараць для іх камфорт.

Акрамя таго, апошнім часам мясцовыя ўлады робяць акцэнт на актыўным будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах — там, дзе ёсць попыт. Пытанне пакуль аналізуецца, вывучаецца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Каб сродкі не распыляць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.