Вы тут

Знаёмыя незнаёмцы, або Суседзі ў вялікім горадзе


Сустракаю сёння ў ліфце суседку, а яна мне на поўным сур'ёзе: «З Новым годам!» Я вачыма лыпаю: не выспалася, думаю, мая цёзка, ці што? А яна мне з усмешкай тлумачыць: «Мы ж з табой сёлета яшчэ не бачыліся»... Яно і праўда: жывём дзверы ў дзверы, падтрымліваем нармальныя суседскія адносіны — вітаемся, цікавімся, як справы, ведаем, як імёны, а вось з Новым годам так і не павіншаваліся, дый сапраўды за гэтыя два з паловай месяцы нідзе не перасякаліся. А каб зайсці адна да адной, хоць у навагоднюю ноч павіншаваць, хоць проста так, — пра гэта нават і думкі няма. Мы і так для суседзяў у шматкватэрным доме праграму максімум выконваем.


Дарэчы, пра тое, што суседка — мая цёзка, мы даведаліся гадоў праз пяць пасля таго, як у новы дом засяліліся. Ішлі мы неяк разам з прыпынку, гаварылі пра надвор'е, і раптам яна мне: «Слухай, а як цябе завуць?» — «Алена. А цябе?» — «І мяне». Дзякуючы гэтаму нечаканаму дыялогу ў мяне была нагода спытаць, як завуць яе мужа і сына, а так бы і заставаліся яны дагэтуль «бацькам і сынам з 41-й». Бо чым больш часу праходзіць з пачатку сумеснага пражывання на адным паверсе, тым больш няёмка такія рэчы, пра якія звычайна на першых хвілінах знаёмства дазнаешся, пытаць...

Вось, напрыклад, у 36-й жывуць бацька, маці, сын і дачка. І кошка. З усімі (акрамя, канешне, кошкі) вітаемся, але, паколькі жывуць яны ў самым дальнім кутку нашай кругавой пляцоўкі, далей гэтага наш камунікат не ідзе. Праўда, аднойчы каля смеццеправода я злавіла іх кошку (адкуль, уласна, пра яе і ведаю). Пухнатае стварэнне, пэўна, неўпрыкмет выскачыла ў адчыненыя дзверы, а гаспадары ляглі спаць, не заўважыўшы, што гадаванка не дома. Карацей кажучы, разбудзіла я іх у палове першай ночы, прычым званіла доўга і настойліва. Здзіўленне на заспаным твары сына было яшчэ тое. Вось тады б, скарыстаўшыся момантам, і спытацца, як уцякачку завуць, а заадно так нязмушана працягнуць: «А вас?» Але момант быў упушчаны, і гэты сімпатычны хлопец так і застанецца назаўсёды «сынам з 36-й», як герой Ігара Касталеўскага ў вядомай камедыі — «сынам Міласердава».

Суседа з 37-й завуць Іван. Ведаю гэта, бо нам з ім давялося быць панятымі, калі ў безымянных чарговых кватарантаў у 38-й шукалі наркотыкі. Тады, падпісваючы пратакол, я згледзела не толькі яго імя, але і тое, што ён на два гады маладзейшы. Як завуць мяне, Іван, я думаю, не ведае: аднойчы, вяртаючыся з нейкай гулянкі, званіў мне ў чатыры раніцы ў дамафон і пяшчотна так прасіў: «Малыш, упусці мяне, я ключ згубіў»... Яшчэ ён зрэдку можа зайсці папрасіць солі або зараднае для тэлефона. Карацей, з Іванам мы амаль сябры.

У 38-й цяпер новыя гаспадары, зрабілі рамонт, паставілі даражэнныя ўваходныя дзверы. Іх я ніяк не запомню ў твар: сустракаеш на пляцоўцы і не ведаеш, ці то гэта хтосьці з гаспадароў, ці то іх госць. На ўсякі выпадак вітаюся з усімі. Часцей за ўсё не адказваюць. Пэўна, усё-такі госці...

Суседка з 39-й, чые дзверы бліжэй за іншыя, — дама асабліва занятая, вітаецца на хаду. Пагаварыць з ёй так ніколі і не ўдалося. З ёй жыве цыбаты хлопец (дворнічыха Паліна сказала, што пляменнік, але як завуць яго, як і тую імклівую суседку, яна таксама не ведае). Гэты не вітаецца ніколі, нават калі адначасова адмыкаем дзверы ў кватэры, амаль судакранаючыся спінамі. Пэўна, лічыць сябе часовым кватарантам.

Яшчэ я суседзям з восьмага паверха, чыя кватэра прама над маёй, пішу пісьмы, хоць іх саміх ніколі не бачыла. І вешаю іх на дзвярах у тамбуры, бо ў сам тамбур патрапіць немагчыма. Караоке дурнымі галасамі ў чатыры раніцы або рагі бруднай вады ў кухні на шпалерах не могуць заставацца незаўважанымі. Некалькі разоў (пасля пісьмовых папярэджанняў) я нават выклікала міліцыю... Цяпер у ліфце, як хтосьці націскае кнопку восьмага паверха, насцярожана гляджу яму ў твар: можа, менавіта ён (ці яна) не давалі ноччу спаць. Гэтаксама, як і яны, напэўна, глядзяць на ўсіх, хто едзе на сёмы. Мы застаёмся адно для аднаго інкогніта, і так, можа, яно і лепш.

Усіх астатніх жыхароў нашага 113-кватэрнага дома (насельніцтва адной вялікай вёскі) я выбарачна пазнаю ў твар. Ды яшчэ... па сабаках: сустрэўшы далекавата ад дома мопса ў чырвонай камізэльцы або самотнага вялізнага дварняка, у вачах якога чытаецца мара аб будцы або вальеры, нават не ўзіраючыся ў іх гаспадароў, ведаеш: гэта нашы. З некаторымі з «землякоў» ветліва вітаемся: тут ужо справа суб'ектыўнай сімпатыі. І гэта максімум, чаго варта чакаць ад зносін з людзьмі, з якімі жывеш у адным доме ўжо, дзякуй богу, чатырнаццаты год...

«Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку... На чацвёртым паверсе жыве ўдавец Кяневіч з падлеткам-сынам, не дужа цікавы чалавек, а насупраць яго, з мамаю, Росцік Грыбок, чалавек дваццаці аднаго годзіка... Другі паверх. На ягонай пляцоўцы жыве лекар, да якога я, дзякуй богу, яшчэ ніколі не хадзіў і хадзіць не хачу і вам ніколі не раю, і няхай ён увогуле застанецца без працы і гладыёлусы разводзіць. Бо ён псіхіятр і, здаецца, працуе ў доме вар'ятаў. Імейка ягонае, да вашага ведама, Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі. Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г. д...»

Шчыра: я зайздрошчу герою «Чорнага замка...» Як і яго аўтару, які ўсяго нейкіх сорак гадоў назад, не сумняваюся, пісаў гэтыя радкі з асабістага досведу.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».